І далей у аўтобусе зваротна ў Менск мы будзем яшчэ горш сябе паводзіць, адзначаючы перамогу "Чалавекансэрвы". Цімур будзе хваліцца й пець песьні, я — праклінаць пасажыраў і ссаць у праход між сядзеньнямі... Тады ў тым аўтобусе была В. разам зь сяброўкаю, менавіта яна чытала Грышкаўца раніцою па дарозе ў Віцебск, менавіта яна, едучы зваротна, чытала нейкі часопіс і глядзела на нас такімі спалоханымі вачыма, якія па памерах нагадвалі карычневыя міні-талерачкі... І яна яшчэ тады даведалася, хто я такі — недарэчны, злосны, незадаволены сваім жыцьцём чалавек, які спрабуе пісаць прозу...
Мы вярнуліся ў Менск, накіраваліся зь Цімурам працягваць піць, дызайнэры з аўтобуса клялі нас, але ня моцна, усе былі стомленыя і проста радыя, што даехалі й вызваліліся ад нашае кампаніі... З В. пасьля гэтага падарожжа мы ня бачыліся два гады, пакуль аднойчы не сутыкнуліся на Купальлі, акурат у Вязынцы. Я тады таксама быў ня надта ахвочы да стасункаў з грамадзтвам, аточаны Цімурам, Зьмітром і Ігарам. Было вельмі сьпякотна й туманна, у нас быў пяршак і намёт, мы былі пʼяныя ўшчэнт, бегалі па беразе ракі бяз вопраткі, крычалі, мацюкаліся, чыталі вершы, а пад раніцу елі сырыя шашлыкі й да ўсяго згубілі разабраны намёт... В. тады даведалася, што ў нас дзейнічае літабʼяднаньне "Вобла", і паабяцала прыйсьці, і памылкова мне дастаўся вянок зь дзьмухаўцоў зь ейных малочных рук... Урыўкі купальскай ночы размаітыя, але дакладна ведаю — я шкадаваў, праз гэты пʼяны ўгар я шкадаваў, што такая неверагодная дзяўчына (а я нарэшце яе разгледзеў і нават здолеў крыху пагутарыць) другім разам бачыць мяне цалкам неадэкватным, растаўсьцелым дурнем, да ўсяго яшчэ й напаўраспранутым.
В. пачала хадзіць на нашае літаратурнае абʼяднаньне, прыносіла вершы, прыводзіла сябровак, чытала, мы абмяркоўвалі, я чытаў, астатнія чыталі й абмяркоўвалі, пасьля выпівалі... Мне неабходна было наноў завязаць зь ёю знаёмства, зрабіць так, каб яна па-іншаму пачала на мяне глядзець, што было неверагодна цяжка, бо я ўжо быў запісаны ў ейную кнігу ўспрыманьня людзей як адзін з самых злых і гнюсных пачвараў... Але я прыдумаў такую рэч.
Праз колькі месяцаў мусіла выйсьці ў выдавецтве "Галіяфы" ў сэрыі "Другі фронт мастацтваў" мая першая кніга брудных апавяданьняў, кніга-інтэрпрэтацыя таго, што мяне хвалявала, кніга-алюзія на мой унутраны сьвет, кніга-лячэньне, кніга-псыхааналітычная-багна, кніга-экзыстэнцыя... і я запрасіў яе дапамагаць мне з вокладкаю.
На той момант я ўжо меў фотакалаж Юры Кузьняцова, але мне трэба было сумясьціць калаж разам са шрыфтом і памерамі вокладкі... Такім чынам мы захрасьлі на некалькі вечароў з працаю на кватэры сяброўкі В.
Мы пачалі адасабляцца ад агульнай тусоўкі пісьменьнікаў, і гэта было лягічна: мой сьвет пераходзіў у валоданьне В., а таксама я разумеў, што шмат каму проста не даю жыць са сваімі апавяданьнямі, таму не было ахвоты на камунікацыю... Я ня бачыў сэнсу ў сваёй літкампаніі, дзе ўсё падавалася нібыта несапраўдным, чымсьці лжывым, толькі два чалавекі мяне там падтрымлівалі, але й яны кудысьці потым падзеліся... І вось, В. працуе над маёю вокладкаю, а я думаю над тым, як бы так зрабіць, каб акрамя працы ў нас зьявіўся вечар адпачынку, кавярня, можа быць, шпацыр па парку альбо паход на якую выставу. Праз гэтыя хваляваньні й развагі я пакутаваў, праводзіў вольныя вечары за бутэлькамі разам зь Цімурам, і адным вечарам я яму проста сказаў, што закаханы ў В. і трэба, каб ён дапамог вырашыць гэтую праблему. І мы, выпіўшы, набраліся нахабства й патэлефанавалі ёй і дамовіліся на сустрэчу ўвечары, калі было ўжо за дзесяць гадзін.
Я скончыў размову па мабільным тэлефоне і, не стрымаўшыся, закрычаў, заскакаў па парку Адама Міцкевіча, акурат ля ягонай марна сядзячай бронзавай постаці, я радаваўся, як дзіця, і Цімур са мною таксама. Гэта для мяне было вялікім крокам, вырашальным.
І вось вечар, ужо ноч, мы, гуляючы, апынуліся ў кватэры сяброўкі В., сьвятло выключана, усе адпачываюць, я ляжу на падлозе, насупраць ляжыць В., яна ўжо сьпіць, я яе буджу, яна скрозь сон мармыча, што ня сьпіць і чаго я ад яе хачу, а я проста адразу і кажу: "Я цябе кахаю", ціхенька кажу, баючыся гэтых слоў. І раптам В. шырока расплюшчвае вочы й аслупянела глядзіць на мяне, шакаваная. Я яе кахаю, я, чалавек, які яе абразіў, паводзіў сябе, як апошні ёлупень, зь якім у яе чыста працоўныя стасункі. Нейкім невядомым чынам яна сёньня гуляла зь ім у парку — і ён закахаўся!? Яна, спалоханая, падскоквае з падлогі й ляціць падыхаць сьвежым паветрам на гаўбец. Мне сорамна, я ня ведаю, што рабіць, толькі сэрца калоціцца, і вусьцішна ад таго, што яна скажа, калі вернецца ў пакой.
Читать дальше