— Тата, тата?.. Гэта ты пабудзіў Олю? — шэптам спытаў я ў бацькі — ён ляжаў побач.
— Уга! Сама, — таксама ціха прашаптаў ён. — Кажа: «Спіце, тата. Хіба ваша гэта работа з каровамі i свіннямі пэцкацца? I карову сама падганю, хай падрэмле яшчэ Пецька». Далібог, так i сказала. Кажа, што падніме нас, калі снеданне згатуецца.
Бацька мігам схаваў галаву, стаіўся i я: сюды ішла Оля. Я чуў — сцягнула з маёй галавы коўдру, дыхнула цяплом, мусіць, ад печы, i сціснула мой нос. Я не ўтрымаўся, каб не ўсміхнуцца.
— Спіш, швагрусёк? — прашаптала яна i прыгарнула мяне да сябе, прыткнуўшы сваю шчаку да маёй. — Ну, паспі яшчэ трошачкі,— накрыла мяне i адышла.
Мне стала лёгка-лёгка i радасна, здаецца, намнога вальней забілася сэрца.
Калі мы паснедалі, Оля паехала на бацькавым веласіпедзе ў медпункт. Панеслася што віхор.
— От галаву яшчэ дзе скруціць! — усміхнуўся сабе пад нос бацька. — Хоць бы цішэй крыху…
«Во! — падумалася мне. — Каб я так насіўся на тваім веласіпедзе, то скора забраў бы i накруціў бы вушы. I на Казіка насварыўся б. А на Олю — не…»
Заўважыў я, што раней звычайнага пачаў прыязджаць з работы Янак. Ён несся на «Яве» што чорт, аж крычалі i ляцелі ў свае двары куры, a бабулькі спалохана падбіралі ca сцежак малых дзяцей.
— Слухай, Оля ўжо вярнулася? — спытаў ён аднаго дня, нечага чырванеючы.
— Не, — шчыра прызнаўся я. — A які ў цябе да Олі інтарэс?
— Дваякі! — ён даў мне ў лоб пстрычку i засмяяўся. — Менш старайся ў свае гады ведаць! Слухай, — Янак пацішэў,— хадзі сюды. Ну, не бойся. Гэта во — табе. А гэты кулёк аддасі Олі. Скажаш, што ты купіў за свае грошы, — ён прыплюшчыў вока. — Я чуў, што бразгаюць капейкі ў цябе. Ці не Казік раздабрухаўся?
— Не, — зманіў я i адчуў, што запалалі шчокі.— Тата даў. А чаму ты сам ёй не хочаш даць? Чаго ты яе баішся? Вось я…
— Ну, аддасі?
Не паспеў я пакаштаваць i першай цукеркі, як на веласіпедзе ўляцела ў двор Оля. Саскочыла з яго, падбегла да мяне. Бегла босая i таму на пятках — калоўся пясок. Яна падхапіла мяне пад пахі i памчала ў хату. Я не бараніўся i адчуваў сябе неяк няёмка, саромеўся. Відаць, ад таго, што я гэтак мала пазнаў цяпла i ласкі матчыных рук: яна памерла, калі мне не было i года.
— Ведаеш што, Пецька? — Оля прыціснула мяне да грудзей. — Зараз пабяжым купацца. Спацела я! Запылела! Ой! — яна апусціла мяне на падлогу. — I ногі ж у цябе! Хоць рэпу сей. Каб бачыла раней, то не захацела б сябраваць з табой.
— Я памыюся сёння, — мне стала сорамна перад Оляю. — На, — не паднімаючы вачэй, падаў ёй кулёк з цукеркамі.
— Цукеркі? — яна засмяялася, разарваўшы кулёк, усыпала мне за пазуху цэлую жменю. — А табе хто даў?
— Янак.
— Янак?
— Ну, — я раптам адчуў, што прагаварыўся. — Гэта я пасмяяўся. Я сам купіў.
— Ты? А дзе ж ты гэтулькі грошай узяў?
— Казік даў.
— Ой, Пецька, любанькі, не мані,— яна паківала галавою. — Няможна. Ну, скажы праўду. Янак купіў, га?
— Ага, — матнуў я галавою, ведаючы, што давядзецца ўжо з тыдзень не падысці да Янакавай «Явы».
Оля шпарка падбегла да акна, расчыніла яго, перагнулася:
— Янак?
— У-У, — пачуўся яго голас.
— Дзякуй за падарунак! Не забыўся: сёння ў мяне дзень нараджэння!
— За які падарунак? — Янакаў голас пачуўся бліжэй. — Нічога не разумею.
— Ой, не ведаеш! — Оля паківала галавою. — От хлусы сабраліся! I малы, i вялікі.
Не дачакаўшыся Янакавага адказу, Оля падбегла да мяне, падняла мой падбародак i цмокнула ў шчаку.
Калі мы з ёю выходзілі з хаты, я ўбачыў, што Янак сядзеў у сваім дварэ i корпаўся ў матацыкле.
«I што ён там робіць? Нядаўна хваліўся, што „Ява“ спраўная».
— Пайшлі на рэчку, хлус! — пазвала яго Оля.
— Я памыўся ўжо, — сказаў Янак, не паварочваючыся.
— Памыўся! Калі ты паспеў! — засмяялася Оля.
Яна зайшла ў суседскі двор, да Янака, паваліла яго на спіну.
— Пайшлі!
— Я ж быў…— расплыўся нарэшце ва ўсмешцы i Янак.
— Ах ты манюка! — Оля нагнулася, валасы апалі на Янакаву галаву. Я ўбачыў, што яна пацалавала суседа.
«I Янаку цяпер добра».
Оля ўскочыла, схапіла маю руку, i мы пабеглі. Я азірнуўся. Янак стаяў i глядзеў нам услед.
Рэчка ў нас неглыбокая. Некалі не было відаць i дна, гаварыў мой бацька, але як пракапалі, каб асушыць балота, вада спала, звялася i рыба.
— Пецік, ты купайся за тым кустом, а я тут буду. Усё ж ты хлопец, — пажартавала Оля.
Праз лісце алешніку я зірнуў i ўбачыў, як яна сцягвала цераз галаву світэр. Апускаючы на ногі спадніцу, яна цікнула на мяне.
— Швагра! Не глядзі!
Читать дальше