– А што... – сказаў Гражыне Севярын. – Дзіва!
– Хіба яшчэ такое дзіва бывае, як іх уначы лавіць, – чамусьці вельмі стрымана сказала Тацяна.
Будрыс заўважыў позірк, якім яна абмянялася з мужам, і зразумеў, што вось гэтым вельмі добра і што яны нізавошта на свеце не абмяняюць свайго вандроўнага лёсу. I яму стала трохі сумна.
...Яны не ведалі, што ім казаць адзін аднаму. I няёмкасць гэтая рабілася ўсё болыш неадольнай.
– Што вы бачылі сваім свежым вокам? – спытала дзяўчына.
– Амур нешта непакоіўся. I гэтыя... як іх... крумкачы, вароны... Ну, дзюбастыя такія... зграяй дрэва абселі.
– Японскія даўгадзюбыя. – Яна раптам устала. – Ах, як жа гэта вы? Якая нядбайнасць! Слепата!
Нібы ўзрадавалася, што можна нейкім дзеяннем разбіць няёмкасць.
– Дзяўчынка, – з перасцярогай сказала Тацяна, – не будзь зласлівай. Адкуль ён мог ведаць?
– У чым справа? – спытаў Севярын.
– Справа ў тьм, – сказаў Сакрат, – што там, непадалёк, нехта паміраў... або быў забіты. Вароны чакалі, пакуль памрэ.
– Чалавек? .
– Наўрад... Але хто ведае...
Севярын устаў, скінуў рукзак.
– Я павінен быў здагадацца. Прабачце. Я пайду туды.
I ўклаў патроны ў дубальтоўку. Пайшоў да рэчкі. Яму здалося, што Тацяна сказала нешта. Рэзкім тонам. Тонам, у якім пераважаў дакор. Яму было ўсё адно. Ён злаваўся на дзяўчыну, але найбольш злаваўся на сябе. Якога д'ябла яго панесла сюды! I гэтыя думаюць чорт ведае аб чым. I яна. Ды і што можна падумаць! Прыцёгся, ёлупень, галава дурная! Хіба магчыма загадзя ведаць, як зразумеюць твае ўчынкі людзі? Будуць яны верыць у чысціню тваіх намераў або не?
Ён ішоў і лаяў сам сябе, калі раптам убачыў, што Амур стаў і глядзіць назад...
...Гражына даганяла яго. Ішла сваёй размеранай, няспешнай, вельмі прыгожай хадою. На хаду ўвагнала ў стрэльбу патрон, зачыніла казённік, перакінула дубальтоўку цераз плячо.
– Нашто вы ідзяцё? – спытаў ён.
– Прабачце, я не мела рацыі.
– Маглі б і застацца. Карысці з вас і там будзе мала.
– Вельмі злуеце на мяне?
– На сябе.
– А вось гэта і дарэмна. Я... не злую на тое, што вы прыйшлі... Наадварот... Толькі нязручна было сказаць пры іх.
– Лепей бы вы сказалі пры іх, а мне пасля – што хочаце, чым выстаўляць мяне ідыётам.
– Я... не хацела гэтага, – у вачах цёплая пакора і пачуццё віны.
– Прыгожая вы наша! Нашто вам гэта? Будзьце вы добрая. Так гэта вам пасуе. А то – дзікая котка. Восем кілаграмаў сто пяцьдзесят грамаў.
– Даруйце мне. Ну, дайце ваш лоб, даўжэзны бамбіза.
Абяззброены, ён ішоў побач і бурчаў:
– Як нябожчыка... Узнагарода... "Я на подзвіг цябе праваджала".
Гражына смяялася, гледзячы на яго.
– Ну, мілы, добры, буркатлівы... Даруйце мне, калі ласка. Іначай памру ад згрызотаў сумлення.
– Хітры вы народ, жанчыны, вось што.
Севярын адчуваў, што яны падыходзяць да месца.
– Тут, здаецца. Толькі варон не відаць.
– Дачакаліся, значыцца, – бязгучна сказала яна.
Рушылі ў зараснікі. I тут са страшным гвалтам ірванулася праз хмызы і лістоту, залямантавала, нібы на смерць, варонячая зграя. Чорнымі крыламі ўцемрыла святло.
– Вось, – сказаў ён.
Дробны падрост піхтачак і кедраў быў у адным месцы прымяты, нібы праз яго кагосьці цягнулі, і ў самых нетрах гэтага падросту ляжала нешта. Гэтае "нешта" было плямістае і нерухомае, і нельга было зразумець, дзе ў гэтага нерухомага галава, а дзе азадак. I амаль адразу, з раптоўным пахаладзеннем у спіне, Севярын зразумеў, чаму ён не можа ў гэтым разабрацца.
У забітага ізюбра не было галавы.
– Дарагі, – сказала Гражына, – трымайце стрэльбу напагатове.
– Чаму?
– Ён звычайна адпачывае непадалёк ад забітай здабычы.
– Хто?
– Леапард, – сказала яна.
Другі трывожны акорд аддаўся у залацістым перадвячэрнім паветры. Севярын аглядаўся вакол. Але было ціха. Ціха і пуста.
– Чаму вы думаеце, што гэта леапард? Можа, гэта...
– Тыграў тут не бачылі два гады. Калі б гэта быў чырвоны воўк – падзь пакінулі б усе касулі і алені... Акрамя таго – галава. Леапард, нават сыты, заўсёды адгрызе ў ахвяры галаву: нібы ў вочы баіцца глядзець.
– I ўсё ж забівае? Сыты?
– Сыты. Было ж у яго мяса. А ён зрабіў замах на Амура. Бываюць сярод іх такія... прафесійныя забойцы. Толькі забіваць...
Яна хадзіла вакол месца здарэння, стараючыся не глядзець у падрост, у якім ляжала светла-карычневая, безгаловая і таму пачварная істота.
– Вароны не паспелі папсаваць. Леапард пайшоў нядаўна. I вось яшчэ чаму я кажу: леапард, – след на сырой зямлі. I яшчэ... I яшчэ...
Читать дальше