Пісьменнік застаецца самім сабой і ў рамане «Снежныя зімы».
Галоўная задума рамана ўяўляецца такой: намаляваць вобраз аднаго з тых, каго мы сёння называем старой гвардыяй, — вобраз чалавека, які доўгі час займаў кіруючае становішча, паказаць маральны патэнцыял гэтага героя, раскрыць яго духоўны светапогляд.
Іван Васільевіч Антанюк — герой рамана І. Шамякіна — кіраўнік у мінулым. Цяпер ён персанальны пенсіянер, ён у тым становішчы, якое спрыяе таму, каб агледзецца, ацаніць пройдзеныя шляхі-дарогі.
Дзеянне рамана разгортваецца ў двух планах: Антанюка, які не па сваёй віне і волі апынуўся на пенсіі, мы бачым то маладым, трыццацігадовым мужчынам, які ў глыбокім тыле ворага арганізаваў партызанскі атрад, не раз глядзеў смерці ў вочы, ведаў горыч паражэнняў і радасць перамог, то пажылым мудрым чалавекам, абагрэтым цяплом сямейнага быту. Такое падвойнае асвятленне, у якім спалучаецца ідэальнае і будзённае, дало пісьменніку магчымасць стварыць вобраз жыццёва праўдзівы і пераканаўчы.
Антанюк — чалавек разумны, можна сказаць, у вышэйшай ступені прывабны. Доўгае знаходжанне на высокіх кіруючых пасадах не закружыла яму галаву, не прымусіла яго паверыць, што ён зроблены з другога, чым іншыя людзі, цеста. Іван Васільевіч не ішоў на кампрамісы з уласным сумленнем нават тады, калі гэта пагражала буйнымі асабістымі непрыемнасцямі. Ёсць у гэтым вобразе штосьці ад буйнога цэласнага народнага характару.
Разам з тым Шамякін зусім не стараецца паказаць свайго героя ідэальным. Антанюк цвёрды у сваіх маральных перакананнях, ён моцна стаіць на патрыятычных і партыйных пазіцыях, і ў той жа час звычайны чалавек, са сваімі слабасцямі і недахопамі. Але жыццё не аднойчы пацвярджала, што, нягледзячы на гэтыя памылкі і слабасці, ён верна служыў ідэі і праўдзе.
Антаганістам Антанюка ў рамане выступае Валянцін Будыка, былы начальнік штаба ў тым жа партызанскім атрадзе, якім камандаваў Іван Васільевіч, а цяпер — дырэктар навукова-даследчага інстытута. Штосьці раздзяляла Антанюка з Будыкам яшчэ тады, у суровыя гады барацьбы з ворагам, але цяпер, у мірныя дні, калі вайна стала ўспамінам, «водападзел» паміж імі стаў значна глыбейшы, ён ужо датычыцца прынцыповых жыццёвых пазіцый. Будыка лёгка плыве па хвалях адміністрацыйнага поспеху, не ўпускае магчымасці далучыцца да навуковай славы, якой не заслужыў. Ён не церпіць крытыкі, можа падхалімнічаць, галоўнае для яго — жыццёвы шык, камфорт. Менавіта на падставе такіх розных, па сутнасці — супрацьлеглых — адносін да жыцця і ўзнікаюць незлічоныя канфлікты паміж Антанюком і Будыкам. Гэта вельмі важная думка рамана: у жыцці вельмі многае залежыць ад самога чалавека, ад таго, як ён сябе паводзіць у тых або іншых абставінах. Мы бачым, адчуваем: пры адных і тых жа умовах Антанюк і Будыка зробяць па-свойму.
Але і пра Валянціна Будыку нельга сказаць, што гэта герой выключна «чорны». І ён здольны на сапраўдны чалавечы ўчынак, і ён можа адказваць на дружбу дружбай, на дабро — дабром. Карацей кажучы, Валянцін Будыка пры ўсіх яго грахах і хібах яшчэ не зусім страчаны для грамадства чалавек.
З усіх твораў Івана Шамякіна новы раман, відаць, найбольш публіцыстычны. Яго героі ўвесь час у атмасферы вострых маральных пошукаў. Пісьменнік узнімае нямала актуальных праблем сучаснасці, шукае адказу на іх, заве да роздуму і спрэчак. Ужо адно гэта гаворыць аб творчым поспеху празаіка.
Іван Навуменка