Пазней, калі са смакам пасёрбалі булёну — з маладой бульбы-самасейкі, са шчопаццю чырвонаармейскіх макаронаў, запраўленага чырвонаармейскаю тушонкаю, — пачалі рыхтавацца да сну.
Памыўшы пасуду, Яніна зладкавала на калёсах пасцель — падбіла ўзятае яшчэ ў Ружэвічах сена, дастала з клунка тое-сёе са свайго пасагу — дзяружку, падушкі i коўдру.
Васіль за тэты час схаваў у надзейным месцы торбу з харчам, патушыў цяпельца. Не варта, каб яно некаму — надта ліхому — кідалася здалёку ў вочы.
Без агню стала цёмна. З высі на ваколіцы адразу ж пала цемень, накрыла поле, блізкі лес, хутар, ix абаіх цішынёю. Гэтая цішыня была, амаль сказаць, нязвыклая. Бадай, страшнаватая. Здаецца, звыклыя, вабныя былі цёмнае неба, рэдкія далёкія зорачкі, а вось усё астатняе насцярожвала ды прыгнятала: па тым, што нідзе вакол не рьшалі вороты ці калодзежныя жураўлі, не чуўся чалавечы голас ці сабачы брэх, не тарахцелі калёсы альбо не даносіўся стук сякеры, адчувалася: вакол безжыццёвая, абязлюджаная прастора.
Вёска, хутар, калі яны з людзьмі, дык i цяпер, увечар, іншыя. Можа, таксама ціхія, але i ў цішыні ўсё роўна адчуваецца жыццё.
— Якая нямая ціш! — прашаптала Яніна, тулячыся да яго. — Нідзе ніякага гуку! Хоць бы кот дзе мяўкнуў ці нейчы крок пачуўся! Гэткая немата не меней страшная, чым гвалтоўная часіна, калі блізка страляюць ці паляць. Вусцішна.
— Вернуцца людзі з Германіі, асядуць — будзе ўсё па-людску, як i трэба, — супакоіў ён, — Зноў будзе гамана, смех, крыкі, песні…
— Калі яшчэ вернуцца! I ці вернуцца?
— Вайна скончыцца, усё ўляжацца, дык адразу i вернуцца.
— A ці адпусцяць ix? Ці тут прымуць? — у Янініным голасе пачулася трывога, — А можа, ix усіх там, не дай божа, замучаць ды паб’юць перад прыходам нашай арміі?
— Не можа быць, каб пазводзілі гэтулькі людзей, вёсак, — гэтая трывога нечакана перадалася i яму, кальнула шпількаю ў сэрца, але ён стараўся ёй не паддацца. Лягчэй нашмат жыць, калі сам сябе супакоіш, маеш моцны дух. — Яшчэ ж увесну, перад наступлением, присылал} каторыя ў Ружэвічы i ў іншыя вёскі весткі, пісьмы, пісалі, што маюць многа работы на нямецкіх заводах i фабрыках, у вёсках, бяспраўныя, але жывыя…
— Хіба дасі цяпер іхнім гаспадарам вялікую веру? Хіба тут, у нас, мала тыя пабілі люду? Каторыя вёскі, як нашы Янковічы i блізкія хутары, палілі без людзей, a ў каторых зганялі старых, малых у якое гумно, запіралі i палілі ўсіх… А на канец вайны… Адзін бог ведае, што яны могуць вытварыць ад вялікай злосці…
Васіль таксама адчуваў: вогненны віхор пранёсся ўжо на роднай зямлі туды i назад, памчаўся да кастра, адкуль выскачыў. Але праўда, як кажа Яніна, хто ж ведае, што там, у нелюдзевай бярлозе, будзе, хто выжыве, а хто i не ўцалее? Канечне, апошні бой будзе жорсткі, люты. Канечне, можа быць нямала ахвяр — наўмысных i ненаўмысных. Як сярод салдат з розных бакоў, так i сярод цывільнага люду — тамтутэйшага i вывезенага, — так, можа, i сярод янкоўцаў. А з янкоўцамі павезлі туды яго маці, сястру, трох братоў (ён, Васіль, уцёк па дарозе i ў Германію не трапіў). Бацька памёр яшчэ тут, у няспаленай хаце, да блакады. Лічы, у адзін час з Янініным бацькам. Каб на добры час, дык, можа, абодва i засталіся б жыць: адзін памёр ад нарыўнога зуба, a другі — ад запалення лёгкіх. Ix, канечне, загубіла не хвароба, а вайна, безурачоўе. Янініна маці засталася ў бежанстве, у Ружэвічах, а яе сына на тым тыдні ўзялі на фронт.
— Не дай бог, калі прыйдзецца адным жыць тут… — прамовіла Яніна. — Адным на ўсё хутарское i янкоўскае поле ці з чужымі, наезджымі, людзьмі…
Аж сшэрхла скура ад яе гэтых думак: праўда, калі раптам пагінуць на чужыне ўсе янкоўцы, дык яны застануцца тут адны, як сіроты ці як апошнія тутэйшыя насельнікі. Тады сапраўды Янковічы могуць i звесціся, калі раптам у ix, у яго i яе, не будзе дзяцей…
— Не. Душа чуо: i жывуць нашы людзі, i жывыя дадому вернуцца, — адказаў ён, цяпер ужо сам сябе падбадзёрваючы. — Іначай бог зусім ужо нелітасцівы… А мы першыя тут, як кажа Васюкоў, пачнем заводзіць новы, янкоўскі род…
— От кажаш… — папікнула. — Не гняві без дай прычыны бога, калі хочаш, каб спрыяў…
— Хіба я гняўлю яго? Я ж прашу, каб быў літасцівы. I да ўсіх янкоўцаў, i да нас. Што мы дагэтуль найболей бачылі? Лічы, адны толькі калатнечы, звады, рабаўйіцтва, знявагі ды гора…
— А недзе ж там, высока i далека, рай, — відаць, з таемнасцю пазіраючы ў цёмнае неба, прамовіла яна задумліва. — Там легка, шчасліва, без калатнечы, звад, рабаўніцтва, без зняваг i гора жывуць душы, што не грашылі, а шмат напакутаваліся на зямлі… Недзе там сядзіць i Ён i, можа, нават цяпер пазірае на нас. Бачыць вакол поле, лес, папялішчы, але адны шустрыя ды не зусім мудрыя маладыя ўжо тут… Відаць, хітае галавою ад нашай залішняй смеласці…
Читать дальше