— Янак, — яна адхінулася ад яго, — як сёння прыедзе Казік, то адразу сама i скажу… Не будзе ў нас з ім жыцця… Мы з’едзем куды — хоць у Сібір, хоць у Казахстан, — а пасля, калі ўсе забудуць, можам i вярнуцца. Чаго маўчыш? Скажы што…
— Думаеш, мне легка? — ціха сказаў Янак. — Як падумаю, што ты ўжо…
— Ну, якая? — не дачакаўшыся, нецярпліва запытала Оля.
— Якая! Чужая…
— Чужая… — перакрывіла Оля. — Вось як… Ды ты ні кропелькі мяне не кахаў. Кахаў бы — усё зразумеў…
Оля яшчэ шмат папікала, а пасля нечакана падхапілася i пабегла ў густы дождж.
— Янак, — перабегшы да свайго суседа, усклікнуў я, — пакатаеш мяне сёння? Вунь як будуць ляцець з-пад колаў пырскі!
— Адчапіся ты! — буркнуў той. — Не да цябе…
Казік прыехаў дамоў пад вечар, прывёз мне ўсялякіх ласункаў. Сам не разумею, як усё здарылася, але ён змусіў мяне расказаць пра сённяшні дзень. Слухаў, кусаў вусны.
— А ты хоць, асёл, з імі ў адной капе сядзеў ці воддаль дзе? — закрычаў на мяне.
— Воддаль.
— Эх ты, дубіна!
— Чаго ты так на Пецьку крычыш? — аднекуль нахапілася Оля.
— Ну, хадзі, хадзі сюды, галубка… — паківаў пальцам Казік. — Раскажы, падзяліся шчыра, як сумна адной без мужа, як… Усё-ўсё раскажы.
Оля стрэльнула позіркам на мяне — я не міргнуў i вокам: ведай, як хлусіць.
— Ну, расказвай, мадам…
— Казік, нам з табой…
— Што — нам?.. — закрычаў Казік i хапіў яе за плячо. — Сволач ты! Абы толькі пакінуў адну, то… Варту ставіць да цябе?
— Казік, ты не любіш мяне, ты мяне ўзяў, каб толькі…
— Гэта як я захачу! — перабіў яе Казік. — Калі ўзяў, то ты — мая.
— Мы павінны ўзяць развод! I чым хутчэй, тым лепш.
— Я табе дам развод! Я табе… — Казік замахнуўся i ўдарыў Олю па шчацэ. — Ну, я не люблю цябе i не любіў, я памыліўся, паспяшаўся, мне не такая баба, як ты, патрэбна…
Ён замахнуўся яшчэ раз, але я не стрываў, падбег i павіс на яго руцэ.
— Не бі Олю! Яна харошая! Оля добрая! Скажу тату!..
— Усе вы добрыя, — адкінуў мяне брат. — Усе вы абманваеце мяне: робіце адно, а гаворыце другое.
Оля вырвалася, уцякла да суседзяў. Пакінуўшы брата, услед за ёю пабег i я.
Сёння зноў прыязджае дамоў Казік. Я не ведаю: ажаніўся ён з «дачкой якога-небудзь туза» ці не. Але я рашыў, што не пакажу яму, нізашто не пакажу ліст, што прыслалі Янак i Оля з цаліны. Я не скажу яму, што атрымаў учора першую пяцёрку, што настаўніца мяне пахваліла, не прагаваруся Казіку i пра тое, што калі навучуся пісаць, дык абавязкова напішу Олі ліст. Раскажу, як яе я любіў, папрашу ў яе прабачэння за тую віну перад ёю. Я ёй усё-ўсё апішу, пажадаю шчасця…
Прысвячаю маладым бацькам 1944 i 1945 гадоў
Самалёты ляцелі адзін за адным, натужна гулі, i ад гэтага густога, настойлівага гулу, здаецца, трымцела ды звінела не толькі высокае неба, але i зямля. Калі яны наблізіліся, Васіль нібы аглухнуў: заклала ў вушах. Усё ранейшае — шапаценне пяску пад коламі, калёсны рып, птушыныя спевы, лясны ціхі звон — патанула ў гэтым магутным неспакоі.
Яніна закрыла твар далонямі i з насцярогаю прыціснулася да Васіля. Гэтыя насцярога ды боязь самалётаў заявіліся ў яе яшчэ ў блакаду, калі немцы пачалі бамбіць партызанскія лагеры ў Налібацкай пушчы, а таксама — сёлета, пасля нядаўніх кароткіх, але лютых баёў над Ружэвічамі. I ў тыя бамбёжкі, i ў гэтыя баі самалёты страшна вылі, скаланалі паветра i зямлю стрэламі ды выбухамі. Сёлета некалькі ахопленых агнём машын нават упала каля вёскі, адна — зусім на гародзе канцавой хаты. Ад упалага самалёта загінула сям’я, якая хавалася ў акопчыку, а ад узрыву i агню загарэлася некалькі блізкіх дамоў i ва ўсім засценку павыбівала шыбы ў вокнах.
Васіль прыпыніў каля густалістай бярэзіны каня i задраў галаву, стараючыся пазнаць: чые ў светлым, нават белаватым ад шчодрага сонца небе самалёты? Заўважылі зверху ix тут, на лясной дарозе, ці не? Паласнуць кулямётнаю чаргою ці не пазважаюць на адзінокую фурманку, паляцяць далей — сваім шляхам?
Самалёты, як здалося адгэтуль, з зямлі, былі шэразеленаватыя, з светлымі водбліскамі. Вось накрылі ценем, паказалі свае знакі — чырвоныя зорачкі з белаю акаймоўкаю. Праляцелі над імі, памкнуліся наперад, на захад. Гул, адбіваючыся ад зямлі, хваляваў-калыхаў паветра. Яно, парушанае ды ўстрывожанае, дрыжала, аж спявала-стагнала ад цяжару.
— Бамбавозы, «ПЕ-2», — калі самалёты пагналі гул наперад i аддаліліся, з палёгкаю прамовіў ён. — Відаць, паляцелі на Ліду. На аэрадром.
Читать дальше