За намі доўга трашчаць аўтаматы. Вакол нас, яшчэ ўсё абмінаючы нашы шырокія, трайныя плечы, спяваюць кулі. На бульбяным полі навокал цяжка гупаюць міны i ядавіта звіняць асколкі.
Пасля, за ўзгоркам, насустрач нам — дапамога. Ланцуг, таксама як i наш уранні, рэдкі. Бесказыркі матросаў, каскі, пілоткі пяхоты, штыхі нашы i штыхі французскія — можа, яшчэ з-пад Вердэна — тонкія, доўгія… Усё гэта у імклівым наступе нахшена наперад.
Усё на свеце — i страляніну, i выбухі мін — пакрывае наша «ўра!», i слова «браця» гучыць у ім ужо інакш, i слёзы самі коцяцца па маім даўно нямытым i няголеным твары… Хоць i не вернуцца, можа, i гзтыя, a ўсё ж мы — сіла, мы яшчэ сіла!..
Глыбокі, цёмны яр з кустамі i дрэвамі на абрывах. «Бабі дол», які праз некалькі дзён стаў апошнім апорным пунктам i месцам смерці нашага гарнізона. Гдыня, мы чуем тут, ужо захоплена. Для нашых раненых застаўся толькі вось гэты дом з белым палотнішчам на даху. На палотнішчы — вялізны чырвоны крыж, які ўсё ж не ратуе ад фашысцкіх авіякулямётаў.
Тут быў дагэтуль заразны шпіталь. У цемры ледзь відаць павыкіданыя з палатаў сеннікі, многа насілак. Стогны i — асабліва страшная — цішыня пад дожджыкам. Калі мы праходзім тут ca сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас:
— Калегі, запалка ёсць?
Гэта — адзін з тых, што маўчаць, i на насілках застаючыся салдатамі.
На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына — у белым адзенні санітаркі i ўся ў святле з калідора. Хусцінка з чырвоным крыжам на лбе так блізка ад жалезнага канта маёй каскі, а вочы — поўныя слёз — яшчэ бліжэй, даходзяць у самае сэрца.
— Хлопчыкі, родныя, вы ix не пусціце сюды?..
Яна бярэ з талеркі, што ў левай руцэ, i падае нам — як дзецям, адразу ў рот — пірожнае. I мы жуём.
— Пяр-ру-не! — прыглушана мармыча Філец. I абрывае, мне здаецца, з прыплачам.
К чорту ix, слёзы!.. Не, дарагая, мы ix не пусцім!..
Так гаварылі мы i Савіньскаму, калі палажылі яго на падлозе шпітальнага, поўнага крыку i стогнаў калідора.
Так думалі мы пасля, зноў лежачы каля другога станкача, на тым узгорку, дзе нас сустрэла ўвечары «ўра».
I зноў налева ад нас ляжалі пад дажджом бяссонныя сябры, а направа, пад іншым ужо абрывам, шумела мора i галасіла ў імглістай цемры сірэна маяка…
…На трэці дзень прыйшлі разгром i няволя.
Спачатку было нас некалькі сот. Мы, марская пяхота, проста пяхота i рознае іншае войска. Усё, што адалела, што магло ісці. Гналі нас па знаёмай дарозе. Польскія дзеці давалі нам яблыкі, хлеб, польскія маці плакал i. Другія суткі, ужо на варожай зямлі, нас везлі ў перапоўненым таварняку, без яды i вады, пад замком. Пяць сутак марьші за дратамі шталага, дзе нас было ўжо некалькі тысяч. Перапісалі, пабілі на групы, далі кожнай групе ахову, вахмана ці двух, i — за вароты, на праду.
З таго дня засталося нас дваццаць. З розных палкоў. Кадравікі i старая «рэзерва».
Нас прывезлі ў маёнтак, дзе над векавымі ліпамі дыміў комін вялікага бровара i млосным смуродам брагі было насычана ўсё навокал — ад шорсткіх, як перасохлыя вехці, вусоў зубатага вінакура да шэрых леташніх стагоў саломы далека за гумнамі.
Дарогі з паўстанка ў маёнтак — не больш за кіламетр, a канваіраваць нашу арбайтскаманду выйшла ix, швабаў, з пятнаццаць. Паляўнічыя стрэльбы. Мушкеты нейкія, бадай, з эпохі Фрыдрыха Вялікага. Нагайка з алавянай галкай на канцы (гэтым узброіўся якраз той вінакур). I аўтамат. Сынок аконама, нагала стрыжаны шчанюк у форме гітлерюгенда, нёс яго на баявым узводзе, з пальцам на спуску.
Сустракалі нас, відаць, усе, хто ўжо або яшчэ трымаўся на нагах.
I ўсе глядзелі, вухкалі на нас, як на самых сапраўдных разбойнікаў…
Мы думалі, дзівакі, што тут нас, нарэшце, хоць трохі накормяць. («Немец спачатку дасць есці, а потым спытае работы», — гаварылі калісьці палонныя з першай сусветнай вайны.) А нам далі вялікія металічныя кашы, трохзубыя матычкі i пагналі ў поле. Ужо не па-святочнаму, без шыку — толькі наш вахман i аконам. За садам пачыналася бульба, а канчалася яна там, дзе, як у казцы, неба сутыкаецца з зямлёй. Бровару бульба патрэбна, a ўжо кастрычнік пачаўся — спазняемся. Так гаварыў аконам вахману.
I вось пацягнуліся змрочныя дні. Безліч бясконцых барознаў апоўзалі мы сырымі каленьмі, процьму кошыкаў бульбы выграблі з зямлі. A колькі ж бяссільнай нянавісці, горкай крыўды зазналі нашы нервы, затузаныя голадам, холадам, здзекам, тугой!..
Адно ўспамінаецца лёгка i светла — дружба.
Читать дальше