— Не, — амаль у адзін голас адказалі Васіль i Яніна.
Васюкоў хацеў яшчэ нешта запытаць, але ўбачыў у
Янініных вачах устрывожаную насцярожанасць, дык змаўчаў, перавёў позірк на Васіля.
— Маю для вас, маладажоны, прыемную неспадзяванку, — усміхнуўся. — Прынёс першы ваш сумесны новы, савецкі, дакумент, — дастаў з ніжняй кішэні жупана самадзялковую кніжачку. Здаецца, з выразаным аднекуль i наклееным гербам, з надпісамі на вокладцы на дзвюх мовах: «Свидетельство о браке», «Пасведчанне аб шлюбе». Падаў.— Віншую! Праўда, пакуль што i самаробны наш, сельсавецкі, дакумент, i прыходзіцца ўручаць зусім празаічна… Але, думаю, гэта не бяда. Наладзіць мірную работу раён — абмяняем на новы, сапраўдны, дакумент i ўручым урачыста… Галоўнае іншае: вы першая новая сям’я на вызваленай зямлі нашага сельсавета! Хоць i з рызыкаю, але чэпка стаіцё на зямлі! Малайцы! Як i ўсе беларусы, вы шматпакутныя, але жыццялюбныя, руплівыя, цягавітыя!
Новы, адзін на дваіх, дакумент узяў Васіль. Цеплынёю аблілося сэрца: паверылася, што нават i з гэтым самаробным дакументам павінна пачацца ў ix зусім новае жыццё. Не толькі, як кажуць, законнае, але сапраўднае, спакойнае, радаснае, якое яны бачылі ў марах i летась, i сёлета, калі, хочучы пажаніцца, з нецярпеннем чакалі канца доўгай вайны i пачатку мірных дзён.
— На добры толк, дык i не шкодзіла б замачыць такую важную падзею… — усміхнуўся Васюкоў, бачачы, што i сваёю ўвагай, i гэтым дакументам усцешыў маладажонаў.
— Трэба было б, але няма гарэлкі,- збянтэжыўся Васіль.
— Нічога, — лагодна прамовіў госць. — Замочым пазней, нікуды гэта не збяжыць. Абы былі мы, а гарэлка, гулянкі будуць. — I зноў пільна зірнуў на Яніну, што тая аж збянтэжылася. I Васіль адчуў: нешта Васюкоў нядаўна не дагаварыў, штосьці яго вельмі непакоіць, ды толькі ён, здаецца, стрымліваецца ўсё гаварыць пры Яніне. Нібы ў доказ гэтага Васюкоў неўзабаве i прамовіў: — Маю да вас, маладыя людзі, яшчэ адну размову. Не дужа приемную, але вельмі сур’ёзную, адказную…
Зноў учэпіста зірнуў на Яніну, занытаў:
— Скажы, маладзічка, дзе твой брат?
Тая знерухомела, залыпала вейкамі, насцярожана зірнула на Васюкова. Янку яшчэ на тым тыдні з івянецкага прызыўнога пункта ўзялі на фронт. Яны, Яніна, яе маці, Васіль, усе разам адвозілі таго ў Івянец, развіталіся, жадалі яму добра ваяваць, застацца жывым i вяртацца дадому.
— Не заяўляўся часамі тут, каля вас?
Яніна пахітала галавою: не. Вусны яе плаксіва ўздрыгнулі. I да яго, Васіля, шыбнула цяплынь да галавы: ён адчуў нейкую бяду.
— Вось што, дарагія мае, — Васюкоў паклаў ім рукі на плечы. — Буду з вамі шчыры, як з сябрамі. Памагалі дагэтуль, памажыце i цяпер… Адным словам, як i самі бачыце, тут, на вызваленай зямлі, ідзе набор у Чырвоную Армію. Люд разумее патрэбы вайны, краіны, ідзе з патрыятычным настроем. Але ёсць i такія, што ўхіляюцца ад набору — падмалоджваюцца, прыбаўляюць сабе гады, хаваюцца, уцякаюць з часцей. I вельмі шкода, што сярод гэтых дэзерціраў ёсць добрыя людзі. Паліцаі, зламыснікі пусцілі чутку, што нашы цяпер помсцяць люду Заходняй Беларусі за тое, што ён не сышоў у бежанства, быў у акупацыі, паводзіўся адмыслова,і яшчэ нібы за тое-сёе… Маўляў, бяруць у Чырвоную Армію маладых мужчын i хлопцаў, партызан таксама i, нават не пераапранаючы, адразу ж кідаюць у бой — бярыце самі свае гарады ды вёскі… I, плятуць, цывільны люд, партызаны, нязвыклыя да адкрытых баёў, гінуць тысячамі… Дык вось, Яніна, ваш Янка паверыў гэтай хлусні i ўцёк ca сваёй часці…
Васіль, жахаючыся ад таго, што натварыў швагер, анямеў; Яніна ад новай небяспекі, што заявілася над ёй i раднёю, збялела: небяспека была велізарная.
— Паверце, я таксама вельмі перажываю, — прамовіў Васюкоў,— па-першае, дэзерцірства — злачынства, па законах ваеннага часу караецца строга. Па-другое, у роспачы ці ў страху, разгубленасці Янка прыбіўся да банды Вяршка… A самі ведаеце, хто такі Вяршок. Адпеты бандзюга… Ён змусіць маладога хлопца стаць забойцам…
— О божа! — усклікнула Яніна i закрыла твар рукамі.
— Я не страшу, — сказаў Васюкоў.— Кажу ж, шчыра шкадую, што такое вытварыў Янка. Добры ж хлопец. Працавіты, шчыры, сарамлівы. Ды толькі во такі надумлівы ды… Я вас папрашу: зойдзе ён да вас — змусьце, упрасіце, каб напрамілы бог уцякаў ад Вяршка ды ішоў з пакаяннем у ваенкамат. Праўда, я не даклярую, што яму даруюць, але… Мне здаецца, у яго ёсць адзін маленечкі шанц. Яму трэба не толькі вярнуцца, пакаяцца, але i прывесці Вяршка з хеўраю. Альбо падказаць іхнія хады, схованку. Гэта будзе нялёгка зрабіць, але, паўтараю, я тут бачу нейкі шанц…
Читать дальше