— Хто яны? Навошта і адкуль? Чаму я адначасова тут і там? Адчуваю ж плячыма зямлю, пальцы рук перабіраюць травінкі, і разам з тым я сярод постацяў-зданяў. І таксама разам з імі плыву, а не іду па вуліцах без сметніц і выхлапных газаў. Мноства птушак навокал. Паўсюдна. Але ніводнай вароны».
І раптам Антак заўважыў прыгожанькую з твару дзяўчыну. Зграбную, як лялька, у старамодным строі. Яна стаяла каля ўваходу ў майстэрню па рамонце гадзіннікаў і таксама, прыязна ўсміхаючыся, пазірала на хлопца. Па гадах яна роўня яму. Хоць, скажыце, хто бярэцца вызначаць узрост у дзяўчат да дваццаці гадоў? Толькі неспанатраны і бяздумны рызыкант возьме на сябе такі ненадзейны чын. Знаўца жаночых загадак адмовіцца адразу.
Поўненькія вусны дзяўчыны варушыліся. Яна нешта гаварыла, звярталася да Антака, але ён не мог пачуць ані слова. Сітуацыя да смешнага нагадвала нямое кіно. Толькі вось хто глядач і дзе кінамеханік? — зразумець немагчыма. Усміхнуўшыся ў чарговы раз, дзяўчына няўлоўным рухам прачыніла дзверы ў майстэрню і знікла ў цемнаватым праёме. Хлопец толькі заўважыў, як дробненька задрыжэў увесь будынак. Нібы рабацінне ад кінутага каменьчыка прабегла па застаялай вадзе азярца.
— Але ж жыхары гэтага горада паміж сабою неяк кантактуюць... Не могуць жа яны заставацца нямымі? — разважаў сам-насам Перуновіч. — Відаць, нешта з маім слыхам... Ці ў гэтым горадзе я пакуль чужы, выпадковы навалока? Тым больш, што, здаецца, акрамя дзяўчыны мяне тут ніхто не заўважае і ніяк не рэагуе. Можа, гэта і да лепшага. Я быццам падглядаю-зазіраю ў забароненае праз шчылінку. Брыдкавата і нядобра гэта, але ж не я вінаваты.
У маўклівым роздуме мінула некалькі хвілін. Антак упінаўся позіркам у дзверы майстэрні, але яны не шалахнуліся. Паўз будынак спяшаліся размаітыя постаці. Вецер паддзімаў непрыкрытыя валасы на галовах жанчын, а з аднаго паўнацелага і напудранага спадара нават сарваў цыліндр. Капялюш пакаціўся пад колы лімузіна, але шаноўны пан не звярнуў на гэта ўвагу. Машына праехала, і асірацелы цыліндр застаўся ляжаць, пакінуты пасярод дарогі.
«Што ні месца, то свае звычкі і правілы. Так яно, відаць, і павінна быць».
Зверху нечакана грымнула: адрывіста і хлёстка. У тое ж імгненне сыпануў дождж. Порсткі і буйны. Кроплі як боб. Хлопец наважыўся схавацца пад брылёк старой будыніны з прыступкамі, але заўважыў, што ніводная дажджынка не намачыла яго апратку. Ды і гараджане не заўважалі навальніцы. Яна быццам была і ў той жа час яе не існавала.
— Хутчэй за ўсё дзяўчыну я сёння ўжо не пабачу, — прашаптаў сам сабе Перуновіч і няспешна пашкандыбаў па вуліцы ў бок недалёкага сквера.
Навокал пасвяжэла. Святлейшымі падаліся прывідна-рэальныя дамы, майстэрні і лаўкі, людскія постаці як быццам убіраліся ў цела: знікала з іх ранейшая расплывістая прывіднасць. А лістота на дрэвах рабілася насычана зялёнай ды напаўняла наваколле непаўторным пахам лета. Дождж ішоў, грымела навальніца, але адначасова дажджу і не было (гэта як у сне: трапляеш у хуткаплынную рэчку, захлёбваешся вадой і ў той жа час адчуваеш, што ўсё тваё цела сухое).
«Ну як гэта можна растлумачыць, Божа мой літасцівы», — хлопец азіраецца, круціць галавою, каб зачапіцца позіркам хоць за нешта, што змагло б вытлумачыць яго заблытаную разгубленасць, зразумець незразумелае. Але гараджане праходзяць заспакоеныя і прасветленыя, як быццам усе яны жыхары вечнага Раю. Без аніякіх праблем, клопатаў і турбот.
«Ё-маё, гэта вар’ятня, а не Рай! — пераконваецца Перуновіч. — Так жыць нецікава. Не хачу я акварыумнага існавання».
— Не бойся, даражэнькі, — чуе ён над самым вухам і паварочвае галаву. Побач з ім упадабаная паненка, што заходзіла ў майстэрню. На твары тая ж шчаслівая ўсмешка, на руках пальчаткі цялеснага колеру.
— Ты навічок, мо таму ўсяго і палохаешся. Я адразу заўважыла, што ты не з нашых і закінуты сюды выпадкова ці па чыёйсьці найвялікшай просьбе. Такое рэдка здараецца, каб жывы ўбіваўся ў наш свет.
— Прабач, а як цябе... — спахапіўся Антак.
— Анэляй клічуць мяне, а маці называла Ганэлька.
— Што гэта за месца, патлумач, калі ласка. І чаму я тут і ў адначассе там, — Перуновіч апусціў вочы.
— Ведаеш, усё не так проста, як можа падацца напачатку, — дзяўчына ўзяла хлоп¬ца пад руку, але Антак не адчуў гэтага дотыку, яго быццам і не было.
— Гэта не горад, Антак, а велькі свет Продкаў.
— Адкуль ведаеш маё імя? — на лбе хлопца з’явіліся зморшчынкі.
— Тут усе і пра ўсё ведаюць. Таму і пастарайся не здзіўляцца таму, што пачуеш або пабачыш... — дзяўчына памаўчала, узіраючыся ў люстраное шкло кавярні. — Я некалі была тваёй нявестаю. Некалі. Толькі ж разбежка ў часе не дала магчымасці злучыцца нам разам, ды яшчэ мая ранняя смерць ад сухотаў многае перайначыла. Але справа не ў гэтым. Я ўсё роўна твая была, ёсць і заўсёды буду. Кожны дзень я кладуся разам з табою і першай адганяю ад цябе сны. Заўсёды радуюся шчаслівым хвілінам твайго жыцця і з усіх сілаў бараню ад няшчасцяў і праблем, якія толькі-толькі збіраюцца абрынуцца ды насунуцца на цябе. Заўсёды засцерагаю ад непажаданых крокаў і ўчынкаў, якія затым адгукнуліся б душэўнымі ды цялеснымі пакутамі. Я...
Читать дальше