"От і ўсё. Ужэ — чалавек мой, а я — жонка яго…" — ясна прайшло ў яе галаве. Гэтая думка цяпер не выклікала ўжо ні трывогі, ні шкадавання, Ганна пачула нават дзіўную палёгку. Столькі думала, трывожылася, а яно — вось прыйшло, адбылося, і ўсё стала на сваё месца. Адбылося, як у людзей, па-божаму, і думаць няма чаго…
З гэтай палёгкай, бяздумная, спусцелая, ехала яна, прабівалася цераз грэблю назад, аж пакуль пад віск і буханне марша не сышла каля сваёй хаты, перад якой ужо стаяў на двары стол. Калі яна ішла побач з Яўхімам між натоўпу, які ціснуўся, варушыўся абапал, позірк яе неспадзеўкі наткнуўся на Валодзьку, Васілёвага брата, які глядзеў на яе, здалося, нядобра, бязлітасна. Яна на міг зірнула на яго з увагай, убачыла, што ён проста зніякавеў, аказаўшыся перад людзьмі, таму і глядзіць спадылба, — і ў той жа момант пачула, як няпрошаныя, кінутыя ў царкве шкадаванне, трывога зноў упаўзлі ў душу.
Дружкі быццам зразумелі гэта, быццам заглушыць трывогу яе хацелі — заспявалі ахвотна, голасна:
Выходзь, матко, з свячамі,
Пазнай дзіцятко між намі…
Мы тваё дзіцятко звянчалі…
А цяпер выходзь, матухно, проціў нас
Да вітай кубачкам усіх нас.
Да пытай доночку, дзе була…
У божым доме — не твая,
Госпаду Богу прысягла,
Яўхіму ручаньку аддала…
Ганна спачатку амаль не чула, што спявалі дружкі. Дайшло толькі апошняе: "…Госпаду Богу прысягла, Яўхіму ручаньку аддала", — дайшло, адазвалася такой скрухай, што ў горле зашчымела.
"Яўхіму ручаньку аддала!.."
Калі маладыя з дружкамі, са сватамі, са сваякамі ўціснуліся ў хатнія дзверы, мачыха забегала, залямантавала:
— Маладыя нашы! Жанішок наш дарагі! Сваточкі, госцечкі!.. Сядайце, паспытайце, чаго Бог прыслаў, чаго з яго міласцю прыдбалі!.. Кеб пасядзець разам, пачаставаць з такой радасці!..
— Сядайце! — ціха сказаў і Ганнін бацька.
— А чаго ж — і сядзем! — весела абвясціў Яўхім. — Мы — не ганарлівыя, можно сказаць, для етаго і прыехалі!
Іх пасадзілі разам, Яўхіма і Ганну, на покуце. Госці яшчэ доўга тоўпіліся ля лавак, залазілі за сталы адзін за адным, рассаджваліся. Плёўся жвавы, радасны гоман са смехам, чулася, быў у хаце той настрой, які звычайна прыходзіць перад гульбою, гарэлкай, добрай ядою. Мачыха, гаманлівая, памаладзелая, прыгорблены задуменны бацька пайшлі з бутэлькамі паўз сталы, пачалі наліваць карцы, шклянкі, пазычаныя аж у Міхалеве далікатныя чаркі.
— Штоб шчасце маладым було! — сказаў Пракоп і грозна ўзняў карэц к чорнай барадзе.
— Кеб пілася і елася, кеб було ўсяго, чаго хацелася!..
Яўхім выпіў зразу, перакуліў карэц, няхай бачаць — да дна. Ганна ж, як бы штосьці перахапіла горла, ледзь прыгубіла.
— Усё трэба! Да канца! — першы заўважыў, крыкнуў Яўхім.
Усе ўраз зашумелі, падтрымалі яго:
— Да канца! Усё!
І прыйшлося паслухацца, перасіліць сябе. Потым ускочыла Сарока, паспытала нібы гарэлку, скрывілася, як ад палыну, стараючыся перакрычаць усіх, заявіла, што піць не можа, бо гарэлка горкая, і людзі, душачыся ядою, заверашчалі, загулі:
— Горкая! Горко-о!
Яўхім зухавата ўскочыў, пацягнуў Ганну. Яна ўбачыла перад сабой зноў пачырванелы задаволены твар, зноў нібы падмазаныя маслам гарэзныя вочы. На плячах яе быў моцны, упэўнены поціск далоні…
Калі апусцілася на лаўку, пачула, што ў галаве пачынае шумець. Але закусваць не стала, не хацелася. Стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала на гасцей, не магла адагнаць зноў адчування, быццам бачыць усё ў сне. Людзі за сталамі пілі, елі, як згаладалыя ў полі, чамусьці амаль не гаманілі, а крычалі, аж дрыжалі шыбы.
— Яўхімко, зяцёк мой даражэнькі, — завіхалася каля маладога мачыха. — Пі і закусвай, чым Бог паслаў! Не грэбуй, Яўхімко, калі што якое ненарокам… Чым багаты, тым і рады, са ўсёй душы стараліся… Кеб усё добра було, кеб не горай, як у другіх людзей… І вы, госцечкі, дружына, кумпанія ўся, піце і закусвайце, чаго каму хочацца!
— А мы і п'ём, і закусваем! — акідваў вачыма дружыну Яўхім. — Мы ету работу любім! Нам абы паболей — такой работы! — Яго прыяцелі дружна ржалі. — Толькі от — маладая чагосьці не есь, не п'е!.. — схіліўся Яўхім да Ганны.
— І так ужэ ў галаве шуміць, як у дождж, — сказала, апраўдваючыся, Ганна.
Бацька ўчуў, заступіўся:
— Няволіць не трэба! Кожны сам знае, сколькі каму выпіць! Сколькі хто можа, няхай столькі і п'е. — Ён паспрабаваў адвесці гаворку ад Ганны, сказаў да Яўхімавых хлопцаў: — Каторыя могуць, няхай п'юць, не баяцца. Гарэлка, сказаць, не куплёная. Грошай не пераводзіў. Сам у кустах нацадзіў!..
Читать дальше