— Малайчына! — пахваліў Хамічонак. — З тваім розумам і з тваёй сілаю мы яшчэ падзялуем.
Гэты іхні «хаўрус» не вельмі спадабаўся Філіповічу; той увесь час, найперш у малым гурце, спрабаваў угаворваць лесавікоў, Сцяпана таксама, выходзіць з лесу, ісці рабочымі ў вялікія вёскі ды гарады, да людзей і агітаваць, «падымаць люд супраць Саветаў, за вольную і незалежную Беларусь». Хамічонак вельмі не забараняў «чытаць ім лекцыі», «весці ідэалагічную работу ад імя замежнага беларускага ўрада», але не зважаў на гэта — лепш сказаць, ухмыляўся, пасміхоўваўся з Філіповіча, як з дзіцяці, а ўрэшце паблажліва перабіваў: «Ды кінь ты, спадар, ніткі на кій матаць, раскажы нам лепш пра Парыж ды Брусель, пра буржуйскае жыццё-быццё, пра іхніх жанчын і прастытутак».
Сёння, таксама ўночы, Сцяпан зноў ішоў у свет — на гэты раз толькі з Хамічонкам і з яго неадступным целаахоўнікам. Верхавода, бачачы ўсё ў цемры, як сава, крочыў паперадзе, а той бамбіза — ззаду. Куды і чаго ішлі, Сцяпан не ведаў. «Хадзем са мной», — толькі і сказаў-загадаў яму Хамічонак.
Той, хітры і асцярожны, пазбягаў і вялікіх дарог, і малых сцежак, плёўся балотам, лесам, кустоўем, але ўрэшце, можа, праз гадзіны тры, вывеў з лесу — як мож-на было пазнаць, да вёскі, — здаецца, невялікай, нізкай, патанулай у цемрадзі ды нібы злітай з блізкім маладым лесам, з высокімі лісцянымі дрэвамі, кустамі бэзу і з са-дамі. Карацей, адразу цяжка пазнаць, што гэта за селішча. Ясна, што нейкае прыпушчанскае і паўхутарское.
Падаў голас сабака, потым — другі, трэці.
— Чакайце тут, — прамовіў маўклівы дагэтуль Хамічонак, а сам, зашпільваючы на сабе шынель ды папраўляючы вайсковую фуражку (на шынялі лейтэнанцкія пагоны), як адчувалася, з веданнем сцежак-дарожак закрочыў да вёскі і хутка знік з вачэй.
— Садзіся, — загадаў яму, няўзброенаму, магутны целаахоўнік, а калі ён паслухаў, апусціўся сам трохі ззаду, як чулася, не выпускаючы з рук аўтамата.
— Што за вёска? — запытаў у яго Сцяпан, каб уведаць, дзе яны, у якім баку ягоныя Янкавіны.
— Будзеш шмат ведаць — састарэеш, — басавіта буркнуў той. — Сядзі ціха і не раскрывай хлябала. Табе і так зашмат вераць. А што да ўцёкаў, то і не думай нават: не даганю я — дагоніць кінжал…
«Не верыў бы так Хамічонак, каб не пагроза мне ад энкавэдэ, — падумаў ён. — А той, паколькі нёс на спіне пакоўны пляцак, прыйшоў сюды для таго, каб сустрэцца са сваім чалавекам альбо каб сысціся са знаёмай кабе-таю…»
Замаўчалі. Вось сабачы брэх заціх. Мабыць, Хамічо-нак зайшоў ужо ў патрэбную хату.
Сцяпан паўпрылёг, услухоўваўся ў звонкую цішыню — каб было светла, дык, можа, цяпер стракацелі б конікі, а так было ціха, нібы ў вуху, і вусцішна. Заадно ўзіраўся ў прастор перад сабой — на блізкі паўцёмны і цёплы дол, на незразумелай вышыні неба, што, здаецца, нібы ледзь-ледзь улоўна мігцела, мабыць, пакрышачку напаўняючыся далёкімі ранішнімі водсветамі.
Зноў, калі засяродзіўся сам на сабе, наплылі горкія думкі: Божа, мілы Божа, за што такая кара: чаму трэба туляцца як ваўку, бадзяцца па лесе і балоце, слухацца злыдняў? Чаго вось ён тут цяпер? Чаму мірна ды спакойна не спіць побач з Марысяй, не спрыяе, каб і яе сон быў мірны і спакойны?
Міжволі, насцярожваючыся ўжо ад нечаканасцей, устрапянуўся: неспадзявана з лесу пачуўся лопат. Ага, птушка. Цяжкавата махаючы крыллем, чагосьці паля-цела над іхнімі галовамі ў вёску. Можа, сава альбо, лепш сказаць, сычык — загадкавы птах з савінага роду, — ці, можа, зашастаў кажан.
Пасля, калі рассечанае паветра супакоілася, зноў на-стала поўная цішыня. Хоць бы дзе падаў голас які нядрэмны конік альбо зашумеў лес — рана, цёмна, прырода спачывае.
Можа, праз гадзіну пачуў: строгага суседа адольвае сон. Прыслухаўся: сапраўды, пахропвае. Асцярожна павярнуўся — храпенне адразу запынілася; целаахоўнік, здаецца, правёў далонню па твары, пасля глухавата кашлянуў, заплямкаў вуснамі і, здаецца, навёў зыркатыя вочы на яго. Сцяпан замёр, а потым наўмысна гучнавата засоп — маўляў, спіць.
Недаверлівы, пануры і воўчы Хамічонкаў заступнік (кажуць, з далёкага выселенага са сваёй радзімы народа), мабыць, супакоіўся, звесіў галаву і неўзабаве зноў спачатку засвістаў носам, а потым захроп. Сцяпан пачакаў, калі яго грозны вартаўнік добра ўвойдзе ў першы, моцны, сон. Калі ж дачакаўся, што той аж трубіць ужо, затаіў дыханне, ціхенька падняўся і на ды-бачках пакраўся да маладога хвойніку — далей, прэч, куды вочы глядзяць, ад такой непачэснай кампаніі, ад яе ладу жыцця, ад багны, што можа зацягнуць і засмактаць. Затахкала сэрца; не дай бог, трэсне пад нагамі якая галінка — яму верная смерць: тут жа ўліпне ў спіну востры бандыцкі кінжал…
Читать дальше