Больш за восемдзесят тры тысячы чалавек забіта, згарэла ў беларускіх Хатынях.
Наша беларуская Хірасіма!
Які ж гэта быў выкід у неба болю чалавечага, да якіх сфер касмічных ён дастаў!
Найтанчэйшая, эластычная мембрана жыцця, якая дыхае, — чалавечая скура. Колькі яе на чалавеку? А на ста тысячах?
Сотні, тысячы квадратных метраў, кіламетры невыноснага болю!
Жывая, эластычная… A калі пра ўсю падумаць, якая на чалавецтве, — белую, жоўтую, чорную? Не апаліць, не прапаліць да нутра сама думка пра гэта?!
Але куды ад яе схавацца, ад такой думкі?..
I ўсё ж самая галоўная думка, галоўнае веданне — нават не пра сусветны гэты боль. А пра тое, што бомба заб'е ўсіх. У літаральным, у арыфметычным значэнні слова ўсіх. А значыць — назаўсёды!
Пачуццё роду, яно выяўляецца, гаворыць у нас, заяўляе пра сябе нават мацней, чым мы ўяўляем. Калі падступае, падступіла такое — найрэальная пагроза поўнага нашага знікнення.
I ўсё ж кожны сам павінен прайсці нейкі ўчастак шляху — насустрач усёй праўдзе. Ісці насустрач ёй — ісці да выратавання.
«Што я магу, я, менавіта я?..» — колькі людзей задае гэта пытанне сабе i іншым.
Але ж гэта можа кожны — пазнаць праўду. Або хоць бы імкнуцца да таго, каб пазнаць яе. Але толькі ўсю праўду, якая б ні была яна жахлівая. Вось тады i адкрыецца, што ты, кожны, можаш. А дакладней, што ты павінен. Паколькі, пазнаўшы, вымушаны будзеш (бязлітаснай праўдай вымушаны) шукаць шляхі да дзеяння, учынку.
Чытаю зборнік артыкулаў, выступленняў на міжнародных кангрэсах П. Л. Капіцы — аднаго з буйнейшых фізікаў XX стагоддзя, i тут выяўляецца пацверджанне сказанаму вышэй. Памёр ён змагаром супраць смяротнай пагрозы, якая зыходзіць ад ядзернай зброі. Але ж ў 40-я, 50-я гады ён яшчэ схільны быў сябе i іншых супакойваць: маўляў, паводле дадзеных, якія ёсць цяпер у навуковай літаратуры, «можна заключыць, што атручванне атмасферы нават пасля самай буйной атамнай вайны не прывядзе да спынення жыцця на Зямлі. Да таго ж нельга забываць, што, як паказвае гісторыя чалавецтва, нават у час эпідэмій самых жахлівых хвароб заўсёды знаходзіліся асобы, якія мелі прыроджаны імунітэт, якія не гінулі i не гублялі жыццяздольнасці» {3} 3 Капица П. Л. Эксперимент. Теория. Практика. М., 1972. С. 292.
I г. д. i да т. п.
І ён жа у 1972 годзе: «Агульнапрызнана, што такая вайна, дзе б яна ні ўзнікла, за некалькі гадзін магла б атруціць увесь зямны шар i спыніць жыццё чалавека» {4} 4 Тамсама. С. 421.
.
Так i да агульнапрызнанага кожны павінен прыйсці i прыходзіць сам. Калі, вядома, гаварыць не проста пра «паглынанне» інфармацыі, а пра адпаведныя «рэакцыі паводзін» : я гэта прыняў, увабраў у сябе, а таму ўжо не магу думаць, адчуваць, дзейнічаць, жыць — як раней, учора!
Ці не з гэтага: усведамлення, разумення, што знікне ўсё i назаўсёды i ніякіх шанцаў выжыць няма i ні ў кога — усё пачалося, адбылося i ў Бернара Бансана? Ён нажыў мільярд на таленавітых кібернетычных ідэях, якія прагна падхоплівалі фабрыканты зброі, але калі зразумеў, куды ўсё ідзе-коціцца, чаму сам служыць, — рэзка змяніў лад жыцця, дзейнасці, a мільярд аддаў на справу міру, абароны, выратавання ўсіх дзяцей Зямлі.
Ці лёгка генералу ахвяраваць кар'ерай, павагай сваёй касты, але ж многія ідуць на гэта, як заходнегерманскі генерал Герт Бастыян, нарвежскі — Юхан Крысці, італьянскі — Піна Пасці, французскі — Антуан Сангінэцці i інш. Свой воінскі абавязак яны бачаць у тым, каб процістаяць сваім дзяржаўным мужам, якія ігнаруюць або проста не ўсведамляюць, што азначалі б ядзерныя ўдары па ваенных i аператыўных аб'ектах, абмежаваная i ўсякая іншая «прэлюдыя» да вайны, якая не можа не ператварыцца ў тэрмаядзернае пабоішча — забойства ўсяго жывога на Зямлі. Калі ядзерная вайна азначае немінучую пагібель усіх народаў, якія ваююць i якія нават не ваююць, дык у чым вышэйшы патрыятычны, воінскі абавязак нават ваеннага чалавека, як не ў адным-адзіным: рашучым процідзеянні падрыхтоўцы i развязванню такой вайны. Вось ён, галоўны прынцып паводзін, дзейнасці генералаў-пацыфістаў. (Ды хіба можна было калі-небудзь у даядзерныя часы ўявіць гэта: генералы-пацыфісты?)
Так што ў псіхалогіі ядзернай эры ёсць i свая спецыфіка.
Мы самі назіраем, што адбываецца з нашым братам-пісьменнікам: учора жыў, як заўсёды, у адным свеце i раптам — быццам на другой планеце апынуўся!
Што «я памру» — гэта ведае кожны, але нейкім донцам душы кожны ў гэта ўсё роўна не верыць, ды i тэрміну свайго не ведаем, i тое добра.
Читать дальше