«Што маленькая… Саромеецца».
Я хуценька распрануўся, скокнуў у ваду, на хвіліну ад задавальнення заплюшчыў вочы, пасля пачаў плюскацца. Гонячы перад сабою вялікія, адзін за адным кругі, падплыла i Оля, моцна б’ючы па вадзе.
«I плаваць добра не ўмее. Я лепей…»
Оля апырскала мой твар вадой, пачала біць па вадзе далонню. I пакуль я засланяў рукамі твар ад пырскаў, яна прыцягнула мяне да сябе. Я пачаў адхінацца, але Оля трымала моцна. Тады я ўшчыпнуў яе за жывот, яна войкнула i села ў ваду. А я выскачыў на бераг.
— Няможна так, — паскардзілася яна. — Пецік, не ўцякай… Я жартам…
Пасля яна вылезла з вады, прыкрыла грудзі рукамi. Прысела. Папрасіла, каб я расчэсваў ёй валасы. Доўгія, на ўсю спіну, мяккія-мяккія, прыгожыя. Калі я працягваў зверху грэбенем, Оля зажмурвалася. На яе спіну зляталі з грэбня кроплі вады, ад ix Оля аж выгінала спіну.
— Пецька, ты любіш мяне?
— Не ведаю, — засаромеўся я.
— Як гэта ты не ведаеш? Не любіш, значыць, — яна, мусіць, пакрыўдзілася. — А скажы, Янак любіць мяне?
Я паціснуў плячыма.
— А ты Янака любіш? — зірнула на мяне неяк з не цярплівасцю.
— Люблю, — адразу адказаў я.
— A Казіка? Любіш ты Казіка?
— Не ведаю, — паціснуў я плячыма.
— I я не ведаю, ці люблю Казіка, — Оля сказала i змоўкла, пасля прытуліла мяне да сябе, пачала гладзіць па мокрай галаве. — I я Янака больш люблю, мне за яго трэба было замуж ісці, але, — яна ўздыхнула, — ты гэтага яшчэ не зразумееш! А цябе я, дурненькі, вельмі люблю. Больш, як Казіка, як Янака, як тату. Сіротка мая… Ты добры, Пецька, толькі нешта хаваеш ад мяне, недагаворваеш. Чаго ты ўчора за мною ішоў, калі я да Ані вечарам выходзіла?
Я апусціў галаву i маўчаў, мне стала сорамна, што Оля здагадалася, што я за ёй трохі падпільноўваю.
— Сама цяжка, калі бачыш, што нехта табе не верыць. Значыць, не любіць цябе, зневажае… Цяжка, аж плакаць хочацца…
— Я, я… люблю цябе…
— Я не пра цябе, Пецька. Я пра яго, пра свайго… — Яна стала бокам да мяне, пачала адзявацца. — Ужо i ў школу хутка табе. Заўтра мы, можа, паедзем у раён. Касцюмчык, туфелькі новыя табе пастараемся…
Ідучы дамоў, мы згледзелі Казіка. Оля кінула мяне i пабегла да яго, высокага, з пышнымі бакенбардамі. Кінулася на грудзіну, абхапіла шыю рукамі.
— Пачакай, — адштурхнуў яе Казік, — дай штаны ачысціць, а то — як вахлак хаджу.
Оля адскочыла ад яго, адвярнулася i закрыла твар рукамі.
— Ладна, кінь крыўды. Будзь прасцей, — абняў яе Казік, зірнуў на мяне. — А ты тут чаго? Кыш адсюль…
Я адбегся i азірнуўся. Казік i Оля цалаваліся.
«I Казіку цяпер добра. Бач, як доўга цалуюцца, хочуць, каб паболей хораша было».
…Вечарам, сустрэўшы на вуліцы хмурага Янака, я пацягнуў яго за руку ў наш двор. Ён здзіўлена пазіраў на мяие. Я паказаў яму на высокую яблыню: пад ёю на разасланай дзяружцы ляжала Оля, а збоку сядзеў ля яе Казік.
— Мазалі на тваіх руках… — гаварыў Казік. — Вёдры цягаеш? Не цягай.
— Шкода твайго бацькі,— прашаптала Оля, — мужчына, а…
— Шкода, шкода… Падумаеш, мне вялікі гонар, што мая жонка свіныя вёдры носіць… Паедзем са мной. А то здзічэеш тут, сярод свіней. Сорам будзе людзям паказаць.
— Глядзі, глядзі! — тузануў я Янака за рукаў.
— От! Другі раз вушы абарву, калі будзеш лезці не ў сваё, — адпіхнуў мяне злосна Янак i пайшоў.
— Ну, як? — злавіў мяне пасля вячэры аднаго на дварэ Казік. — Яны, гэтага… не цмокаліся?
— Не, — утаіў я.
— Ты, пацан, праўду гавары!
— Далібог, не бачыў,— сказаў я.
— Ціх! — сыкнуў на мяне Казік. — Яна, можа, стаіць дзе i падслухоўвае. Ты мо i не думаў глядзець за імі?
— Дальбог, глядзеў…
— Ну, ладна. Малайчына! — пагладзіў Казік па маёй галаве. — А касцюмчык табе Оля купіць. Ведай маю дабрату! Ты, брат, пільнуй. Ты мала каму вер на гэтым свеце. Пацан, салага ты яшчэ, некалі ўбачыш…
Я так i не зразумеў тады, што ён мне хацеў сказаць, але толькі не паслухаўся яго, па-колішняму верыў тату, Янаку, Олі, а яму… Сапраўды, чамусьці Казіку мне не хацелася верыць.
Нядзелі я ніяк не мог прычакаць. У гэты дзень медпункт не працаваў, i Оля мелася быць дома. Яна падакляравала мне касцюм, а яшчэ сказала, што пачастуе марожаным, якога я дагэтуль i ў вочы ніколі не бачыў.
Устаў я раненька, раней за ўсіх. Дапамог Олі падмесці двор, знёс кошыкамі ў поле смецце, а пасля прынёс сырога, жоўтага пяску i густа высыпаў сцежку.
Пазней мужчыны, што прыходзілі падстрыгацца да майго бацькі, страшылі мяне, што я адаб’юся ў горадзе ад Олі, буду бегаць i плакаць адзін. Але я не баяўся: ведаў, што яны жартуюць.
Читать дальше