Вячаслаў Ракіцкі: Але ў 1991 годзе камуністычны саюз раструшчыўся ўшчэнт і беларусы засталіся сам-насам з усім тым вялікім светам, які пра іх, замураваных у імперыі, раней нічога не ведаў. Бо дагэтуль, як ужо казалася, для вялікага свету ўсе беларускія навукоўцы, спартоўцы, майстры культуры і палітычныя дзеячы былі «рускімі» ці «савецкімі». А тут аднекуль знянацку з’явіліся нейкія беларусы… Дык давайце далей пагаворым, як сёння беларусаў успрымаюць там, дзе раней іх ніколі не было.
— У 1991 годзе незалежная Беларусь нагадвала мне чалавека, які не мае свайго ценю. Усё ў яго быццам як у людзей, але ценю няма і яму ад гэтага ніякавата. Тут пад ценем я маю на ўвазе нацыянальны міф, праз які мы перадусім і адрозніваем для сябе той ці іншы народ. Зрэшты, у гэтым сэнсе сітуацыя і сёння не надта змянілася. Таму для бальшыні людства беларусаў па-ранейшаму няма — нават там, дзе з намі сустракаюцца наўпрост. Рэч тут вось у чым… Гэта суцэльная аблуда, быццам па асобнаму чалавеку вызнаюць народ ці краіну. За камуністамі, калі чалавека выпраўлялі ў замежжа, дык адпаведныя органы абавязкова нагадвалі: глядзі, трымайся годна, па табе будуць меркаваць аб усім савецкім народзе… Глупства. Усё адбываецца цалкам наадварот. Праз нацыянальную міфалогію мы ўжо наперад ведаем, якімі мусяць быць, скажам, італьянцы ці французы. Вось чаму вельмі часта можна пачуць здзіўленае: дык ён зусім не падобны да ангельца, гішпанца ці каго там яшчэ. Гэта значыць, той замежнік не адпавядае нашаму ўяўленню пра ягоны народ…
Вячаслаў Ракіцкі: Вашую тэзу я зразумеў. Дык, зыходзячы з гэткай тэзы, якім будзе ваш адказ на пастаўленае ўжо мною пытанне: як беларусаў сёння ўспрымаюць у свеце?
— Мой адказ будзе кораткім і катэгарычным — аніяк. І якраз таму, што чалавека нельга ўспрымаць беларусам, пакуль беларусы не прыдбаюць сабе больш-менш выразны нацыянальны міф, які будзе хоць трохі вядомы ў свеце.
Вячаслаў Ракіцкі: Гэта значыць, што за мяжой беларусаў пакуль пераважна ўспрымаюць не як беларусаў, а як проста людзей, якія жывуць у нейкай загадкавай краіне пад назвай Беларусь. Так?
— Менавіта так. І таму кожны раз гэта іншая ацэнка, якая залежыць ад канкрэтных грамадзянаў Беларусі, што сутыкаюцца з замежнікамі — як і ад самой сітуацыі, у якой адбываецца гэтае сутыкненне. Вось толькі адзін прыклад. На пачатку дзевяностых, калі былым савецкім грамадзянам дазволілі масава выязджаць за мяжу, у Польшчы атабарылася ладная сціжма бандыцкіх груповак з Беларусі, якія займаліся рэкетам паязджанаў у Еўропу. Тады ў палякаў склалася трывалае ўяўленне, што беларусы — гэта спрэс агрэсіўныя і бязлітасныя рабаўнікі. Шчыра кажучы, калі я ўпершыню пачуў гэткае меркаванне, то хіба і міжволі, але нават як бы ўзрадаваўся, бо так апрыкла ацэнка беларусаў, як нягеглых гаротнікаў, не здатных да хоць якіх рашучых учынкаў… Але з цягам часу польскія ўлады ўправіліся з тымі бандамі, і палякі пакрысе забыліся на беларусаў, як на адважных злодзеяў. Цяпер яны нас ужо зноў шкадуюць — няшчасных ахвяраў палітычнага гвалту.
Вячаслаў Ракіцкі: Разам з тым, шмат хто лічыць, што якраз дзякуючы такой палітыцы, якая не характэрная для сучаснай Еўропы, Беларусь сталася досыць вядомай у свеце, прынамсі — еўрапейскім…
— Натуральна, усім нам хацелася б, каб вядомасць беларусаў шырылася праз розныя станоўчыя «брэнды», а не праз адмоўныя. Аднак, як на маё разуменне, фармаванне нацыянальнага міфа адбываецца незалежна ад нашых жаданняў. Ніколі наперад нельга ведаць, якога кшталту падзея ці палітычная фігура будзе прэзентаваць твой народ перад усім людствам. Да прыкладу, хто б у сваю пару мог сабе ўявіць, што князь Дракула (насамрэч — Улад Цэпеш), адзін з найвялікшых садыстаў свету, які пасадзіў на кол тысячы няшчасных — некалі станецца загалоўным чыннікам румынскага нацыянальнага міфа. А возьмем міф нямецкай нацыі. Ён жорсткі і нават страхалюдны, але гэта вялікі міф…
Не трэба блытаць нацыянальны міф з каляднай казкай для дарослых. Міф зусім не абавязкова мусіць падабацца тым, каго ён прэзентуе. Істотна тут адно тое, каб ён быў, і быў менавіта як міф, а не як анекдот. А пакуль яго няма, мы застаемся падобнымі да чалавека без уласнага ценю.
Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы заўсёды жылі ў атачэнні шырокага кола суседзяў. Да таго ж, як і іншыя народы, яны і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі, а значыць, бачылі вялікі свет і мелі свае меркаванні пра розныя народы. Аб гэтым мы можам прачытаць і ў старажытных хроніках, і ў пазней запісаных шматлікіх успамінах. Таму ў працяг нашай гаворкі аб тым, якімі бачацца беларусы іншым людзям, мне хацелася б пагаварыць аб вобразах розных народаў, што замацаваліся ва ўяўленні беларусаў. І зноў жа не столькі пра гэтыя вобразы, колькі пра тое, як праз іх беларусы выказваюць самі сябе.
Читать дальше