Невясёлая вярнулася Аўгіня з Вепраў, і не было з кім ёй пагаварыць, развеяць непрыемны настрой, што цяжкім туманам віўся каля сэрца. I не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Васіль яшчэ не вярнуўся ад пана Крулеўскага. Чаго ён пайшоў туды? Аўгіня не ўваходзіла ў Васілёвы справы, і Васіль не дужа ахвотна раскрываў ёй свае карты. Ён не залазіць у яе дробныя жаночыя справы і лічыць лішнім раіцца з ёю ў сваіх планах і гаспадарскіх меркаваннях. У гэтым сэнсе былі ў яго межы, за якія бабе наогул пераступаць не след. Ставіў жа ён Аўгіню перад тым ці іншым канкрэтным выпадкам як перад фактам, які не падлягае ніякаму абмеркаванню, ніякай дыскусіі. Аўгіня не зносіла калатні ў хаце. Яна не любіла надзьмутых і сярдзітых, бо сама была па натуры вясёлая і жывая, а таму часта ўступала, абы было ціха і спакойна ў хаце. Цяпер стан рэчаў павярнуўся так, што з усёю відавочнасцю сведчыў аб ненармальнасці такіх стасункаў і такіх поглядаў на хатнюю згоду, і ў ёй абуджаўся дух пратэсту.
Дзед Купрыян тупаў на двары, прыбіраў клуню, рабіў парадак у хлявах. Старасці ўласціва гэта дбанне аб парадку, аб драбязлівай эканомнасці, ад гэтага старыя людзі бываюць часта бурклівымі. Алеся — ёй было ўжо каля дзевяці гадкоў — сядзела за праснічкаю, завязаўшы чарнявую галоўку даволі замурзанаю хусткаю. Яна прывучалася прасці і смыкала грубыя ніткі кудзелі горшага гатунку, няёмка пакручваючы верацяно і насліньваючы тонкія пальчыкі. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі.
Аўгіня ўвайшла ў хату.
— Прадзеш, мая дачушка? — лагодна, з матчынаю любасцю звярнулая яна да Алесі.
Аўгіня адчула асаблівую ласку да свае дачкі. Алеся ўсміхнулася матцы — яна ўжо ў хаце не дарма есць бацькаў хлеб — і спасцярожлівымі дзіцячымі вачыма, яснымі і чыстымі, як крыніца на цёмным дне, паглядзела ў матчыны вочы. Ад яе погляду не схавалася затоенае засмучэнне маткі. Але яна нічога не сказала ёй.
Першы раз за гады замужаства акінула Аўгіня крытычным вокам хату свайго мужа. Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Значную частку хаты займала шырокая прысадзістая печ з ямкамі, пячуркамі, выступамі, карнізікамі і цэлымі катушкамі па баках, дзе хаваліся розныя рэчы хатняга ўжытку. Ад самай печы да процілеглай сцяны раскінуўся шырокі палок, такі шырокі, што на ім можна класціся спаць упоцерак. У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Каля печы вышэй палка вьіступалі даволі шырокія палаці, дзе асталяваўся дзед Купрыян. Над пярэднім краем палка пад столлю быў прымацаван акуратны ашэстак, увешаны рознаю адзежаю: новымі кажухамі, чорнымі купленымі, жоўтымі з сваіх аўчын, халатамі, світкамі. Звісаючы з ашэстка, адзежа прыкрывала палок і адгароджвала яго ад хаты. Побач з палком каля сцяны стаяў з гарбатым пакатым вечкам пакоўны куфар, акованы лістовым жалезам. У куфры хаваліся яшчэ дзявочыя Аўгініны ўборы і дабро, набытае за часы замужаства: палотны, абрусы, настольнікі, ручнікі, хусткі, паясы, кофты і спадніцы.
Гэты куфар асабліва любіла Алеся. Бывала, астануцца яны з маткаю ў хаце, адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі ў яркія бліскучыя, як агонь, кветкі з ліпкімі доўгімі брыжамі, рознакаляровыя стужкі. Для Алесі збірала маці і хавала гэта дабро, калі яна вырасце вялікаю.
Аўгініна маці не надбала сваёй дачцэ столькі дабра, але сёе-тое прынесла яна ў дом свайго мужа. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Але яно сёння не толькі не радавала Аўгіню, а дакарала і не цешыла.
Тым часам работа ў хаце не чакала. Па прывычцы Аўгіня ўзялася за яе. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач, хлеб расчыніць на заўтра, прынесці вады, дроў накласці ў печ і згатаваць вячэру. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку.
— Кідай, дачушка, прасніцу. Прынясі дзежку з клеці, няхай прыгрэецца ў хаце, — сказала яна.
Алеся патрошку памагала матцы. Аўгіня хацела аддаць яе ў школу, але Васіль не падтрымаў: Алеся і гэту зіму засталася дома. Цяпер Аўгіня цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Аўгіня была порсткая ў рабоце і адна спраўлялася ў хаце. Сама яна была непісьменная. Падзеі апошніх часоў пахіснулі яе погляд на трываласць пэўнага ладу жыцця. Ці даўно Васіль і сама яна дрыжалі за сваю гаспадарку, за свой набытак? Быў цар, яго скінулі. Была адна рэвалюцыя і новае начальства, усё гэта зноў змянілася. Былі бальшавікі. Пачалася новая вайна. Прыйшлі палякі. Але вайна з імі не скончылася, а што будзе далей, невядома. Сённяшні Аўгінін настрой быў такі, што яна нічога не мела супраць таго, каб бальшавікі вярнуліся. Усё ж свае людзі, а не палякі, што адразу пачалі з арыштаў.
Читать дальше