Тут, на невялікім абшары «камяністай», «гары стай» лагойскай зямлі, было ўсё для Янкі Купалы дарагім і блізкім, тут — усе вобразы і тэмы яго твораў. І калі паэт кажа ў сваёй аўтабіяграфіі, што такія найбольш буйныя і значныя творы, як «Адплата кахання», «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі», «Тутэйшыя», «Зімою», «Сват», «Страх», «За што», ён напісаў «з жыццёвых фактаў», то трэба разумець, што гэтыя факты ён узяў якраз у сваіх родных мясцінах. Распытайце людзей з вёсак, якія акаляюць Акопы, і вам раскажуць ці не пра ўсіх прататыпаў купалаўскіх герояў. Напрыклад, пра тое, што Сцяпан Крыніцкі з камедыі «Паўлінка» — гаспадар недалёкага ад Акопаў хутара Рубеж Гіляры Аўлачынскі, што Якім Сарока — не хто іншы, як вандроўны настаўнік Мечыслаў Багдановіч з хутара Верацейка што ў аснове драмы «Раскіданае гняздо» — рэальныя падзеі з недалёкай вёскі Прытыкі, дзе быў гаспадар, якога пан выгнаў з зямлі, што ў паэме «Нікому» таксама расказваецца пра сапраўдны выпадак, пачуты паэтам у адной з вёсак пад Тайнай. Многія творы Янкі Купалы заснаваны на мясцовых паданнях, казках, песнях, якія добра ведаў паэт, якія збіраў і запісваў. У кнізе «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981) яе складальнік Г. В. Кісялёў змясціў цікавы дакумент — камандзіровачнае пасведчанне ад 17 чэрвеня 1921 г., выдадзенае І. Д. Луцэвічу «ў тым, што ён камандзіруецца на хутар Акопы Радашковіцкай воласці для збірання ў раёне воласцей Радашковіцкай, Гайна-Слабадской і Бяларуцкай Мінскай губ. этнаграфічнага матэрыялу, які датычыцца народнай творчасці, а канкрэтна: запісванне песень, казак і г. д., а таксама адшукванне і набыццё рэдкіх кніг і рукапісаў». Зем лякі паэта добра помняць, як ён запісваў па вёсках разам з настаўнікам Васілём Рынковічам мясцовы фальклор. Сястра Рынковіча — Анастасія Рынковіч з Вудаў — прыгадвае тры сшыткі з фальклорнымі запісамі, якія рабілі Янка Купала і яе брат...
Акопы былі для Янкі Купалы тым жа, што Міхайлаўскае для А. С. Пушкіна, Тарханы — для М. Ю. Лермантава, Спаскае-Лутавінава — для І.С. Тургенева, Ясная Паляна — для Л. М. Талстога, Меліхава — для А. П. Чэхава, Мікалаеўшчына — для Якуба Коласа. Усе гэтыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю выдатных людзей, сталі сапраўды народнымі святынямі, куды людзі ідуць не толькі для таго, каб ушанаваць іх памяць, пакланіцца іх генію, але і перанесціся ў атмасферу творчасці выдатных пісьменнікаў, убачыць яе вытокі, а значыць, і лепш зразумець яе. Як гэта ні дзіўна, але вытокі творчасці нашага вялікага паэта Янкі Купалы мы па сённяшні дзень не можам паказаць свету, самім сабе. Ці не таму, што мы проста не ўяснілі для сябе, якія мясціны лічыць «малой радзімай» паэта, яго сапраўднай калыскай.
Так, у нас вельмі многа зроблена і робіцца для ўшанавання памяці народнага песняра, у тым ліку мясцін, звязаных з яго біяграфіяй. Створаны цудоўны Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску, там, дзе стаяла перад вайной хата паэта, філіял музея ў Вязынцы, месцы яго нараджэння, другі філіял у Л яўках, дзе была дача песняра. Усё гэта вельмі добра. Але непараўнальна большае значэнне, чым, скажам, Ляўкі, мела для Янкі Купалы тая зямля, якая ўзгадавала яго, надзяліла яго вялікім дарам паэта, дзе кожны ўзгорак і камень, палетак і пералесак, ручай і дрэва звязаны з яго бессмяротнымі творамі.
