— Чаго не хацела перасаджувацца?
— А вам ето так важно знаць?
— Вы, бабы, любіце, кеб мужчына красівы буў?
— А вы не любіце красівых жанок!
— А таго не знаеце, што скалечыла мяне так за савецкую ўладу. Паляк шабляй ударыў пад горадам Баранавічы. Ясно?
— Чалавек кроў праліваў за савецкую ўладу!
— Правільно, Глушак!
Дубадзел памкнуўся да Яўхіма, задаволена, моцна ляпнуў яго — Ганна, як магла, адхілілася ад пляча, што ўткнулася ёй у грудзі. Ледзь прамаўчала.
Стары Глушак падліў гарэлкі, і Яўхім з Дубадзелам чокнуліся. Тады старшыня павярнуўся са шклянкай да Ганны, прымусіў і яе ўзяць чарку.
— Трэба піць! — заўважыў ён, што Ганна ставіць чарку на стол амаль некранутую.
— Я выпіла, сколькі хацела…
— Усю трэба!
— А калі я — не хочу?
— Усё адно. Госцю гадзіць трэба… — не адставаў Дубадзел.
— Усім не нагодзішся. Гасцей унь сколькі, а я адна…
— І ён адзін, — заўпарціўся Яўхім. — Ён такі адзін — гірой і начальство!
— Ну, можа, і адзін. Дак хай і п'е сабе адзін.
— А я не хачу піць сам з сабою!
— Дак выпіце з цёткай Сарокай! Яна будзе рада!
— А ён хоча з табою! — гарачыўся Яўхім.
— Тады — калі яму так хочацца — няхай пацерпіць. Да другога разу.
— А ён цяпер хоча! — насядаў Яўхім, шалеючы ад яе ўпартай непакоры.
За сталамі ўсе прыціхлі. Якія ні былі п'яныя, пачулі — наскочыла каса на камень. Яшчэ не згулялі вяселля, а ўжо счапіліся, так счапіліся, што, відаць, і адзін не саступіць, і другая не паддасца. Глядзі, як набычыўся Яўхім, — яму і цвярозаму слова папярок не кажы, а цяпер, п'яны, — як рысь той. І яна ж — белая-белая, толькі вочы агнём гараць!
— Выпі! — прасіпеў Яўхім.
— Не буду! — цвёрда сказала яна. Па тым, як сказала, чулася, што ні перад чым і ні перад кім не пераменіцца.
Дубадзел сам паспрабаваў уціхамірыць Яўхіма:
— Не хоча, ну, і няхай!.. Вып'ем удвух! — Ён сунуўся са шклянкай да Яўхіма, але той адвёў яго руку:
— І яна вып'е!
— Не буду!
Ганна раптам ускочыла, кінулася з-за стала. Адразу ўзнялася мітусня. Адны абкружылі Ганну, якая рвалася з хаты, суцяшалі, супакойвалі, другія трымалі, угаворвалі Яўхіма.
— Волі багато бярэ сабе! — крычаў Яўхім. — Слухаць нічога не хоча! Падумаеш, паненка!
— Не буду я тут! Не хочу! — не слухала жаночых угавораў Ганна. — Дадому пайду! Дадому!.. Пусціце! Дадому!.. Дадому!
— Ціхо ты, ціхо, Ганначко! — лагодна казала мачыха. — П'яны ён, п'яны. Выпіў, ну, хмель у галаву і пайшоў, замуціў. П'яны чалавек чаго толькі не нагаворыць!.. Выпіў, сама ж бачыш!..
— Працверазіцца — сам будзе нярады, — памагала ёй свякруха.
— Дадому! Дадому хочу! Тато, хадземце дадому!
— Ціхо ты, ціхо, Ганначко! Супакойся! Не ўбівай сабе ў галаву чаго не трэба!.. Усё будзе добра! Добра будзе, павер!.. — Мачыха зірнула на Ганнінага бацьку, які стаяў побач, гатовы любую хвіліну на падмогу дачцэ: — Адыдзі, без цябе разбяромся!.. Супакойся, Ганначко. Усё добра будзе!..
— Не хочу тут аставацца! Дадому хочу!
— На от выпі вады халоднай! Ці, можа, у сенцы пойдзем, астынеш? Хадзем, Ганначко, рыбко!
Калі вялі Ганну ў сенцы, мачыха супакоіла:
— Яшчэ не такое пабачыш. Усякае будзе, пажыўшы!..
Маладых супакоілі, прымірылі, пасадзілі зноў разам, і рэшту вечара дагулялі як трэба, па "закону". Толькі калі госці разышліся і маладыя засталіся адны ў прыціхлай чыстай палавіне, перад шырокім, купленым к вяселлю ў Юравічах жалезным ложкам Яўхім нагадаў спрэчку, але без злосці, згаворліва:
— Забываць бы трэба, што нічыя була. Мая цяпер і слухацца павінна б. Не ганьбіць.
— Помніш, што я табе адзін раз казала? — прамовіла Ганна ціха: ёй здавалася, што да іх з-за сцяны прыслухоўваюцца старыя Глушакі. — Што са мной трэба — кеб па-добраму!
— Па-добраму, па-добраму! Ну і цаца ж ты! Як бы Бог знае, дзе расла!
— Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду!
— Дрэвы з гадамі мяняюцца, не тое што людзі. Рэчка вунь якія алешыны выварочвае!..
— Ты не рэчка, а я не алешына. Помні — хоць і жонка я, не сваёй воляй жыць павінна б, а толькі — штоб па-добраму са мной!
Яўхім паглядзеў на яе — вось жа, скажы ты, упартая, яшчэ толькі ўвайшла, а ўжо камандуе, — але спрачацца не стаў, прымусіў сябе засмяяцца:
— Хопіць ужэ гаворкі етай! І так галава трашчыць! Лажыцца ж, можа, ужэ час?
У тую ноч, першую ноч замужжа, Ганна доўга не магла заснуць. Адсунуўшыся ад Яўхіма, адвярнуўшыся, стараючыся не чуць, як ён храпе, ляжала яна, спусцелая, стомленая, атупелая ад перажытага, ад нядаўняга гоману, ад самагоннага дурману. Ляжала ў душнай цемры, здавалася, забытая ўсімі, пакінутая, адна-адзінокая ў цэлым свеце.
Читать дальше