Унучка сарамліва аблізваецца i моргае, ужо не соннымі вачыма.
Але, відаць, не каецца, што салгала, — яна ж хацела зрабіць сваёй бабцы прыемнае.
Потым старая мые яе, выцірае, ставіць голымі каленкамі на падлогу i пачынае «маліць». Міла i сёння зноў памыляецца, за што цяпер дзякаваць бабінаму «бозі» — за «шчаслівы дзянёк» ці за «шчаслівую ночку». А баба зноў злуе:
— Нябось пра рэпку дык ты не забудзешся!
Па снеданні пачынаюцца гулі — сонца, трава, вясёлыя вочы, прыгажэйшы за ўсякую музыку смех. Ды вось зімой нарадзіўся Васіль, i трэба яго калыхаць, пільнаваць. Спяваючы яму пра ўсё тое стракатае, рудое ды вусатае, — пра курачку-рабку, пра лісічку, што падмятае хату, пра Ваську-ката, пра ўсё, што Міла навучылася ад бабы, — малая нянька часта думае, як гэта добра будзе, калі ix Васіль сам навучыцца тэпаць. Яна тады выведзе яго з сабой на вуліцу, як Жэнька іхнюю Зосю. А часта яна, не могучы супакоіць свайго разяваку, кліча бабу ці маму з двара i з прыплачам крычыць: «I што мне рабіць з гэтым дзіцем? Ідзі сама ды глядзі!»
Таксама легка, як салгаць бабулі, што сніла пра дзядзьку Хведара, Міла ўмее ўцячы ад Васіля, пакуль ён спіць або мармыча каля маміных грудзей.
Так яно выйшла i сёння. Пакуль мама карміла малога, нянька ціхенька шмыганула за дзверы.
Дзе ж гэта наша бабуля?
Хутка поўдзень. Каровы з ранак прыйшлі. За гумнамі — кветкі цвітуць у высокай траве. А ў небе — хмаркі калмыкамі, белыя, як пух.
Колькі тут трэба для ціхага шчасця!.. Старая вырвалася ад унукаў ды гаршкоў, ужо зацяжкіх на спрацаваныя рукі, узяла даўгаваты кавалак тычкі i пагнала за гумно Падласку. Карова галодная, як звер, — паша ўжо голая, вытаўклі,— i старой вельмі добра глядзець, што тут трава — любата, што скацінка пад'есць. Сама ж прысела ў нечапанай траве, каб не пускаць карову далека, i думае, глядзіць, адпачываючы душой…
Ды Міла i тут яе знайшла.
— Бабо-о, го-оў! — гукае яна ўсцешана i — эх, чык, чык, як верабей — бяжыць. Абышла асцярожна Падласку, зайшла ў траву i павісла ў бабулі на шыі.
— А дай ты мне свет! — бароніцца тая. I ўжо смяецца, а потым пытае пра Васіля.
Міла кажа, што ён сабе спіць, а мама ў хаце… Але робіцца брыдка, што мама, можа, у грады пайшла… Нянька аблізваецца i слёзна моргае вейкамі.
Бабуля добрая. Яна кажа, што маці паглядзіць там малога i сама, — заплача, дык i з гарода можна пачуць. Нічога ёй, пані, не зробіцца, пакалыша.
— А дзе наш тата?
Ну дык I што, калі яна ўжо, Міла, ведае пра гэта?
— Пайшоў канюшыну касіць, — адказвае баба.
— Куды?
— Куды ж, туды — у поле. Старая нават рукой наказала.
Далека, мусіць, тое «туды»? Вунь аж дакуль трава, а потым поле, потым лес…
Усё ў лёгенькай, зыбкай імгле, ажно лень пазіраць — не паднімаюцца вочы на сонца. А тут вось — кветкі!
— Бабка, я кветачак нарву!
— От калі хіба, нарві!
I пачалася Міліна сапраўдная малітва. У мутнаватым блакіце звоняць, не сціхаюць жаўранкі. A нізам, па густой i глыбокай траве сігае цьь батымі, загарэлымі ножкамі бабіна Міла, збірае кветку да кветкі i моліцца песняй. Словы просяцца самі.
— Кве-та-чач-ка ма-я,
ха-ро-шань-ка-я!..—
дрыжыць над травою песня, трошкі падобная да звону жаўранкаў.
А потым — ах, матыль! Вялікі, жоўценькі, ён лятае з кветкі на кветку, садзіцца, зноў ляціць…
— Ма-ты-лё-ча-чак,
ха — ро-шань-кі!.. —
дрыжыць песня ўдагон матылю.
Міла ўжо вунь як далека ад бабы. А кветак у яе руцэ — усё больш ды больш.
1944
Верасень трыццаць дзевятага года.
Цёмная, мокрая ноч на заходніх подступах Гдыні.
Злева, у даліне, гарыць вялікая кашубская веска. На фоне полымя злыднем тырчыць касцельная вежа. Нядаўна там засеў трэці кулямёг нашай роты. Там цяпер тоўсты, спакойны Кубата, катовіцкі шафёр, з цэлым партфелем, як мы жартавалі калісьці, матчыных пісьмаў за пазухай. Там цяпер Петрык Любка, ад ціхай вячэрняй гаворкі якога дзіўна пахла нашым беларускім сенам… I гэта было ўжо, здаецца, таксама калісьці, ледзь не ў далёкім мійулым… Калі мы ляжалі на другім паверсе казарменных ложкаў, над зялёнымі шорсткімі коўдрамі, побач, i перад сном шапталіся, часамі вельмі доўга.
Таксама «тактыка»! — на вежу касцёла, асветленага пажарам, ды перад самым носам ворага, узняць адзін станкач, узброены дзвюма стужкамі патронаў i цвёрдым загадам — стрымаць ворага з усёй яго наземнай i паветранай тэхнікай…
Што ж, мы павінны былі рабіць i не такія цуды. За тры дні да пачатку вайны наш кулямётпы разлік сядзеў на гарышчы адзінокага дома перад самай гранічнай паласой, што аддзяляла ад нас тэрыторыю «свабоднага горада Гданьска», які ўжо даўно стаў фашысцкім плацдармам. Туды каля нашага дома ішла нешырокая брукаваная дарога. На граніцы над гэтай дарогай угару тырчала пярэстая жэрдка шлагбаума. Іменна ён, гэты шлагбаум, пры дапамозе нашага «максіма» павінен быў стрымаць першы націск фашызму. Побач з «максімам» на стале ляжаў, у выглядзе тонкай брашуркі, загад камандуючага абаронай Узбярэжжа: «Пры з'яўленні ворага — закрыць шлагбаум i агнём стрымліваць першы націск аж да прыходу падмацавання…»
Читать дальше