Пёс... плакаў. Другі раз у жыцці бачыў гэта Будрыс, сам зараз гатовы зараўці.
– Не плач, Амур. Ну што, на самай справе... Што табе тут? Дождж, звяры дзікія. Табе гэтага і трэба? Ён з табою на паляванне хадзіць будзе. I памрэш ты ў яго ў доме сваёй смерцю. Усыпляць ён цябе не павязе, не той чалавек. Ён пра гадасць такую і не падумае нават. А я да цябе ў госці прыеду. Ну, бывай, Амур.
Сабака лізаў яму рукі. Доўга лізаў. Пасля адышоў і сеў ля Будрысавых ног.
– Севярын! – раптам амаль крыкнула яна. – Ды не рвіце ж вы мне сэрца! До ўжо. Бо я не вытрымаю.
– Да сустрэчы, браце, – сказаў Дзянісаў. – Харошы ты чалавек.
– Ды й ты... дужа харошы чалавек.
Яны абняліся. Пасля грузавік крануўся з месца. Дзянісаў крэкнуў, махнуў рукою і пайшоў у дом.
...Сабака сядзеў у кабіне, побач з шафёрам. Паважна глядзеў наперад, бы развітваўся з мясцінамі, па якіх бегаў яшчэ шчанюком.
Мужчына і жанчына стаялі ў кузаве, успёршыся на кабіну.
– А можа, і сапраўды вернемся? – сказаў ён. – Гэта, па-мойму, найлепшае месца ў свеце.
– Але. Мне было тут лепш за ўсё ў жыцці.
– I мне.
– Мне было з табою заўсёды добра.
– I тады, калі вадаспад і ліяны?
– I тады.
– I пасля, у доме арнітолагаў?
– I тады.
– А лепей за ўсё?
– Хата. Калі з'явіўся леапард. I калі ён пайшоў. I заўсёды... Дзякуй.
Скалы, лясы і горы хутка скончыліся. Плылі, перамяшчаліся хрыбты, пакуль не закрылі сабою цясніну, вузкую дарогу ў падзь.
Шафёр гнаў машыну па беразе, проста па ўтрамбаваным пяску, па прыбойных лужынах – аж разляталася вада, – па жвіры, і ўсё ж даставіў іх на прыстань, калі да яе падыходзіў белы марскі катэр "Ізумруд".
– I ўсё ж, калі ты будзеш? Ну, супакой яшчэ раз.
– У суботу.
– Кінь, Амур. – Севярын убачыў, што сабака цягне яе за прыпол да катэра. – А як не будзе катэра? Паўтары мне.
– У сераду разам з катэрам запаведніка. – Вочы яе ўсміхаліся праз слёзы.
– Не трэба сонца праз дождж. Хай адно сонца, – папрасіў ён. – Пачнецца ж у сераду вечнае лета? Га? Бачыш, Амур, яна прыедзе. Кінь прыпол. Скажы нам, што прыедзеш.
Яна моўчкі затрэсла галавой.
...Катэр даў гудок. Яна прыціснулася да яго. Пасля з цяжкасцю адарвалася.
– Ідзі. Не сумуй гэты час... Моцны мой... Раз ты з кошкамі ваяваў... – нешта душыла яе. – Ну што з табой можа зрабіць нейкае там?.. Хай бы і самае кепскае.
I, узяўшы яго галаву ў далоні, не саромеючыся людзей на палубе, не звяртаючы ўвагі на цікаўных прыстанскіх баб, горка, страшна пацалавала яго ў вусны. Нібы ўсю душу ўклала ў адзін пацалунак.
Будрыс бачыў, як яна махала хусцінай, як пасля, уся сагнуўшыся, пайшла да машыны. На хвіліну яму захацелася скочыць за борт і паплысці да берага.
Цяжка, смяротна ён шкадаваў пасля, што не зрабіў гэтага.
Постаць на беразе знікла. Знікла машына. Знікла ўрэшце і прыстань.
I тут Севярына ўразілі нейкія страшныя, дзікія гукі...
...Гледзячы на бераг, усім целам падаўшыся да яго, гаротна, з несуцешным адчаем, як па нябожчыку, выў Амур.
...У суботу яна не прыехала. Будрыс, які чакаў яе на трэцім прычале, даведаўся, што "Ізумруд" прыйшоў з Тыгравай ва Уладзівасток яшчэ ўчора, у пятніцу.
Ён засмуціўся, што давядзецца яшчэ некалькі дзён прабыць без яе, але ўвогуле ўспрыняў гэта, як належнае. Не ведала. Спазнілася. Прыедзе ў сераду катэрам запаведніка.
Калі прыйшла серада, ён узяў Амура і пайшоў з Васілём Паўлавым сустракаць.
– Варушы шчупальцамі, біч, – нязлосна кпіў Паўлаў. – Дачка гаспадара таверны чакае цябе. Яна выплакала вочы, выглядаючы тваю татуіраваную морду з ілюмінатара бацькавай карчмы.
– Слухай, ты кінеш ці не?
– Увянчаны лаўрамі, укрыты шнарамі і славай, ён, аднак, прагнуў сціплага палявога букета з яе рук. Толькі яго.
– Ну, дальбог...
– Люблю індзейцаў і караімаў, – на ўсю вуліцу абвясціў Паўлаў.
Прахожыя пачалі азірацца на іх. Паўлаў ішоў з непарушнай мордай саліднага бацькі сямейства. У яго былі манеры і хада члена палаты лордаў. Затое Севярын усміхаўся на поўны рот, праўдзівей, душыўся са смеху.
– I арапаў таксама люблю!
Нейкі сівенькі стары спыніўся і з дакорам паківаў на Будрыса галавой:
– Гэ-эх, малады чалавек. Фуліганіце. А яшчэ з сабакам.
– З тых, што кроў праліваў, – шэптам сказаў Паўлаў. – Толькі невядома, ці ў Сямёнава, ці ў самога барона Унгерна. "Разграмілі атаманаў..." Увага! Увага! Паважаныя грамадзяне Уладзівастока. Унікальны цыркавы нумар! Толькі ў нас! Леапарды сярод публікі. Адзін – Будрыс – Адзін. Залаты медаль абісінскага негуса. Заваяванае сэрца ягонай дачкі.
Читать дальше