— Пан, яна кранк, ду біст ніх страляць...
Вар’ятка прадаўжала рагатаць.
— Цурук, — гаркнуў на вяскоўцаў нейкі афіцэр. Усе адразу зразумелі, што гэта значыць і адышліся. Грымнуў адзін, потым другі стрэл. Прадаўжаючы рагатаць, жанчына ўпала.
I раптам той жа афіцэр на чыстай рускай мове загадаў:
— Зарыть! Имеют право на жизнь те, кто здоров и верен нам. Все остальные должны умереть...
Забітую пахавалі ля могілак. На могілках не дазволіў хаваць усё той жа дзед Баўціль. Гады праз два маленькі курганок зраўняўся з зямлёй. Не ўспамінала пра той выпадак і Вера; быццам яго ніколі не было.
Чаму ж цяпер той забыты выпадак ускалыхнуў усё нутро? Таму, што поруч з ёй ідзе Бэдзя — няшчасная ахвяра вайны. Але ж і раней яна чула, такія расказы, а вось жа не задумвалася над імі. А ці задумваласяіяна наогул над жыццём? I раптам апякла думка: можа і не бачыла яна таго жыцця?
Верыны думкі перапыніў Бэдзя.
— Тывырыш зытыхнык, можа вы прывезлі з сабой мудрасць вучоную?
— Якую мудрасць? — здзівілася Вера.
— Кнігі якія-небудзь. Веды — цудадзейны бальзам, які працягвае жыццё чалавека.
Вера ўспомніла, што, збіраючыся ў Закружжа, яна захапіла з сабой блузкі, спадніцы, бялізну, духі і не ўзяла ні адной кнігі. У апошні час яна і не помніць, калі бралася за кнігу, вядома, апрача падручнікаў. Усё не хапала часу.
— Хіба ў бібліятэцы няма кніг?
— Прачытаў ужо ўсе. Ды вы, таварыш заатэхнік, не думайце, што я зглумлю кнігу. Рэч гэтая даражэй за золата. Ад золата — вар’яцеюць, ад кніг — разумнеюць.
— Пакул у мяне няма, не прывезла, — растлумачыла яна. — Як толькі паеду ў горад, абавязкова прывязу, тады прыходзьце. Вы найбольш якую літаратуру любіце?
— Бальзак — сэрцу майму блізкі. А то яшчэ Ралан...
У далечыні паказаўся лагер. Размова зноў спынілася. Да кашары дайшлі моўчкі.
Бэдзя адразу ўзяўся за працу: паднёс бітоны, збегаў у выгарку за вадой, насек дроў, распаліў вогнішча пад вялізным катлом. 3 будана вылез другі пастух Дзямід Пракуда, даўгалыгі, з сівой барадой мужчына. 3 Верай ён прывітаўся спаважна, распаліў кароценькую піпку і, пасмоктваючы яе, запытаўся:
— Панаглядаць прышлі?
— Наглядчыкаў у вас, мабыць, хапае і без мяне, — не вельмі прыхільна адказала Вера.
Старшы пастух чамусьці ёй не спадабаўся.
— Справядліва сказана.
— Колькі малака цяпер надойваеце?
— Менш трох бітонаў не бывае.
— Не многа.
— Па сёлетняй траве не блага. Павыгаралі выпасы.
— Трэба старацца...
— Стараемся, таварыш заатэхнік.
Да іх падыходзілі даяркі. Гэта былі ў большасці старыя жанчыны; вылучалася сярод іх адна, высокая, чорнавалосая з белым прыгожым тварам. У яе былі выгнутыя вузкія бровы, і ад таго здавалася, што паглядае жанчына на Веру здзіўленым позіркам.
Спачатку даяркі маўчалі, але як толькі Вера загаварыла пра надоі — бязладна загаманілі, перапыняючы адна другую.
— Доім во які год, а замест прэміі хвігу...
— Глядзі, атрымаеш!
— Дзеўкі хай бы кароў даілі...
— Надояць!
— Каторая дык і даёнку ніколі не трымала...
— Дамірыха хай падоіць.
— Плявузгаеш нямаведама што. Тая ў труну глядзіць.
— Усе там будзем.
— Цябе чорт туды не зацягне.
— Працадзень ад надояў ідзе. А малако я адкуль браць буду?
— У выгарцы.
— Па чарзе хай бы даілі...
Жанчыны, мабыць, яшчэ доўга крычалі б, але тут падышоў брыгадзір Раман Дзяжэвіч, нізенькі, кругленькі чалавечак.
— Чаго, бабачкі, раскрычаліся? Галубачкі, ясачкі, усё вам будзе, дайце толькі срок, будзе вам і белка, будзе і свісток. Табе, Дар’я, чобаты пашыем, жоўтыя, на высокім абцасе і пеўнямі вышытыя. Помніш, як у артысткі, што залетась прыязджала.
Дар’я замахала рукамі.
— Не хачу я чобатаў. Хай бы бахілы купілі.
— Бахілы само сабой. На свае вушы чуў, як Даміра Лёньку лаяў: купі, кажа, маім дарагім даяркам бахілы. Ды не простыя, а лакіравакыя. Заслужылі, кажа, яны ў мяне іх. I зноў жа, карэспандэнт які прыедзе, адразу відаць — культурная ферма.
— Чулі ўжо...
— Далібог, вось каб я з гэтага месца не сышоў, — Дзяжэвіч пастукаў кулаком у грудзі. — Купяць, і шабаш дзела. А табе, Агапа, пуцёўку дамо ў Маскву. На самалёце паляціш.
— Каб разбілася яшчэ...
— Дзівачка ты, Агапа Абрамаўна, паляціш, і шабаш дзела. Залетась, як я ў сына быў, дык на самалёце сам лятаў. Мякка, чай падносяць. Пі сабе на здароўе, і шабаш дзела.
Жартачкамі, кепікамі Дзяжэвіч супакоіў жанчын. Даяркі павесялелі, перакідваліся словамі.
— Гэты ўлагодзіць...
— Ат, трэці год абяцае.
Читать дальше