Дзіўны і нязвычны малюнак станавіў сабою гэты абоз. Маўкліва і панура сядзелі палешукі ў санях, нехаця паганяючы коні. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў, гарцаваўшых на конях і палайваючых падводчыкаў. То там, то сям з саней падавала свой прарэзлівы голас свіння, бляяла авечка. Усе гэтыя тлумныя, рознагалосныя гукі зліваліся з адрывістаю песняю салдат і з іх сярдзітымі вокрыкамі па адрасу палешукоў-падводчыкаў.
Галава абозу ўжо мінала грэблю, паабапал якой залеглі партызаны і чырвонаармейцы. Здавалася, абоз пройдзе спакойна і нічога не здарыцца. Партызаны сударажна сціскалі стрэльбы ў руках, гатовыя паслаць кулю ў польскага салдата. Але яны чакалі каманды. I раптам, здрыгануўшы паветра, уперадзе пачуўся гук, нібы ляснуў пярун. Гэта гранатчыкі кінулі гранаты ў пярэднюю групу коннікаў. У той жа момант грымнуў залп у хвасце абозу. Паніка, мітусня, суматоха падняліся ў абозе. Коні папудзіліся, крута рванулі хто куды, кінуліся ў хмыз, імчачы за сабою перакінутыя набок або палазамі дагары сані. Залп у цэнтры абозу падняў яшчэ болыпы перапалох і хаос. Тут была самая большая група коннікаў, тая самая, што спявала песню. Людзі, ездакі і салдаты, жывёла, выкінутая з саней, качаліся на снезе. Адзін коннік, астаўшыся на кані пры хвасце абозу, кінуўся ў лес. Наперарэз яму, як з-пад зямлі, выскачылі партызаны пад камандаю Мартына Рыля і штыхамі перагарадзілі дарогу. Конь захроп, падняўся на задніх капытах. Спрытны наезнік, як уліпшы да сядла, выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Мартын карабінам адвёў удар шаблі. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла.
Уся баталія цягнулася некалькі мінут. Болыная палавіна польскіх салдат была перабіта, частка была ўзята ў палон, а трох цяжкапараненых адправілі назад у Ганусы. Яны раскажуць палякам аб гэтай падзеі, і віна ўсім цяжарам не ляжа на вёску Ганусы.
У той жа дзень даведалася Аўгіня аб падзеях у Вепрах. Яшчэ некалькімі днямі раней дачулася яна аб тым, што палякі забралі Мартына Рыля. Сэрца яе зашчымела, ды каму было сказаць пра гэта? Сталася неяк так, што яна ўхілялася гутарак аб Мартыну Рылю, хоць са сваімі думкамі яна гутарыла аб ім, калі часцей і глыбей, а калі проста так, злёгку, з налётам лагодных адчуванняў аб тым, што было калісь. Выкінуць з памяці Мартына або думаць аб ім зусім спакойна, як аб чалавеку, што адышоў ад нас у прошласць, Аўгіня не магла да гэтага часу. Дужа моцна заселі ў сэрцы карані яе першага кахання, каб ад іх не адыходзілі сяды-тады парасткі ціхага жалю, як водгулле смутку аб утраце, якой ужо не вернеш. Часамі толькі з Васілём заходзіла гутарка пра Мартына Рыля. I гутаркі бывалі розныя; часамі ім надаваўся характар лёгкага жарту, а часамі ў яе ўносіўся элемент папрокаў і зайздрасці з боку Васіля. Падставаю для гэтага зазвычай бываў выпадак спаткання Аўгіні з Мартынам і неасцярожна кінуты Аўгіняй погляд яе чараўнічых вачэй на Мартына. Але ўсё гэта мела інтымны характар сямейнага жыцця. Апроч усяго, Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Можа быць, у гэтым дапамагалі ёй яе заваблівыя вочы і ўменне глянуць імі так, каб рассеяць усякія падазрэнні наконт яе адданасці і шчырасці. А можа, і сапраўды была яна такою ў момант праяўлення яе гэтых эмоцый.
У той прыблізна час, калі Васіль Бусыга варочаўся ад павятовага "камісаржа", дзе ён убачыў арыштаванага Мартына Рыля, і разважаў над пытаннем сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць, Аўгіня разважала над пытаннем — схадзіць ёй у Вепры ці не. Ёй хацелася даведацца болей падрабязна, за што арыштавалі Мартына і што яму пагражае.
Яна знайшла прычыну схадзіць у Вепры: ёй трэба было занесці да свае маткі воўны, бо самой Аўгіні ўправіцца з пражаю трудна. У хаце застаўся дзед Купрыян, Васілёў бацька, і дзеці.
Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Бусыгі. Няўжо ж Васіль дайшоў да таго, што ўжыў такі спосаб помсты? Аўгіня адчула тут і сваю віну. Яшчэ з першай ночы закралася ў Васіля чорная падазронасць супраць дзявоцтва маладой, увесь яго гнеў і затоеная нянавісць скіраваліся на Мартына Рыля. I гэта нянавісць жывілася ў ім двухсэнсоўнымі жартамі і намёкамі з боку таго ці другога прыяцеля. А пастаянным напамінкам пра гэта служыла Алеся, першае дзіця, нібы меўшая падабенства да Мартына Рыля. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. У тых разах, калі паміж Васілём і Аўгіняю вынікалі нелады, Аўгіня, на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Звычайна ж пры іншых выпадках яна старалася гэта рабіць употайку ад Васіля. Хацелася Аўгіні зайсці да Евы, Мартьгаавай жонкі. Калісь дзяўчатамі яны сябравалі. Але дружба іх раскідалася, і не тады, калі Мартын быў нежанаты, а пасля. Хоць на гэтым грунце адкрытых канфліктаў між імі і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Ева трымала ў сэрцы затоеную крыўду супраць Аўгіні. Аўгіня чула сваю віну і перад Еваю. Так і не адважылася зайсці да яе. I як было зайсці? Што сказаць? Паспачуваць ёй, што Васіль падкусіў, ды яшчэ як падкусіў Мартына? I якое мае яна, Аўгіня, права непакоіцца за Мартына? Сама ж яна выбрала Васіля, пагналася на яго багацце. Ну дык і цешся сваім Васілём і сваім багаццем!
Читать дальше