Цяпер вы лічыце: праца, нават цяжкая, — абавязак, дабрачыннасць, а там праца будзе прымусам, вашай смерцю. Каб выжыць, вы, рыцар працы, пачнеце ўхіляцца ад яе, будзеце хітраваць, «гнаць туфту», альбо быць «прыдуркам»…
Заціх, а потым ухмыльнуўся:
— Разумееце, што гэта такое: «туфта», «прыдурак?» Разумееце сэнс прымавак «Ад работы коні дохнуць», «Работа — не воўк, у лес не збяжыць», «Цябе не дзяруць — дык не падмахвай»? Можа, і па-свойму разумееце. Як сялянскі гуманіст. А там вы гэта адчуеце на сваёй скуры, там ваша псіхіка пойдзе набакір… У гэтым сэнсе даю мудрую і бясплатную кансультацыю: не кідайцеся на так званыя «агульныя работы», шыйцеся ў столяры, лазеншчыкі, шаўцы альбо краўцы, абы, паўтараю, не трапіць на агульныя работы…
«Чорт яго ведае: праўду кажа альбо балабоніць абы-што, пацяшаецца са старога?»
— Кажушок свой не жадаеце змяніць на інтэлігентнае паліто? — нечакана зусім паіншаму загаварыў той.
— Не.
— А ў карты хочаце пагуляць?
— Не.
— Гарэлачкі жадаеце?
— Не.
— Святы, але сумны вы чалавек, Франц Адамавіч, — цмокнуў сусед. — Трымаеце і цела, і душу ў залішне строгіх, рэлігійных абручах. Працавіты, шчыры, хочаце праўды і справядлівасці. Адсюль — ваш эмацыянальны пракол у экстрэмальнай сітуацыі. Да слова, у той спрэчцы з вашым старшынёй сельсавета. Я не быў тады з вамі, але магу ўявіць сцэнарый…
Загрымелі абабітыя жалезам дзверы — зайшоў пажылы вартаўнік у шынялі. Паставіў пасярод камеры та-бурэт, узлез на яго і падвесіў да высокай столі запалены ліхтар.
— Па месцах, — буркнуў-загадаў.
— Прашу, баця, на сваё логава, — прамовіў той, на чыёй лаўцы яшчэ сядзеў Грыгарцэвіч.
Дзе дзенешся, паслухаў. Патупаў, узабраўся на верхнюю голую дашчаную лаўку.
— Новенькі? — запыніўся, дыхнуўшы дымам, запытаў у яго вартаўнік. — Нумар 207?
«Не імя, не прозвішча, а нумар!»
— 207-мы? — груба перапытаў той, свідруючы заплытымі, можа, і ад п'янства, вочкамі.
— Ага.
— Не ўступаць ні з кім у кантакты. Ляжаць тварам не да сцяны, а сюды, на праход.
— Але я не магу спаць на левым баку, — сказаў ён.
— I без падушкі ды коўдры, — хіхікнуў са свайго месца маларослік.
— Тут — не гасцініца, — не зважаючы на таго, яму, Грыгарцэвічу, патлумачыў вартаўнік. — За парушэнне нашых інструкцый — кара… — I да ўсіх: — Адбой! Усякую балбатню спыніць!
Калі таўсмач выйшаў і замкнуў камеру, Грыгарцэвіч, як і загадалі, лёг на левы бок, падклаў пад шчаку рукі і падкурчыў стомленыя ў валёнках ногі. Хоць пратупаў сёння ладна, панерваваўся на допыце і панапружваўся тут, але спаць не хацелася. Няўжо гэты ў акулярах і белым шаліку, Прафесар ці як там яго, гаворыць праўду, што яго могуць запраторыць за калючы дрот і на гэтулькі гадоў? Усяго за некалькі, хай сабе і не зусім пачцівых, слоў? Бывала, за царом, за палякамі і нават у акупацыю, пры немцах і паліцэйскіх, сабраўшыся разам на лузе, на прызбе ці нават і на людзях, заводзілі розныя гутаркі, лаялі, а то і клялі начальства (у вайну, праўда, асцярожнічалі, бо вайна ўсё ж ёсць вайна), але… Не, тыя, хто меў уладу, ківалі пальцам, абсякалі, бывала, і вялі туды, куды трэба, трымалі трохі, але такіх прыдзірак і гвалту не было. Хіба вось ён штосьці выдумляў? Паў-тарыў тое, пра што людзі гаварылі! Ды не — «агітаваў», «падрываў лад»… Не такі ўжо дурны, разумее: агіта-цыя — гэта тады, калі, скажам, сабраць люд, узабрацца на якую перакуленую бочку і, размахваючы рукой, пачаць крычаць супраць улады і законаў, як, да слова, за палякамі, зазіраючы да іх, агітавалі камуністы і кам-самольцы. Канечне, тыя агітавалі. Ён жа не збіраў люд, нікога не падбіваў на бунт супраць Сталіна і яго Канстытуцыі ды парадкаў, толькі згарача, ад крыўды ляп-нуў — папытаў у таго ліхадзея пра тое, пра што хадзілі гутаркі… А той — адразу сюды, у раён… А тут — во сюды, да зладзеяў… Замест таго каб выбачэння па-прасіць, што ў свой час гвалтам аддалі палякам, а ня-даўна гвалтам адабралі ад іх… Маўчы, жывёліна, і не пікні! Еш, дурань, то з макам! Бач, захацеў пра тое-сёе запытаць, тым-сім абурыцца! Нічога не скажаш, любімая дык любімая, народная дык народная ўлада! Ашчаслівіла!..
Пасля пачаў думаць пра іншае, пра сваю сям'ю і гас-падарку. Калі пасадзяць, то гаспадаром стане старэйшы сын. Стась — талковы гаспадар, павядзе ўсё добра, але, з другога боку, можа быць і бяда: без яго, старога, асмялее нявестка, захоча ўзвысіць сябе і мужа, прыбраць усё да сваіх рук. А гэта значыць, што адпіхне свякроў, змусіць адысці Адама. Канечне, рана-позна братам трэба дзяліцца, заводзіць сваю гаспадарку, але ці паразумеюцца яны мірна без яго?
Читать дальше