— Не карыце згаладнялага й дайце што ласка ваша…
Іра памянялась на білецікі і дала чыноўніку тры царскія рублі, а каб не відзець, як ён кланяецца і як па зялёным твары паўзець слязіна, шыбчэй пайшла міма людзей і салдатаў у канцылярыю. Сабраўшы ўсе дакументы ў жменю, яна стала ў невялікую чараду перад пісарскім столікам і з жахам убачыла канец другой чарады, што цягнулась у нейкі калідорчык да дзвярэй зачыненага пакоя з дошчачкай над імі: «Камендант». Ужо пайшла першая гадзіна папоўдні, і Іра надта каялась, што не зрабіла менкі білетаў троху раней. Яна паказала свае паперы пісару. Той не ўзяў іх і сказаў, каб прыхадзіла заўтра, бо сянні камендант усё роўна не паспеець прыняць. Іра быццам нясмелым, адылі настойлівым голасам запытала: «А ці няможна дастаць перапуску без каменданта?» І потым цвярдзей дадала: «У мяне ўсе дакументы ў парадку, вот…» Яна ўжо адна толькі стаяла перад пісарам, і ён доўга чытаў і разглядаў яе паперы, а тады сказаў ёй:
— Дык чаго вы ад нас хочаце, таварыш? Мы перапустак у чразвычайку не выдаём. Выдаець савет. Калі вы хочаце купіць бацінкі, то напэўна не шукаеце іх у аптэцы… Я вас проста не разумею, чаго вы хочаце…
— Даруйце! Мяне да вас паслалі за перапускам з «чразвычайкі», не сама ж я выдумала…
— Таварыш, не спірайцеся!! Не маглі вас паслаць да нас, бо перапускі ў чразвычайку мы не выдаем ужо блізка месяца, разумееце вы ай не?
— Я разумею… Толькі скажэце, будзьце ласкавы, напэўна, хто ж цяпер выдае?
— Савет, разумеецца… Звярніцесь там да каменданта савецкага будынка — вуліца Карла Маркса, быўшая «Беларуская гасцініца», кожны дурань вам пакажа!
— Ага… дзякую!
Іра спацелая выбегла на вуліцу і рада была, што развязалася з гэтым пісаром і што на вуліцы ўсё спакойна, сядзяць пад плотам безуважна-цярплівыя сяляне, а там лузгаюць сланешнікавыя семечкі, седзячы на лавачцы, салдаты, і з абгрузненай канём ліпкі валіцца зжаўцелы ліст на выбіты цагляны тратуар.
Савет быў недалёчка, і Іра спадзявалася яшчэ паспець да другой гадзіны дастаць перапустку для ўваходу ў «чразвычайку», хоць для заўтрашняга дня.
У савеце ёй лёгка далі ля дзвярэй перапуск, і яна шыбка пабегла на гару па лесвіцы да пакоя № 3, гдзе была агульная канцылярыя і прымаў дзяжурны пісар. Аднак ля гэтага пакоя стаяў вялікі груд чаканнікаў, і Іра, змораная і раздражнёная, прыхінулася да сценкі. Яна згубіла надзею зрабіць сянні хоць што-небудзь і шкадавала дарма патрачанага часу. Разгарнула газету, каб за чытаннем супакоіцца і сабраць патрэбныя думкі, пакуль не выгукнуць яе номер. Вочы няўважна бегалі па газетных радкох, а розныя думкі таўпесілісь і не слухалі аднэй, найлепшай: «Чаго ж я так хапаюся? Паспею, паспею — болей цярплівасці…»
— Дзень добры! — пачула яна ля сябе і шыбка ўскінула вочы.
— Ах!.. Дзень добры… Я вас не пазнала, — звонку зусім спакойная, а ў душы прыкра згубіўшыся ў парадку, глядзела настаўніца на Абдзіраловіча і скарэй падала руку яму, бо забылася. Ён паціснуў злёгку і прыязна яе ручку, і дзяўчына пачула прыемнасць, даткнуўшысь да яго рукі. Ён быў у шынэлі без пагон і ў шапцы без какарды, з чарнейшым ад аколышу плямкам ад яе. Значна памужнеў. Пастарэлі яго карыя вочы, і былі пад вачмі, збоку, зморшчынкі, якіх раней яна не бачыла. Вусы не галіў, а толькі падразаў. Каб не той самы мяккі з прыемным тэмбрам голас, яна адразу не пазнала б яго ці ён здаўся б ёй чужэйшым. Неяк неўпрыцям адсунуліся ад чарады чаканнікаў да вакна. Ён не пытаўся, па якой справе яна тут, але пацікавіўся, які намярок на яе білеціку. Пабачыў, што 315-ты, і сказаў, што яна дарма будзе чакаць сянні, бо прымуць толькі да 300-га номеру, — так сказаў яму знаёмы пісец, якога ён выгукнуў з канцылярыі праз прыдзверніка. На яе твары адбілась такое нездавальненне, такі жаль, што ён падумаў, што яе прывяло сюды нейкае гора, жаданне знайсці ратунак. Хацеў спытацца і ўзноў змоўчаў.
Яны выйшлі з савета і пайшлі па вуліцы к бульвару.
— Калі вы, Іраіда Аўгенаўна, не маеце ніводнага знаёмага вінціка ў гэтай новай пішучай машыне, дык доўга бескарысна будзеце стаяць у розных чародах, — сказаў Абдзіраловіч.
— Не, нікога не маю, а можа, й маю каго, ды не ведаю, бо толькі сянні прыехала сюды. Мне патрэбен перапуск у «чразвычайку», каб навесці там спраўкі аб арыштаваных… аднаго з каторых вы добра знаеце.
— Хто ж гэта?!
— Вучыцель, свядомы беларус, Мікола Канцавы.
— Ён у «чразвычайцы»?!
— Ну, ага.
— Божа мой! Мікола, добры, слаўны Мікола ў N-скай «чразвычайцы». Гэта ж няшчасце! Ці якая абмылка? Трэба ж яго ратаваць! За што, у чым справа? Іраіда Аўгенаўна, скажыце?
Читать дальше