Ляжаў, бачыў і чуў, як уздыхаюць, варочаюцца іншыя, як той-сёй падыходзіць да дзвярэй і, не саромеючыся, бурболіць у паўцабэрак, і ад усяго гэтага ныла, плакала яго душа…
Пасля першай бяссоннай ночы ў камеры яго з тыдзень не чапалі.
Адлежваючы бакі на цвёрдай лаўцы, задыхаючыся ад сырасці і цяжкога паветра, знясілены без работы, ён занудзіўся. Ажно, здаецца, заявіліся вошы. Гэтая нуда ўзмацнялася яшчэ і ад крыўды: прайшло ўжо столькі ча-су, а з родных ніхто не падаў ніякай весткі, лусты хлеба.
За гэты час таго-сяго забралі «з рэчамі», прывялі но-вых (у тым ліку і такіх, як ён, «агітатараў-гаспадароў»). Ён па праве нявольніцага «стажу» перабраўся ад дзвярэй і заняў ніжнюю лаўку каля Тхара — разам з ім застава-лася і кампанія чалавека ў акулярах і белым шаліку па прозвішчы Сядых і па клічцы Прафесар. Як даведаўся, гэты гаварун у зладзейскім свеце важны чалавек, «у за-коне», «пахан», старшы над многімі «братамі» — і над тымі, што на волі, і над тымі, што сядзяць.
За гэты тыдзень той дзівачыў. То з ахвотай кідаўся да навічка, распытваў, вучыў, расказваў пра сябе, то не зва-жаў ні на кога і цэлы светлы дзень быў маўклівы, адга-няў ад сябе сваіх халуёў, што як маглі танцавалі перад ім, то нечакана спяваў сам сабе сумныя песні пра чыйсь-ці загублены лёс, пра ўцёкі з турмы і прагу волі, пра па-кінутую ўсімі маці-гаротніцу альбо пра прыгожую, але няверную жонку, то раптам ускідваўся зверам і нападаў на ўсіх у камеры, і тады ўсе баяліся нават пікнуць. Ясна было: скажы хоць слоўка супраць яго — Тхор і маларос-лік адразу ж, тут, у камеры, заколюць.
Грыгарцэвіч ужо не толькі чакаў, але і патрабаваў, каб яго паклікалі да следчага. Каб хутчэй вызначыць свой лёс. Колькі ж можна попусту марнаваць час, жыць на нішчымнай поліўцы, гарэць душой. Трэба закончваць будаваць школу, сеяць авёс, а там хутка ўжо садзіць бульбу. За ўсё сваё жыццё ён столькі не траціў марна часу, не гультаяваў, не ведаючы, за што зачапіць рукі, — сама вялікае мог усмак паспаць дзень-другі на Вялікдзень альбо паўдня ў нядзелю, а так — заўсёды нейкі клопат, нейкая работа ды работа, нялёгкая, цяжкая часамі, але патрэбная, а то і мілая рукам і душы…
I нарэшце ў адзін доўгачаканы дзень:
— 207-мы! На выхад!
Павялі з закладзенымі за паясніцу рукамі, пасадзілі ў накрытую шэрай бляхай машыну, павезлі пад канвоем і даставілі ў міліцыю, але ў гэтым будынку завялі ў пакой, на дзвярах якога была адмысловая шыльда «Посторонним вход воспрещен».
Сустрэў яго знаёмы чэкіст — не, не той, што дапытваў у ваенкамаце, а іншы, высокі, худы, бледнатвары, што прыязджаў летась на матацыкле на хутар і прасіў расказаць пра паліцэйскіх і старастаў, іхніх родных і знаёмых з суседніх вёсак. Гаварыў, як і яны, тутэйшыя вясковыя людзі, па-тутэйшаму. Папалуднаваў тады ў іх, чарку гарэлкі выпіў. Цяпер Грыгарцэвіч аж узрадаваўся, што трапіў, як лічыў, да свайго і, галоўнае, да прыстойнага чалавека, хоць сабе і са страшнымі пагонамі. Здаецца, яго прозвішча Клімянок.
Той ветліва адказаў на прывітанне, як і тады, у тую першую сустрэчу, загаварыў пабеларуску:
— Ваша прозвішча, імя і імя па бацьку…
— Помніце, вы летась былі ў мяне?
— Помню, — усміхнуўся старшы лейтэнант Клімянок. — Але тут трэба адказваць на мае пытанні. Разумееце?
Ён хітнуў галавою.
— Закурыць не жадаеце? — адчыніў верхнюю шуфляду стала, дастаў пачку «Беламора» і падаў яму.
— Дзякуй, але я кінуў курыць.
— А ў лазню хацелі б схадзіць?
— Вот ад лазні не адмовіўся б, — усцешана адказаў ён, радуючыся, што з ім гавораць па-людску.
— Добра, зладзім. Можа, і сёння ўвечар, — прамовіў той, закурыў. — Старэйшы сын з нявесткаю ладзіць?
— Дзякуй богу, ладзяць.
— Малодшы служыць?
— Ага.
— Усё нармальна ў яго?
— Піша, што нармальна.
— Маеце хлеб і да хлеба?
— Ды становімся на ногі.
— Мясцовае начальства не крыўдзіць?
— Ды не.
— Дык чаму вы тады, Франц Адамавіч, альбо як у нас, у Беларусі, кажуць, дзядзька Францішак, агітуеце супраць Савецкай улады?
— Я ж казаў, таварыш Клі…
— Тут называйце мяне не таварышам, а грамадзянінам, — перапыніў яго той. — Так трэба. Па інструкцыі.
— Я казаў ужо чалавеку, што дапытваў мяне і ўсё запісаў: я не агітую, — міжволі загарачыўся, шкадуючы, што і гэтага ветлівага чалавека падманулі, нагаварылі яму абычаго пра яго.
— Я не ведаю, грамадзянін Грыгарцэвіч, — непарушна сказаў той, — што вы каму гаварылі. Мне даручана вас дапытаць. Адпаведна, я хачу пачуць ад вас праўду і толькі праўду, каб зрабіць справядлівае заключэнне. Разумееце?
Читать дальше