- Што, не разумееш нашай мовы?
- Чаму, ведаю.
- Дык ты наш, а я гляджу вось на шапку, на мундзір і думаю, што хлопцы ўжо недзе афіцэра злавілі.
- Не, дзядуля, гэта партызан, а форма яму такая патрэбна, - сказаў Валодзя.
- Старая мая нешта занядужала, дык я вам сам чаго-небудзь паесці дам.
Цімох пайшоў у бакоўку і вярнуўся з місай агуркоў і кавалкам сала. Партызаны селі за стол.
- Дзядуля, вы часам не ведаеце, у вашай вёсцы, можа, ёсць жанчына, у якой былі б сваякі ў Слабадзе? - запытаў Валодзя.
- Гм, пачакай, падумаю... - Стары пачаў пяцярнёй расчэсваць сівую бараду і ўслых пералічваць: - У Аўдоцці - не, у Зінкі - не, у Надзькі - не, у Алены - так, яна сама са Слабады, а сюды замуж выйшла.
- Яна маладая?
- Не, парахня ўжо сыплецца.
- Ну, а зможа яна там што-небудзь даведацца, заўважыць? - працягваў Валодзя.
- У-у, яна хітрая баба.
- Дзе ж нам пераспаць крыху?
- Дзяўчыне я на канапе пасцялю, а вам прынясу саломы, на падлозе давядзецца.
- А сенавал у вас ёсць?
- Ёсць.
- Мы туды лепш пойдзем.
- Ідзіце сабе. А я ўжо спаць не буду.
- Чаму?
- Пайду на вуліцу. Мала што, можа, чорт немцаў адкуль несці будзе, дык я здалёк чую.
Правільна гэта ці не, але Валодзя звычайна не выстаўляў вартавых. Сяргееў лаяў яго за гэта, але ж ён не падпарадкоўваўся. Дыверсанты часта начуюць у тых вёсках, дзе знаходзіцца вораг. Колькі разоў група спынялася і праводзіла дні і ночы ў Слабадзе. Прыйдзе скрытнымі мясцінамі ў двор надзейнага чалавека, размесціцца на сене і адпачывае. Па вуліцы праедуць немцы, паліцэйскія, недзе каля лесу акружаць і ператрасуць колькі двароў, а група ў бяспецы. Там, дзе немцы стаяць, яны не бегаюць кожны дзень у сотні хлявоў. А пастаў вартавога, ён адразу ж узніме трывогу. І вось тут пакідай вартавога і ўцякай або ўвязвайся ў бой. А так адпачыў, паклаў міну пад бок ворагу і пайшоў.
Праўда, звычайна гаспадары ўсё роўна трывожацца і ідуць на варту, як сёння дзед Цімох. Такую варту Валодзя прызнаваў. Дзядуля можа і з немцамі пагаварыць, і заўважыць іх настрой: паедуць яны далей праз вёску ці спыняцца тут. Дзед Цімох вярнуўся ў хату, калі ўжо добра развіднела. Валодзя перадрамаў у Валінай маці і цяпер не заснуў. Ён чуў, як ляпнуў дзвярамі дзед Цімох. Валодзя саскочыў з сенавала і пайшоў услед.
- Ведаеш, сынок, над Слабадой было нейкае зарава, і ўвесь час узвіваліся ракеты, - такімі словамі сустрэў дзядуля Валодзю. - Туды небяспечна ісці, там нешта здарылася.
- Я ведаю, там на нямецкага генерала замах быў, але невядома, чым усё скончылася. Скажыце, Алена ад вас далёка жыве?
- Не, цераз хату.
- А як яна да партызанаў?
- У яе сын лейтэнант у арміі.
- Дык трэба схадзіць да яе.
- Як хочаш, а не, дык я магу запрасіць сюды.
- Прашу вас, дзядуля, запрасіце.
Стары, ссутуліўшыся, пайшоў за дзверы. Валя роўна дыхала на канапе, сціснуўшы пухлыя губы. Валодзя падышоў і прытуліўся тварам да дзявочай шчакі. Успырхнулі яе чорныя вейкі. Яна закрыла рукою вочы, павярнулася і ціхім голасам прамовіла:
- Гэта ты, Валодзя, а я такі сон толькі што бачыла... і ты разбудзіў.
- Добры?
- Не ведаю, цябе бачыла...
- Я тут быў, дык ты і бачыла.
- Не, мы былі не тут. Потым раскажу, яшчэ пасплю крыху.
Бразнула клямка, і ў хату ўвайшлі дзед Цімох з Аленай. Па стомленых блакітных вачах, па маршчынках на твары было відаць, што жанчына перанесла за жыццё нямала пакут. І цяпер яе вочы былі мокрыя, нібы толькі што яна плакала.
Як высветлілася, у сорак першым годзе п'яны немец застрэліў яе мужа. А летась гітлераўцы схапілі ў Жлобіне на базары дачку і звезлі ў Германію.
- Скажыце, у вас ёсць хто ў Слабадзе са сваякоў? - звярнуўся да цёткі Алены Валодзя.
- А як жа, сястра там жыве.
- Дзе яна там жыве?
- Ды каля мосціка.
- Цудоўна, гэта ад калгаснай лазні недалёка?
- Ага, там.
- Цётачка, мы б вас вельмі прасілі схадзіць у Слабаду і разведаць, што там здарылася ў гэту ноч. Сястра будзе ведаць.
- Я ўсё і сама збіралася, але ніяк не выбралася. Добра, я зараз і схаджу. Я ўжо ўправілася. Тады сюды зайсці да вас?
- Так, сюды. Вельмі прашу...
Жанчына пайшла. А дзядуля ўзяў міску, хлеб і панёс у другую палавіну хаты, напэўна, бабулю карміць. Валодзя сеў і задумаўся. А што, калі б за гэты час, пакуль жанчына сходзіць у Слабаду, збегаць у Дубовую Граду да маці. Яна там недзе страшэнна хвалюецца за яго.
Устала Валя.
- Я ўжо не заснула, як ты разбудзіў.
- Спі, яшчэ рана. Я думаю ў Дубовую Граду прабегчы.
- Што, Зіну наведаць? - крыва ўсміхнулася Валя. - Дык яна яшчэ не радзіла.
Читать дальше