Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце i траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго i малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць i сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся i абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць i лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх — сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку, — i ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.
Яму не цярпелася ўскочыць i пабегчы туды, да людзей, i калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве i нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы i сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі i — самае важнае — там ён зусім непатрэбны…
Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім сабе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага i другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця i травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.
Ён пачаў накрысе дзічэць. Можа, i зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям’і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.
Губаты не мог яшчэ зусім ад ix адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана дадёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да ix на злом галавы праз стары лес. Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі i граблямі. Чакаючы смачнага хлеба i аж пускаючы слінкі, кінуўся да ix, падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску i сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары ix аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю…
…Гэтых двух маладжавых мужчын — высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары i маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высотах ботах i фуфайках, — якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, a ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.
Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку i скуб лісце. Як лавіў ротам галінку i цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося i абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна. Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але i не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.
— Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей…
— Страшнавата неяк, халера… — дрыготкім голасам прамовіў маларослы. — Закон жа ест строгі!..
— Бо ідзеш так у першы раз… — хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне i паднімаючы вышэй стрэльбу. — Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса — i варанага, i паранага, i катлетак, i шметак, — то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес… Стой! — Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка. — Дальбуг, вунь ён стаіць…
— Дзе? — пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.
— Па кубельцу, брат, будзя… — прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку i апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу. — Так што не лгалі людзі, бачылі-такі…
Губаты ўсё стаяў i пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах ca ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла i леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.
— Э-э, стралок! — грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму. — Ды ў цябе рукі калоцяцца i губы дрыжаць, як у зайца… То я пальну… Калі не ўкладу, то ты тады бі…— i паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам i ведучы ў яго бок ствалом.
Читать дальше