Халуста крута павярнуўся да яго тварам.
— Ну, хопіць з цябе рубля, Хаім. Гэта на барыш.
— Пяць,— рашуча адказаў Хаім.
— Пя-аць! Ты што, здурнеў?
— Калі здурнеў, то здурнеў. Пяць.
— Хаім!..
— Пяць.
Халуста гатовы быў парваць на кавалкі праклятага млынара, кінуцца на яго з кулакамі, шпурнуць з ганка дадолу, растаптаць, аднак толькі бездапаможна сціснуў кулакі.
— Хопіць з цябе два, Хаім! Чуеш?
— Чатыры.
Халуста зрабіў выгляд, што думае.
— Ну, два з паловай, Хаім... Ліха матары тваёй, ты мяне рабуеш! — раптам заенчыў ён.— Два з паловай хопіць!
— Тры з паловай.
Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Ён зусім забыў, што млын возьме ды перакуліцца.
— Слухай, Хаім... Два з паловай. Што табе значыць рубель! Адзін рубель! Адзін рубель. Цьфу! Хіба ты жабрак!
— Тры з паловай.
— Тры. Ліха матары тваёй! Няхай будзе роўна тры.
Хаім нібы і чакаў гэтага.
— Тры дык тры. Няхай будзе роўна тры.
Халуста паваліўся на мяхі і зарагатаў на ўвесь млын, хоць у душы было зусім не да смеху.
— А каб ты выпух, Хаім! Чаму ж ты адразу не сказаў тры?!
— А чаму ты, Яўхім, не сказаў адразу тры, а сказаў адзін?
Яны моўчкі паглядзелі адзін на аднаго.
— Якога ж ты работніка дасі мне, Хаім? — нарэшце запытаў Халуста.
— Добрага.
— Адкуль ты ведаеш, што ён добры? Ты мне скажы, хто ён, адкуль, як яго завуць?
— Якаў. Яго завуць Якаў. А прозвішча Шэмет.
— Шэмет? А што гэта за Шэмет?
— Ён прыехаў з горада.
— З горада? — аж падскочыў Халуста.— Ты мне даеш гарадскога гультая, можа якога сацыяліста, арыштанта, басяка, злодзея, катаржніка, ды яшчэ тры рублі хочаш за гэта ўзяць.
— Ша! — сказаў Хаім.— Арыштанты і катаржнікі ў турме. А гэты хлопец тутэйшы, ён сам з Чыжэвічаў. Я яго даўно ведаю. Ён у пана Крупскага парабкам быў, потым тры гады ў горадзе працаваў. Ён усё ўмее рабіць, нават каваць.
— У мяне свой каваль ёсць! Нашто мне каваль? — закрычаў Халуста.
— Ну, то няхай ён не куе! Няхай ён арэ, барануе, малоціць! Уга! Ты яму работу знойдзеш.
— Дзе ты яго выкапаў, такога добрага?
— Я быў у яго брата Піліпа. Там быў і ён. У маёнтак ісці не хоча. Не любіць пана Гендарсана. І пан Гендарсан яго таксама не любіць. Але я яму нічога не сказаў. Цяпер скажу.
— Ліха матары тваёй! Я ж і сам мог бы яму сказаць!
— Дурны. Каб ты сам з ім пагаварыў, то ён не пайшоў бы. А калі я з ім пагавару, параю яму, пахвалю цябе, то гэта іншая справа.
— Калі ён да мяне прыйдзе?
— Заўтра. Я яго дашлю.
— Ты ж не забудзь! У мяне работніка няма.
— А ты не забудзь тры рублі.
Гэтыя словы дзерпанулі Халусту за жывое. Ён ужо сабраўся ісці дамоў, але ўспомніў, што не зрабіў таго, што задумаў. Ён глянуў на вяровачку, якую трэба было толькі пацягнуць, каб націснуць камень, і сеў на зэдлік. Хаім тым часам прымацаваў да скрыні пусты мех і пачаў згартаць у яго муку. Халуста цярпліва чакаў, покуль ён кончыць гэтую работу. Хацеў нават памагчы Хаіму, але той сказаў:
— Запыліцеся, пане Яўхім.
— Нічога, пане Хаім, я і так ужо запыліўся.
Калі Хаім пачаў завязваць мяхі, Халуста выбраў хвіліну і пацягнуў за вяровачку. Хаім стаяў спіною да яго і нічога не бачыў, а на душы ў Халусты адразу стала лёгка і соладка. Нішто яму не прыносіла такой радасці, як зло, якое яму ўдавалася зрабіць другому. А гэта яму ўдавалася заўсёды.
— Дык, пане Хаім, ты ж дашлі мне таго Якава.
— Дашлю, пане Яўхім.
— Бывай здаровенькі.
— Шчасліва.
Калі Халуста выйшаў, Хаім адразу падняў камень. Яму не трэба было бачыць, як Халуста яго націскаў. Ён па муцэ пазнаў, што той прыклаў руку да яго млына. А Халуста зларадна думаў, спускаючыся па лесвіцы: «Я цябе навучу малоць, ліха матары тваёй! Тры рублі... Бачыш ты яго! Тры рублі... А за што? За якую скулу? Трасцу я табе дам, а не тры рублі...» Аднак, крыху падумаўшы, зразумеў, што аддаць усё роўна прыйдзецца. Так ці інакш, а Хаім яму іх не даруе. Ён выбера і час, і месца і пацягне так, што злупіць не тры, а цэлых пяць.
На дварэ зіхацела сонца. На ржэўніку абапал дарогі вісела павуцінне. Набліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Ад Хаімавага млына ён ішоў проста да свае кузні. Здалёк убачыў, што ў сына хапае работы, бо каля кузні стаяла некалькі падвод з плугамі і баронамі.
Халуста заскочыў у кузню. Мікалай трымаў у горне лямех, высокі пажылы мужчына вагаў рычаг ад мяха, а двое сядзелі каля дзвярэй і курылі. Халуста замест «дзень добры» вылаяўся і памкнуўся быў накінуцца на сына, але той выхапіў з горна белы распалены лямех і, махнуўшы каля самага бацькавага носа, імкліва паклаў яго на кавадла. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Такія жарті*і ў бацькі з сынам адбываліся не адзін раз. Мужчыны, што былі ў кузні, пакаціліся з рогату. Халуста падхапіўся з зямлі, агледзеў сябе ашалелымі вачыма, памацаў нос, потым падышоў да дзвярэй кузні (зайсці туды ён больш не адважваўся) і кляў сына так, як умеў. А клясці ён умеў не абы-як.
Читать дальше