Ганна ўбачыла блізка закаханы, гарачы позірк яго, зірнула мякка, удзячна. Ён рабіў гэта для яе, ён і не такое гатоў быў зрабіць для яе, абы толькі было трэба, як бы пабачыла Ганна. Форс яго — толькі для віду, для другіх, дробязь.
Воз нехаця вылез з ямы, асеў у другую, нахіліўшыся так, што, здавалася, траха не перакуліўся, вылез і з гэтай, і з трэцяй; і ўвесь час, пакуль не кончыліся гэтыя ямы, Яўхім ішоў услед, памагаў.
Цягнуліся па грэблі доўга, хоць алешніцкія хаты на нізкім чорным пагорку за хмызняком былі, здаецца, рукой падаць. Халодная, ліпкая твань абапал грэблі, голая, панурая шчэць хмызняку быццам трымалі пры сабе, не хацелі пускаць, адступалі марудна, неахвотна.
Калі выпаўзлі на сухое, спыніліся, пасаскоквалі з вазоў. Жмутамі сена, што выцягвалі з-за драбінак, сціралі гразь з конскіх жыватоў і ног, з калёс, чысціліся, прыбіраліся самі. Яўхімавы хлопцы, хто сам не вельмі вырабіўся ў твані, з рогатам завіхаліся каля Яўхіма: здымалі боты, выкручвалі анучы, абціралі штаны.
— От дак жаніх! — чулася адтуль іржанне. — Самой Захарысе ў пару! І тая спужалася б!..
Ганне таксама было клопату: хоць пераседзела грэблю на возе, фарбаваную світку і андарак гразь пабіла, нібы шротам…
— Ето ж трэба, штоб так разліло! — здзіўлялася Сарока. — То мароз, снег, то гразі — па вушы! Траха не патапіліся душы!
У сяло ўехалі, як і трэба ўязджаць у сяло маладым, важна, урачыста. Яўхім наказаў — каціць так, каб зналі нашых! Музыкі, якія зноў мясілі наперадзе ў лапцях, як толькі падышлі да першых хат, далі такога зыку, грукату, што алешнікаўцы, хто ў чым быў, умомант высыпалі на вуліцу, як на пажар. Старыя, малыя, тулячыся каля платоў і варот, разглядвалі працэсію, гаварылі штосьці адзін аднаму. Найбольш гаварылі, мусіць, аб ёй, і Ганна чула сябе няёмка, як у Куранях, калі гулялі змовіны. Зноў былі ў душы сорам, вінаватасць, нядобрая, няясная трывога…
Недалёка за паваротам завіднеўся пад бляшаным дахам папоўскі дом, за якім, трохі ўбаку за хатамі, ускрай поля, забялела сценамі, зазелянела купаламі і паддашкамі акружаная частаколам і голымі бярозамі царква. Чым бліжэй пад'язджала Ганна вуліцай, прысадамі да гэтай царквы, тым трывожней, цяжэй станавілася ў яе на душы.
Перад царкоўнай агароджай коней спынілі, і маладыя і ўсё іх акружэнне пайшлі к царкве па ўтаптанай дарожцы пешкі. Калі Ганна ступіла за агароджу, трывогу яе раптам, як у вечар пасля змовін, пранізала пякучае джала шкадавання аб тым добрым, дарагім, якое яшчэ нядаўна не толькі не берагла, але і не заўважала. І якое заўважыла, пачула так позна. Перад тым, як страціць. Ступіўшы на ганак, яна мімаволі прыпынілася: так захацелася стаць, пачакаць, адцягнуць тое, што павінна было зараз адбыцца, павінна было палажыць мяжу між ёй і ўсім мінулым, неперажытым яшчэ, дарагім. Так хутка і — назаўсёды!
Але ні стаяць, ні чакаць нельга было. Ззаду, збоку тоўпіліся людзі — дружкі яе, Яўхім, дружына яго, Сарока, Пракоп, алешнікаўцы. Яе, нібы вада дрэва, несла гэта людская плынь у пройму дзвярэй. Проста перад ёю, пабліскваючы пазалотай, чырвона свяціліся алтар, абразы, лампады. Ганна ўбачыла бляск рызы і перавяла позірк на бацюшкаў твар: стары глядзеў насустрач, здалося, пранізліва, строга, быццам бачыў, ведаў усё.
"Што ж я? Грэх жа! Грэх! Божа мой!" — апомнілася, схамянулася Ганна і вінавата, хутчэй пайшла к бляску рызы, к строгаму позірку.
Цяпер яна ўся поўнілася паслухмянасцю і пакорай, той пакорай, якая брала яе ў сваю ўладу тут заўсёды з тых даўніх часоў, калі ўпершыню прывяла яе сюды, маленькую, палахлівую, нябожчыца маці. Паслухмянасць, страх, пакора, што перад гэтым бляскам і таямнічасцю ўвайшлі ў яе ў той дзень, так і засталіся ў Ганне на ўсе гады: няхай не такія моцныя, як у маленстве, але ўсё ж жывыя, неадступныя.
Са звыклай тут паслухмянасцю рабіла яна ўсё, што трэба было, чула, ловячы, кожнае слова рудога алешніцкага старасты і бацюшкі, — сачыла без думак, як увішная Сарока з Пракопам рассцілаюць скрутак палатна на падлозе, кладуць на яго два пятакі. Па знаку рудога алешнікаўца пакорліва стала побач з Яўхімам правай нагой на манету, зняла свой персцень. Бацюшка, на твары якога ад варушэння святла маршчыны то амаль знікалі, то вырэзваліся крывымі глыбокімі раўчачкамі, даў ёй запаленую свечку, якая мігала і чадзела, і Ганна стаяла як скамянелая, пакуль ён перад Богам і святымі, што блішчалі, сачылі адусюль, надзяваў Яўхімаў персцень ёй на палец, а яе персцень — Яўхіму. З усяго, што было тут, гэты момант здаўся ёй як самы важны. Яўхімаў персцень, які яна добра чула на пальцы, быў як знак, што паказваў яе новае становішча.
Читать дальше