Альбом — з польскага фронту. Там былі вельмі прыгожыя — «чыстыя», Фліс гаварыў,— здымкі разбураных гарадоў, спаленых вёсак, трупы салдатаў, жанчын, дзяцей. «Многа такіх усякіх здымкаў». Што сам гер лёйтнант здымаў, а што здымалі іншыя, ягоным апаратам. То ён, гер лёйтнант, на маршы, верхам, перад усёй сваёй батарэяй. То ён рукой каманду падае: «Агонь!» То ён пасля глядзіць, любуецца, што нарабіў. Руіны, трупы — разам з ім.
— Гэтыя здымкі,— расказаў наш мармытун, — ну, тыя, дзе i ён, Горст павялічыў, нават пяць штук пад шклом ирывёз, у рамачках такіх. I паразвешваў у хаце. Адзін дык над ложкам у Кэты, у саменькіх галавах. А яна…
— Маў-чаць! Ты… скур-вы-сын! Ты мне…
Антоні ўсхапіўся ля печкі.
— Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..
Антоні ажно задыхаўся.
Мардаты Фліс, які сядзеў на нарах, асеў глыбей у салому, прыгорбіўся. Змоўк. I глядзіць на Антонія, на нас, нібыта ўпершыню адчуў, што ён — яшчэ тут, што ён — адзін супроць усіх…
Далей было, што было, калі ён зноў акрыяў,— назаўтра, наогул пасля, — a ў той вечар ён звяў i раскіс, як дзярмо. Проста гадка глядзець… Зрэшты, i потым ён не палепшаў, a толькі стаіўся. Ды гэта — пазней…
A ў тую ноч, калі ўсе ўжо спалі, а я прачнуўся, як ад штуршка, Антоні яшчэ ўсё сядзеў каля печкі. Я ўстаў i падышоў да яго. Сеў побач, на другой табурэтцы. Антоні слініў-пакурваў сваю люлечку, што ўжо, здаецца, даўно не дыміла, i пёк на распаленай да чырвані печцы бульбу, нарэзаную проста пялёсткамі.
— Бяры, Уладак, еш, — усміхнуўся ён. Зноў ранейшы — спакойны i добры.
Я маўчаў. Нават падзякаваў кіўком, узяўшы гарачы, хрусткі скрылёк.
— Табе не холадна?
«Не», — закруціў я галавой. Салгаў. Бо плечы пад ушчэнт зношанай кашуляй яшчэ падрыгвалі ад холаду, які быў за намі — навокал i ўверсе.
— Сагрэешся трохі…
Ён, мусіць, зразумеў, што я i ўстаў, i чакаю — не так сабе. I ён неўзабаве пачаў:
— Над узгалоўем… Чуў?
Я ўсё маўчаў, чакаючы.
— Ты на Аксыўскай Кэмпе быў?
— А дзе ж я быў? — азваўся я нарэшце, ледзь не злосна.
— Быў, дык i ведаеш, як было. За пару дзён да канца. Ужо зусім ні зброі, ні надзеі,ні парадку… Ноччу яшчэ ўсё кідалі жменькі людзей на ix акопы. А замену пярэдняй лініі рабілі, курчэ пячонэ, удзень, пад абстрэлам у тыл адыходзілі. Зрэшты, дзе быў той фронт, дзе той тыл? Як на смех, прыціснулі нас — такою сілай! — да мора, а тут у цябе адна вінтоўка — i на гарматы, i на самалёты. Як бога кохам, сам бачыў, як нейкі рэзервіст абцасам адбіваў затвор карабіна. Здаецца, італьянскага, ці, можа, нават рымскага яшчэ. Узброілі! Крычалі толькі: i самі магутныя, i саюзнікі… Што ж, мы, салдаты, рабілі, што маглі…
Апаўдні — так, семнаццатага — нас змянілі. Каля Пагужа. Мы там два дні праляжалі. Адступілі, як i заўсёды, пад агнём. Спыніліся на нейкім хутарку. Яблыкі елі, нават паселі чысціць зброю. А тут — на табе!.. Першы выбухнуў на раллі за плотам, другі метраў за трыццаць правей, а тады — сам ведаеш, як гэта робіцца, — абмацалі i залпамі!.. Пяць чалавек, мы дабеглі да вёскі i распаўзліся па норах. А яны па нас, курчэ пячонэ, малоцяць!.. Калі пераціхла, я — ну, усё ж старшы — выйшаў з пустога дома, пайшоў шукаць сваіх людзей. Двух сядзелі за малачарняй, а двух знайшлі мы ў пограбе, разам з цывілямі.
Спусціўся я туды адзін. Гудуць у цемры — моляцца, плачуць. Сам ведаеш — дзеці, старыя, жанчыны… Страшна. Прывык я трохі да цемры, бачу — налева ад увахода, прытуліўшыся да сырой мураванай сцяны, стаіць дзяўчынка. Малая, дробная, гадоў пяць-шэсць. Трасецца ўся i шэпча, следам за ўсімі:
— Пад тваю абарону… святая…
I шаптаць не можа — дрыжыць.
— Яворскі! Сойц!
Аказваюцца глуха, неахвотна. Сорамна. Не хочацца.
— Ану выходзь!
Дзяўчынка спалохана адсунулася ад мяне, далей у цёмнае. Відаць, я быў усё-такі страшны. А што ж — аброслы, брудны, як чорт, гранаты, каска, карабін. Як жывая, стаіць у вачах — замурзаны тварык, нлечы дрыжаць i падбародачак. А як глядзела яна!..
Так, хлопча, мы был! салдатамі. A ўсё ж баяліся i мы. Ты як? Можа, гэта i сорамна… Я асабліва баяўся артылерыі. Страшная ўлада металу над бедным, кволым целам чалавека… Курчэ пячонэ! Як часта хацелася крыкнуць: за што?.. Ну, ды гэта — не па-салдацку. Бо мы не мелі права на страх. I мы яго…
А дзяўчынка? За што па гэтай галоўцы жалезам? I па вачах, i па ручках, якія дрыжаць?.. Мяне адразу здушыла штосьці за горла, вось так — ад грудзей угару. Забыўся, што i старшы ў групе. Так, Уладак, я меў дзяўчыну, хацеў ажаніцца сёлета, хацеў мець дзяцей. Не многа — толькі б такую, як тая…
Читать дальше