— Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай i цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо… Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам i дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
— Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут i ляжыць.
У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..
На першай старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады i вось-вось скажа: «П-пых!»
— Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй. — Мой хросны! I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
— Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж…»
А яны рагаталі, як дурні.
Пасля пачалася прымерка.
Хросны раскаціў на стале шарачак i аберуч пагладзіў яго.
— Роўненькі, гладзенькі… Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка…
— От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
— I паабедаеце, госдікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым i рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:
лізавецгн. мгшка. пятровіч, Штанэ
Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
— Ага, — схамянуўся ён, адагнуўшыся, — А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
— Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.
— Даўжыня: семдзесят два, — сказаў i запісаў хросны. — Подшаг, — шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
Сам ён, хросны, маленькі i так, а сагнецца — дык i зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, i — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага i маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся i з натугі:
— П-пых!
Хлопчыкі пырснулі смехам.
I мама здагадалася нарэшце, што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, a кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут иабудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя i круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў — яшчэ i бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто… Бо вось ён, стары ўжо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў… А ж мама не вытрывала:
— Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся i, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
— Сорак другі год так свянчуся… Ніяк не адвыкну…
I ад душы зарагатаў. А з ім разам, вядома, i хлопцы. Нават i мама, што так даўно не смяялася. Трэці, найбольшы цуд!
1943
Яна яшчэ спала б, хоць мухі ройма гудуць, дакучаюць, кусаюцца, хоць Васіль разроўся ў калысцы, што ледзь бабуля яго супакоіла. Ды вось прыйшоў Шурыкаў дзед. З бядою — учора малыя гулялі на іхнім двары i зацягнулі кудысьці аброць. Мілачку будзяць i шмат разоў, на ўсе лады гавораць ёй пра аброць. Вочы малое сонна моргаюць, i гэтак жа клоніць зноў на падушку! Але Шурыкаў дзед яшчэ ўсё пытаецца:
— Ну i што, дзе аброць?
Прыходзіцца ўсё ж такі ўспомніць, што яна, «гэты во», мусіць, там, на прыгумснні, дзе ляжыць перавернуты воз, дзе кошка несла вераб'я, а яны, «гэты во», пабеглі за ёю, забыўшыся пра гульню ў «коні»…
— Вось i ўсё, маладзец, — кажа Шурыкаў дзед.
Міла сядзіць у нерашучасці: ці спаць яшчэ, ці ўжо ўставаць?
— A ўжо ж, — кажа бабуля, — разбуркалася трохі, дык i ўставай за адным скрыпам.
Памыкаўшы трохі, малая даецца апранаць яе. Рукі старое дрыжаць, a ўнучка ўжо шчабеча. Нібы здагадваючыся пра тое, што i ўдзень, i ўначы мучыць яе бабулю, Міла расказвае сон:
— Я сплю, бабка, ляжу сабе i сплю, i сню — здаецца, нашы дзверы рры-ып i адчыніліся, а дзядзька Хведар — тыц у хату! Прыехаў! Вярнуўся!..
Старая глядзіць на сваю шчабятуху, сумна ўсміхаецца i кажа:
— Ах ты, Ганулька!..
Міла ўжо ведае, што Канцавая Гануля — старая лгунка. «Ілжэ i не круціцца, — кажа пра яе бабуля. — Нібы казку табе расказвае. Прыйшлі, кажа, надоечы сем ваўкоў, пад'елі на нашым двары са свінога карыта з рабым кныручком i палеглі на возе паспаць… I сон яна табе сасніць на ўсякую патрэбу — толькі слухай…»
Читать дальше