На ўскрайку лесу дзед Талаш і Нупрэй запыняюцца. Тут праходзіць дарога з вёскі, і сама вёска відаць адгэтуль. Яны мяркуюць, як латвей даведацца, што робіцца ў вёсцы, ці ёсць там польскае войска і якое.
На дарозе паказваецца постаць жанчыны. Яна ідзе ў вёску. Дзед Талаш перадае Нупрэю стрэльбу і воўчую скуру, асцярожна выходзіць на дарогу. Турботы, невясёлыя думкі адбіваюцца на твары маладзіцы. Яна пазірае на дзеда Талаша шэрымі круглымі вачыма з-пад тонкіх дуг чорных броў. На яе галаве красуецца белая намітка з вышытымі канцамі. Падыходзіць, вітае дзеда добрым днём. Талаш уважна адвітваецца.
— Скажы, нябога, ты з гэтай вёскі?
— Эге ж, — коратка адказвае маладзіца.
— Што я хачу запытаць цябе, маладзіца: ці не тут
яшве Марка Балук?
Маладзіца раптам сумелася, вочы яе моргнулі мгненным спалохам, тонкія чорныя бровы чуць-чуць заварушыліся. Яна зірнула дзеду ў вочы сваімі шэрымі спасцярожлівымі вачыма.
— А вы скуль ведаеце яго?
— Чалавек, які быў з ім разам арыштаваны палякамі, прасіў даведацца пра яго.
Маладзіца яшчэ больш затрывожылася. Дзед Талаш уважна сочыць за рухам кожнага мускула ў яе твары.
— Быў ён тут, а цяпер няма.
— Ты яго жонка? — рубам ставіць пытанне Талаш.
Маладзіца прыходзіць у замяшанне.
— А вы што за чалавек?
— Ды такі, можна сказаць, як і твой Марка.
— А вы скуль ведаеце, што ён мой? А можа, не мой?
— А я па тваіх вачах бачу.
Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку.
— Такому старому, як вы, не варта глядзець на мае вочы.
Дзед Талаш усміхнуўся.
— Мне вачэй тваіх не трэба, нябога, мне патрэбна твая праўда.
— Няма цяпер праўды нідзе, — сурова адказвае маладзіца.
— Сякая-такая ды ёсць. Вось можаш жа сказаць ты мне праўду: ёсць тут палякі ці не?
— А дзе іх няма цяпер? — у голасе маладзіцы чуваць абурэнне. — Усюды панаганяла іх, каб ім дыхавіцу нагнала.
— А многа іх тут у вас?
— У кожнай хаце па два, па тры стаяць. А я дык ужо і хаты свае не маю. Пазабіралі ўсё. Худобу з хлява павыводзілі…
Разгаварылася маладзіца. Прызналася, што хадзіла да павятовага "камісаржа", як ёй раілі людзі, шукаць праўды. I шмат чаго даведаўся дзед Талаш з гутаркі з маладзіцаю. Даведаўся ён, што ў мястэчку, дзе меў рэзідэнцыю павятовы "камісарж", палякаў яшчэ болей, як тут, што ў іх там і машыны розныя стаяць, а гэтыя машыны ездзяць і страляюць.
Нельга сказаць, каб гэтыя весці парадавалі дзеда Талаша. Ён ведаў, што справа з вызваленнем Панаса патрабуе шмат затраты часу, што гэта справа не такая лёгкая і простая, асабліва пасля апошніх падзей — раззбраенне канвоя, захват палякаў у Віркуцці, але паведамленне маладзіцы аб машынах, што ездзяць і страляюць, занепакоіла дзеда. I ўсё ж дзед Талаш не паў духам. Па-першае, трэба праверыць словы маладзіцы і па-сапраўднаму разведаць, якое становішча ў мястэчку, і, па-другое, трэба параіцца з Букрэем. Была яшчэ надзея і на Мартына Рыля і на яго людзей, якіх ён абяцаў мабілізаваць. Словам, памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь і дадумацца.
Ён развітаўся з маладзіцаю. На развітанне сказаў ёй:
— Пабачыш свайго Марку, дык скажы яму, няхай не туляецца адзін, а ідзе да нас, ды людзей з сабою няхай кліча.
Дзед Талаш назваў Мартына Рыля, які пад камандаю Маркі браў удзел у раззбраенні польскага канвоя і адабраў ад капрала карабін. Сказаў, дзе і як знайсці Мартына. Дзеду дужа хацелася залучыць да сябе такога спрытнага чалавека, як Марка Балук.
Дзед Талаш і Нупрэй зрабілі невялікую нараду. Нупрэй трымаўся таго ж погляду. Верыць можна толькі тады, калі на рэчы зірнеш сваімі вачыма. I яны зноў павярнулі ў лес і асцярожна пасоўваюцца ў бок мястэчка. Мястэчка гэта цяпер мела нейкую ўладу над дзедам Талашом, цягнула яго да сябе і ў той жа час і палохала.
Адна дробная з першага погляду рэч запыніла на сабе іх увагу. Яны ўбачылі ў лесе сляды чалавечых ног. Адлегласць між слядамі гаварыла за тое, што чалавек, пакінуўшы гэтыя сляды на снезе, бег шпаркім бегам. А што асабліва кідалася ў вочы і прымушала звярнуць на сляды ўвагу, дык гэта тое, што там-сям на слядах выступалі чырвоныя плямы, крыху рассмактаныя вільготным снегам. Не было сумнення ў тым, што гэта кроў. Дзед Талаш і яго спадарожнік дужа зацікавіліся гэтаю акалічнасцю, а дзеда Талаша яна моцна ўразіла. Каб заспакоіць дзеда, Нупрэй выказаў дагадку, што гэта, напэўна, паляўнічы гнаўся за падстрэленаю дзіччу.
— А дзе ж, голубе, след гэтай дзічы? — запытаў дзед Талаш. Нупрэева дагадка адпадала. — Не, хлопча, справа тут горай: гэта кроў таго, хто пакінуў тут свае сляды. Давай пойдзем па слядах.
Читать дальше