Думаецца, нашай грамадскасці варта б было падумаць над стварэннем тут мемарыяльнага комплексу, каб паказаць вытокі творчасці вялікага паэта. Для гэтага — вядома, не адразу, недзе ў перспектыве — неабходна перш за ўсё ўзнавіць дом мацеры паэта ў Акопах. Так, гэта не проста. Тут цэлы шэраг розных складанасцяў. Але іх, я ўпэўнены, можна пераадолець. Тым больш што ў краіне назапашаны ўжо немалы вопыт узнаўлення разбураных, зруйнаваных сядзіб, звязаных з імёнамі выдатных людзей. Як вядома, двойчы ўзнаўляўся дом А. С. Пушкіна ў Міхайлаўскім (першы раз ён згарэў у 1919 г. і зноў адбудаваны ў 1937 г., у другі раз дом спапяліла вайна, і ўзноўлены ён быў у 1949 г.), згарэў і зноў быў адбудаваны дом М. Ю. Лермантава ў Тарханах. З руін былі ўзняты сядзібы Рэпіна ў Пенатах, Чэхава ў Меліхаве, Тургенева ў Спаскім-Лутавінаве. Не вельмі даўно з-за неабдуманасці будаўнікоў быў разбураны, але хутка адбудаваны нанова дом Грыбаедава ў Маскве — у гэтым доме цяпер музей выдатнага рускага пісьменніка.
Колькі гадоў назад «Литературная газета» змясціла артыкул П. Вайнштэйна «Болдзінскі ўрок» з вельмі яскравым падзагалоўкам: «На памылках вучацца... але ці не лепш пазбягаць іх». У артыкуле ішла гаворка аб недапушчальнай безадказнасці да зберажэння пушкінскага запаведніка ў Болдзіне, што прыводзіла да яго разбурэння. Толькі дзякуючы ўмя шанню Дзяржкамітэта па грамадзянскаму будаўніцтву і архітэктуры пры Дзяржбудзе СССР пачалося ўзнаўленне пушкінскай святыні. Савет Міністраў РСФСР зацвердзіў цэлы шэраг помнікаў музея-за наведніка, якія павінны быць узноўлены і рэстаўрыраваны на працягу 1982-1990 гадоў. Згодна з новым праектам, развіццё раённага цэнтра Вялікае Болдзіна прадугледжана за межамі гістарычнай часткі сяла, звязанага са знаходжаннем у ім Пушкіна. Пабудовы, якія перашкаджаюць запаведніку, намечана знесці, а зруйнаваную па непаразуменню царкву, пабудаваную дзедам паэта, узнавіць. Аб'ектамі музейнага паказу стануць, апрача галоўнага дома з экспазіцыяй аб жыцці і творчасці паэта і кухня, канюшня, лазня. У былой прыгонніцкай канторы будзе разгорнута экспазіцыя аб быце прыгонных сялян, а ў памяшканні царквы — пра падзеі рускай гісторыі і ўдзеле ў іх сваякоў А. С. Пушкіна. На сядзібе сына паэта, у сяле Львоўка, можна будзе пазнаёміцца з экспазіцыяй «Народ у творчасці А. С. Пушкіна». Пралягуць і пешыя, і аўтамабільныя маршруты для турыстаў не толькі па Болдзіне, але і ў запаведны гай Лучыннік, што, як гаворыцца ў артыкуле, нашэптваў паэту вершы, а таксама ў іншыя навакольныя сёлы і вёскі, якія помняць Пушкіна. Вернута будучыня і пушкінскаму Кісцянёву, вёсцы, якую мясцовыя праекціроўшчыкі былі ўключылі ў спіс неперспектыўных. Міністэрству сельскай гаспадаркі РСФСР сумесна з Горкаўскім аблвыканкомам даручана забяспечыць будаўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, жылых дамоў і аб'ектаў культурна-бытавога прызначэння не толькі ў Кісцянёве, але і ў Вялікім Казарынаве, Чарноўскім, Апраксіне, Новай Слабадзе — населеных пунктах, неадрыўных ад музея-запаведніка.
Читать дальше