Васіль падхапіўся. Не ўбачыў, a толькі пачуў у цемені-гушчэчы: Мурзік стаяў паблізу калёс i гаўкаў на пакрытае чарнатою поле.
— Што тут? — падхапіўшыся, ca спалохам запытала Яніна.
— Нічога не відаць, — адказаў ён.~ Можа, цяўкае на зайца альбо на вожыка. Ці на якую аўчарку, што адбілася ад свайго гаспадара.
— Ваўкі! — усклікнула Яніна i ca страхам прытулілася да яго.
Васіль таксама згледзеў: бліснулі непадалёку, відаць, ужо на пагонцы, агеньчыкі. Можа, i нейчыя іншыя — дзе тут разбярэшся ўночы ды спрасоння.
— Не бойся, — хутка апомніўшыся, супакоіў Васіль i дастаў з-пад падушкі падораны Васюковым пісталет. — Маем чым абараніцца.
— Кажуць, не надта цяпер ваўкі ды аўчаркі баяцца чалавека ці стрэлаў,— бліжэй тулячыся, ціха сказала яна.
Агеньчыкаў на пагонцы скупілася шмат. Ваўкі, здаецца. Можа, беглі па іхніх учарашніх слядах, вымкнуліся на пагонку — вынюхаць, хто тут заявіўся жывы, ці пачакаць новай важаковай каманды, што рабіць: нападаць ці не? Мурзік, адчуўшы страх, сцяўся, баязліва шуснуў пад калёсы; Рыжы на поплаве, здаецца, падхапіўся, таксама падаўся сюды, шукаючы ў ix, людзей, абароны.
— На нас ідуць… — задрыжэла Яніна.
Васіль падняў руку i стрэліў — туды, на пагонку, панёсся пагрозны агонь. Залажыла ў вушах ад гучнага стрэлу. Агеньчыкі замітусіліся, а пасля раптоўна зніклі ваўкі, здаецца, пашыбавалі па пагонцы ў вёску. Мурзік выскачыў з-пад калёс i ўжо смела загаўкаў услед пераможным брэхам.
— О божа! — уздыхнула Яніна. — Як б’ецца сэрца. Здаецца, выскачыць з грудзей… Не, я тут уночы адна ніколі не застануся… — i неўзабаве зноў насцярожылася, тузнула яго за руку. — Чуеш: тупат?!
Сапраўды, па дарозе ад крычатоўскага лесу хтосьці бег. I якраз сюды. Можа, яшчэ ваўкі перлі перад сабою ласіны статак. Але, кажуць жа, цяпер ласёў вельмі мала: выбілі за вайну людзі, нямала парвалі ваўкі ды аўчаркі.
Здаецца, тупат быў ужо на пагонцы. Бліснула адтуль святло. Доўгім яркім промнем. З ліхтарыка. Значыць, беглі сюды людзі. Здаецца, яны ўжо згледзелі іхнія калёсы, Рыжага, запаволіліся i закрочылі марудней, высвечваючы папялішча. Падыходзіла, здаецца, не меней дзесяці чалавек. Мурзік зноў шуснуў над калёсы. Ён быў хітры i навучаны за вайну сабака, не на кожнага чалавека брахаў.
— Хто такія? — за крокі два да ix запытаў пярэдні нечаканы госць. Загаварыў па-руску.
— Бежанцы, — адказаў Васіль, амаль нічога не бачачы: сляпіла вочы нацэленае на твар ліхтарнае святло.
— Хто страляў? — зноў пачуўся той жа строгі голас. — Каму быў сігнал?
— Я страляў,— прызнаўся Васіль, — Адганяў ад калёс ваўкоў ці аўчарак.
Чалавек, што пытаўся, тут жа загаварыў па-нямецку — прышэльцы заварушыліся, загергеталі. Васіль, крыху ведаючы нямецкую мову, нават тое-сёе зразумеў.
— Чую па гутарцы: тутэйшыя, беларусы, — сказаў перакладчык. — Кажуць: бежанцы.
— Відаць, бежанцы, — прамовіў нехта іншы, здаецца, стары ўжо чалавек, — Не падобна, каб былі ў засадзе ці за сігнальшчыкаў…
— Для ix вайна скончылася ўжо? — здзівіўся хтосьці іншы. — Вярнуліся сюды жыць? На пустэчу?!
— Чалавек, дружа, такі: жывы — пра жывое i думае… — зноў пачуўся старэчы голас. — А тутэйшыя людзі тым больш… Яны жывушчыя i трывушчыя, як жывёла… Зарыецца, як крот, у зямлю, будзе галодны, голы i босы, але выжыве… Пра іхнюю трывушчасць мне яшчэ бацька гаварыў: ён быў тут у тую, першую, вайну, нагледзеўся ўсяго…
Чалавек з ліхтарыкам падышоў бліжэй. Высокі, з аўтаматам у руцэ, у афіцэрскім мундзіры.
— Зброю сюды! — закамандаваў.
Васіль дастаў з-пад падушкі пісталет (калі ткнуў туды, не запомніў), падаў. Той выцягнуў руку, забраў, сунуў пісталет сабе ў кішэню галіфэ.
— Яшчэ маеш што? — запытаў і, калі Васіль адказаў, што цяпер абяззброены, ужо больш паспакайнела: — Тэта — Янковічы? Так?
Пачуўшы адказ, пачапіў аўтамат на плячук, дастаў з афіцэрскай сумкі карту, разаслаў на коўдры, на іхніх нагах і, накіраваўшы на яе святло, тыцнуў брудным пальцам у кружок.
— Тут — Пруды? Лявей — Налібакі? Так?
— Так, — пацвердзіў Васіль.
— Чырвонаармейцаў вось тут, у налібацкім лесе, бачыў? — загарнуўшы карту, запытаў яшчэ.
— Мы тут толькі першую ноч: i ехалі сюды крычатоўскім лесам, у налібацкім лесе не былі.
— A ў крычатоўскім лесе чырвонаармейцаў бачыў?
— Не.
— Калі бачыў, дык гавары. Заманіш у пастку — вернемся i расстраляем.
— Праўду кажу. Далібог.
— А з мілкай, як кажуць у вас, i ў шалашы рай? Га? — нечакана перамяніў гамонку перакладчык, хапнуў Яніну за грудзі.
Читать дальше