Разведчыкам, Паўлу, заданне спадабалася. Незвычайнае. Будыка ўсміхаўся, назіраючы маю баталію з Шугановічам. Будыка лічыў, што на вайне, як і ў прыродзе, нічога немагчымага няма. Такая ў яго філасофія. Што немагчыма сёння — робіцца магчымым заўтра. Што немагчыма для аднаго — лёгка здзяйсняецца другім.
Я не адступаў. Здаўся Вася. Але як! «Добра, будзе табе „язык“! Але я сам пайду з разведчыкамі».
Мяне заела.
«Пойдзе інжынер!»
«Я? — збялеў Будыка. — Чаму я?»
«Баішся, тэхнакрат?»
«Баюся. Многа смерцяў прыйшлося ўбачыць».
«І ўсё-такі пойдзеш! Ты адзін гаворыш па-нямецку».
Перастаў усміхацца, выцягнуўся па-вайсковаму: «Слухаю, камандзір».
Я ніколі не мог зразумець цябе да канца, Валька Будыка. І цяпер не разумею. Хто ты? Што за чалавек? Я раскусваў людзей за адзін дзень, разбіраў іх па дэтальках і тут жа лёгка збіраў. Ты — машына больш складаная, чым твае станкі. Кібернетычная. З вельмі складаным праграміраваннем — такім, да сэнсу якога могуць дайсці калі-небудзь хіба такія розумы, як мая Лада. А часам здаецца мне: ты як «матрошка» — просценькі, але двайны ці трайны, і кожны па-свойму адмыслова закамуфляваны.
Разведчыкі не вярталіся тры дні. О гэтыя тры дні! Я іх ніколі не забуду. Да смерці. Выла завіруха. Сціхла. Зноў пачалася.
Я сядзеў адзін. Шугановіч у зямлянку не заходзіў — жыў з партызанамі, займаўся справамі атрада. Я баяўся выйсці да людзей. Упершыню баяўся людзей. І каго? Тых, хто верыў мне, хто па сваёй волі станавіўся пад маё камандаванне, давяраў, па сутнасці, сваё жыццё, свой лёс. Але ж яны павінны і асудзіць мяне. Калі разведчыкі не вернуцца, я сам папрашу, каб мяне судзілі. Усім атрадам… Няхай расстраляюць перад строем. Не, такой смерці я не хацеў! Такой смерці не будзе!
Ніхто мяне не стане судзіць! Але я асуджу сам сябе, калі не вернуцца Павел, Будыка, стары будзёнавец Ермалай Краўчанка.
Я баяўся нават папрасіць у Рошчыхі спірту. І яна, чортава душа, была добрая, калі не трэба. А то не з’яўлялася нават праверыць, як звычайна, ці цёпла ў камандзірскай зямлянцы. Было холадна. Цяпло любіў Будыка і паліў «самавар» — чыгунную печку — бясконца.
Самае страшнае адзіноцтва, калі побач людзі, сябры, а ты адзін. Як вязень, як адшчапенец.
У прыёмнік быццам урывалася завіруха з усяе сямісоткіламетровай прасторы, што ляжала паміж нашым лесам і Масквой. Ледзь чутны — о, які далёкі! — матыў «Свяшчэннай вайны». Таму ён здаваўся жалобным. Бліжэй — нямецкае гаўканне. Але без Будыкі я не разумеў яго. Да д’ябла мне той «язык», калі яны ўжо ў Маскве! Сапраўды, навошта мне спатрэбіўся чужы «язык»?
Шугановіч толькі на трэці дзень здагадаўся, у якім я стане. Хацелася даць яму па мордзе, а потым пацалаваць. Залаты чалавек ты быў, Вася, але часам простыя ісціны да цябе даходзілі, як да жырафы прастуда, — на трэці дзень. Нават спірту прынёс. І сам выпіў. Трывожна было на душы і ў яго.
«Ты разумееш, навошта мне „язык“?»
«Разумею. Але гэта ад страху».
«Выходзіць — я баязлівец?»
«Не. Але ў цябе — душэўная паніка. Ты не ведаеш, што рабіць. Таму кідаешся. То табе захацелася паглядзець на павешаных, то… А што твой „язык“ можа сказаць, няхай ён будзе хоць генерал?»
«Не, ты не разумееш! Я павінен убачыць хоць аднаго з іх адтуль, з фронту. Якія яны цяпер?»
Разведчыкі такі здабылі «языка». Але ўзялі не на той лясной станцыі, дзе павесілі хлопцаў, дзе была вадакачка і спыняліся для запраўкі вадой цягнікі, а ажно ў горадзе, у нашым райцэнтры, за сорак кіламетраў.
Абмарожаны слюнцяй, узрадаваны, што ад’ехаў так далёка ад фронту, вылез увечары, у завіруху, з санітарнага эшалона, каб паспрабаваць купіць шнапс. А Краўчанка сорак год пражыў на адной з вулачак каля самай станцыі.
Ашалелы ад страху, ад болю — разы тры за дарогу яму затыкалі рот, засоўвалі пад салому і тры чалавекі садзіліся на яго, як на куль, — ад холаду, Фрыц не адразу загаварыў, хоць яго адагрэлі і накармілі. Потым — як сарваўся з ланцуга. Крычаў фашысцкія лозунгі, пагражаў: «Сталін капут! Москаў капут! Алёс капут!»
«Не, хлусіш, шчанюк! Гітлеру капут! Табе капут!» — сказаў я і выцягнуў з кабуры пісталет.
Ён упаў на калені. Сарваў з твару павязку. Замест носа — гнойны струп. Размазваў соплі і слёзы. Тыцкаў нам забінтаваныя пальцы і ўсё хацеў паказаць абмарожаны палавы член, нягледзячы на прысутнасць жанчыны — Рошчыхі. Пэўна, думаў, што абмаражэнне такога далікатнага месца найбольш разжаліць нас.
Люба плявалася. Будыка смяяўся, ён быў вясёлы, як ніколі: вярнуцца з такой аперацыі! Толькі ўваліўшыся ў зямлянку, заключыў:
Читать дальше