Як здалёк ці з-за сцяны, далятаў дзедаў голас.
— Пабялеў ты, таварышок. Не пужай ты Надзежду Пятроўну. Бабы — яны, знаеш, якія. Нервы ў іх слабыя. Ну, няхай паплыла. Дык маладыя цяпер усюды плаваюць, усюды ходзяць. Іх хлебам не кармі, а дай ескурсію. Яна дзеўка смелая. А човен добры. На ім да Кіева можна даплыць.
Раніца была хмурная, калі ён ішоў са станцыі. Не па-вясноваму халодная. А цяпер воблакі рассейваліся, выглядвала сонца. На прасторы вады — як кінуць вокам — па хвалях то там, то там скакалі «зайчыкі». Каб не вецер, напэўна, стала б па-вясноваму цёпла. Але вецер дзьме з ракі… Халодны. Якая рака? Рэчка. Раўчак, на які ён — колькі ні прыязджаў — не звяртаў увагі. А Віта казала: «Каб вы бачылі, як яна разліваецца, наша рэчка!» Так, так, ён помніць: яна казала, як разліваецца іх рэчка… яе рэчка. Не, не яе рэчка! Не яе! Дзе яна, рэчка?
Цяпер, у разліве, невядома нават, дзе яна, рэчка? Там, дзе стаіць яшчэ адна вярба, па голле ў вадзе? Ці там, дзе плавае на хвалях лаза? Ці тут, адразу каля гэтай пясчанай касы, на якой растуць вербы, чарада старых, скурчаных і самотных вербаў? Да адной з іх прывязаны ланцугом човен. Чаўны трэба замыкаць! Ад дзяцей. Як трэба хаваць патроны ад дзяцей. Як яна, аднак, разлілася, гэтая нікому не вядомая, не пазначаная на геаграфічных картах рэчка! Палеская рэчка. Вунь дзе другі бераг. Каля другой вёскі. Як яна называецца, тая вёска? Хвалі ліжуць пясок. Хвалі змываюць пясок і калі-небудзь падмыюць гэтыя вербы. Ці можа хвалі намываюць пясок, і вербы тут будуць расці вечна? Яна, малая, гуляла пад гэтымі вербамі. Яна хадзіла тут тры дні назад. Памагла старому перанесці сена.
Хто вінаваты? Хто? Я? І я таксама. Нельга хаваць праўду. Ніякую. Якая б суровая яна ні была. Нявыгадная. Небяспечная. Асабліва нельга хаваць ад дзяцей. Асабліва.
Вярніся, Віта! І я ўсё табе раскажу. Ты разумная, ты зразумееш. Навошта ты хочаш так пакараць маці? Яна не заслужыла гэтае кары. Не, не заслужыла. Каб ты сама стала маці, то ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Вярніся, Віта!
Які халодны вецер! І якія халодныя хвалі. Размываюць яны касу ці намываюць? Небывала шырокі разліў. Небывала? А можа ён быў такі ў тую снежную зіму? Снежныя зімы! Вялікая вада! Часам яны прыносяць бяду. Але часцей даюць радасць — добрыя ўраджаі. Віта не верыла ў гэта. Як яна пісала? На пясках — высыхае за тыдзень, на тарфяніках вада трымаецца да чэрвеня. Выходзіць, снежныя зімы не даюць тут ураджаю?
Гудуць трактары. Дзесьці на базе. Выходзяць на пасяўную. «Хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок». Але, трактарамі! Вунь яны гудуць! «Яна дзеўка смелая. А човен добры». Ты мудры, дзед. На тваім чаўне можна да Кіева даплыць. Але навошта Віце плыць да Кіева? А чаму не паплыць? На злосць усім. І каб атрымаць разрадку. Я таксама раблюся скептыкам і панікёрам. А мне цяпер трэба спакой і сіла… Спакой і сіла. На дваіх — на сябе і на Надзю.
Чаму стаю тут, на гэтым ветры? Трэба ж нешта рабіць. Даць тэлеграмы ва ўсе пункты па рэчцы… І далей — па Прыпяці…
Дакуль можна даплыць за тры дні?
Гудуць трактары…
І зазвінеў званок. Недзе бліжэй.
Іван Васільевіч не адразу дацяміў, што звоняць у школе. А зразумеў — скалануўся. Прыпаў ілбом да старой вярбы.
Віту знайшлі ажно ў Петрыкаве, у бальніцы, з цяжкім запаленнем лёгкіх.
Будыка падняўся са свайго крэсла-трона, радасна прывітаў нечаканага госця, раскінуўшы рукі.
— О-о! Працаўнік палёў! Ура! Непарушнаму саюзу сяла і горада… — і асекся на паўслове. — Што з табой, Іван?
Іван Васільевіч па-армейску шырокімі крокамі падышоў да стала, дрыготкай рукой расшпіліў гузік плашча, выхапіў з нагруднай кішэні пісьмо, якое паліла сэрца, пальцы.
— Ты пісаў?
Будыка схапіў пісьмо, хутка прачытаў, перасмыкнуў плячамі.
— Ты што? Навошта мне?
— Ведаеш, што ты зрабіў?
— Надзя? — Будыка збялеў.— Іван! Як думаеш пра мяне? За каго лічыш?
— За падлюгу!
— Слухай!.. Што б ні здарылася, не забывай, што ты не ў атрадзе, не ў зямлянцы.
— Пісьмо напісана на тваёй машынцы… гэтай, — Іван Васільевіч кіўнуў на прыёмную. — І не адно. І гэта таксама. Устаноўлена экспертызай.
Будыка прыгадаў пазаўчарашняе наведванне следчага, які ветліва папрасіў дазволу праверыць машынкі, і, ахоплены яшчэ не асэнсаваным страхам, павольна апусціўся ў крэсла. На залысінах выступілі буйныя кроплі поту. Нейкі момант сядзеў нерухома, потым пачаў ліхаманкава ціскаць кнопку званка. Сакратарка з’явілася ў міг.
Читать дальше