Ужо надвячоркам вярнуўся Васіль Бусыга. Важнасці ў ім было цяпер яшчэ болей, як раніцаю. Пераступіў парог, абабіў снег з закарчанеўшых ад холаду ботаў, акінуў вачыма хату, ці ўсё ў ёй на месцы і ў парадку. Тады зняў шапку, зірнуў на абразы, як бы аддаючы святым падзяку за шчаслівы дзень, і потым, важна надзьмуўшы шчокі, — а гэта азначала, што ён трохі ўтаміўся, — стаў распранацца.
Васіль думаў, з чаго разгаварыцца. Выступаць адразу з паведамлення важнай навіны звычайна не практыкуецца. Так робяць дзеці. Людзі дарослыя падаюць сваю навіну з захаваннем пэўнай паступовасці, вылучаюць зручны момант. Хіба ўжо калі навіна экстраная, важная такая, што можа збіць з ног, то тады дарослыя людзі паступаюць па-дзяцінаму. Кінуўшы скосу погляд на Аўгіню, Васіль крыху сумеўся: Аўгіня ўхілялася глядзець у вочы Васілю. Відаць было, яна чымся засмучана і нездаволена. Гэтай акалічнасці Васіль не ўлічыў, і праграма гутаркі, зложаная ў дарозе, такім чынам парушалася.
— Ну, што ў цябе чуваць? — запытаўся Васіль не па праграме.
— Нічога, — даволі суха азвалася Аўгіня.
— Лепей нічога, чым благога, — дзелавіта заўважыў Васіль. Ён яшчэ болей пераканаўся, што Аўгіня чымся нездаволена, і прычыну гэтага нездавалення ён перш за ўсё адчуў у сабе. У чым жа канкрэтна яго віна? Ён выясніць яе ў далейшай гутарцы. Тым не меней акалічнасць гэта яго трохі расхаладзіла, і праграма яго зусім касавалася, але ён успомніў некаторыя моманты яеі. сказаў так, як думаў раней сказаць:
— Ну, Аўгіня, можаш павіншаваць мяне: я — войт!
— А хто гэта войт і хто паставіў цябе за войта? — варожасць пачулася ў голасе Аўгіні.
Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Не спадабалася гэта Васілю:
— Якая муха ўкусіла цябе сёння?
— Трэба з людзьмі ладзіць, а не з панамі. — Аўгіня на штось намякала. Васіль ускіпеў.
— З якімі гэта людзьмі? Што ты вучыш мяне?
Алеся са страхам зірнула на матку. Дужа баялася яна Васіля, асабліва калі ўваходзіў ён у злосць. Адчула набліжэнне буры і Аўгіня. Сварыцца яна не любіла, але з свае пазіцыі адступаць не хацела. Яна толькі мякчэй сказала:
— Паны твае ў паветры целяпаюцца. Яны так жа хутка могуць пакаціцца назад, як і прыкаціліся. А з людзьмі табе жыць трэба. Паслухаў бы, што людзі гавораць.
— Людзі? Талаш і Рыль? Тфу, твае людзі! Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Волі захацелі? Якой волі? Свавольства! Блазенства! Грабежніцтва! Але пазатыкаюць ім ненаедныя пасткі, гультаям, галадранцам, як старому разбойніку Талашу.
— А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? — не сцярпела Аўгіня.
Злосна паглядзеў на яе Васіль.
— Не на паноў, а на цябе, курыная твая галава. На сябе буду старацца, на дзяцей, на сумленных гаспадароў… Людзей! Разбойнікаў, а не людзей.
Не па праграме выйшла гутарка, і войтаўская годнасць не дужа гладка і зусім без трыумфу ўвайшла ў сваю ўласную хату.
Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў — гэтых здабыткаў людскога розуму, гэтых перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Але весткі хадзілі па глухіх палескіх вёсках. Ад чалавека да чалавека, ад сяла да сяла вандравалі яны тысячамі дарог і сцежак і расказвалі аб падзеях, што тварыліся на Палессі, дзе асталяваліся палякі і заводзілі свой парадак. I ўспрымаліся гэтыя весці па-рознаму. Адных яны радавалі і абнадзейвалі, другіх засмучалі і трывожылі, у залежнасці ад таго, хто іх успрымаў і якія былі весці. Па-рознаму ўспрымалі іх Васіль Бусыга і Аўгіня.
Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Аўгіня ўжо ведала аб арышце Мартына Рыля. Дачуўшыся аб раззбраенні польскага канвоя, яна павесялела: у яе сэрцы радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Васіль Бусыга пахмурнеў: у яго сэрца закралася трывога, ці не было там Мартына Рыля, ці не на волі цяпер Мартын? Непакоіла яго і тая акалічнасць, што дзед Талаш хаваецца па лясах. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Але дзед Талаш не спяшаецца. Або ён не ведае аб арышце Панаса, або штось тоіць на думках. Васілю, як войту, як чалавеку, што бароніць сваё ўласнае права і сваю волю, трэба аб гэтым падумаць і трэба нешта прыдумаць. Не пашкодзіць, можа, параіцца са сваімі аднадумнікамі. У гэтым кірунку шаволяцца Васілёвы думкі.
Читать дальше