Ну што ж, раз ужо я ўпамянуў артыкул з «Нового времени» , на які спасылаюцца нямецкія чытачы «Карнікаў» , паўтару некаторыя факты, думкі адтуль.
…Пасля заявы Савецкага ўрада аб нечалавечым абыходжанні з ваеннапалоннымі, ix, савецкіх ваеннапалонных, пачалі раз на тыдзень прыводзіць у глушанскую бальніцу i аптэку «на лячэнне» . Карміць па-ранейшаму не кармілі, але з усіх сіл пачалі рабіць выгляд, што лечаць. Кожны аўторак сотню ці дзве галодных да вар'яцтва людзей прыганялі да аптэкі (за сцяной сядзеў мясцовы ўрач) «атрымліваць лякарства» .
Даведаліся аб гэтым нямногія, але здарылася надзвычайнае. К трэцяму аўторку бабы з самых далёкіх вёсак (не гаворачы ўжо пра пасялковых) панеслі ў аптэку ў кошыках, мяшочках ежу — «лякарства» для палонных. Нават бульбу ў чыгунках. Была апаска, што даведаюцца паліцаі, дазнаюцца немцы: i першы, і другі, i трэці тыдзень прайшлі ўдачна. Думаю, што калі нават i ведаў хто-небудзь з паліцаяў, не адважыўся данесці на ўсю акругу.
Правал здарыўся па неасцярожнасці галоднага чалавека. Помню я гэтага палоннага: выпіраючы рот нябожчыка i запалыя вочы з вар'яцкім бляскам. Ён адной рукою трымаў каля рота кавалачак хлеба з сырам i глытаў, глытаў, а другою цягнуўся да жанчын, каб узяць яшчэ. Мама дала яму другі кавалак. Уцягнуў хлеб у рукаў, выпхнуўся на вуліцу, але не вытрымаў i адкусіў, а немец заўважыў, падбег, ударыў, выхапіў хлеб i, высока трымаючы яго, як доказ, уляцеў у аптэку. Стаў прабівацца, крычачы, праз натоўп палонных. Мама паспела нам (мы з братам насілі ежу з падмосця) шапнуць: «Хавайцеся» . Раз'юшаны ахоўнік дабраўся да шкляной стойкі, дзе мама ўзважвала парашкі. Да яе i рынуўся немец з абвінаваўчым кавалкам хлеба, падняў над яе галавою бярозавую дубіну. Аптэчныя работніцы потым гаварылі: яна пабялела, але глядзела прама ў вочы, а немец ударыў не яе, а па вяртушцы з лякарствамі.
I сталі выганяць палонных. Ix павялі, а маму — загадчыцу аптэкі — тут жа выклікалі ў камендатуру. Там ёй сказалі: «Яшчэ паўторыцца, i не будзе ні аптэкі, ні загадчыцы!»
Так, пачыналася з нармальнай рэакцыі людзей на «жыццё навыварат» , якое ўсталявалася з прыходам акупантаў. Чалавек будзе адкідваць руку, якая перашкаджае яму дыхаць, чым бы яму гэта ні пагражала. Не рабіць гэтага ён проста не можа.
* * *
Цяпер пра трэці «эпіцэнтр» .
Нядаўна ўзяўся праглядаць запісныя кніжкі 40-х, 50-х гадоў i быў уражаны: гэта ж i тады думалася амаль тымі ж словамі — «ядзерная катастрофа», «пагібель цывілізацыі, рода чалавечага» … Хоць здавалася чамусьці, што ў табе гэтыя думкі ўзніклі намнога пазней. Але ўразіла i іншае: як не трымаліся раней думкі пра гэта ў свядомасці, у душы. Узнікалі час ад часу i знікалі без глыбокага следу, таму i здавалася, што пачалося толькі ў 70-я, у 80-я.
Калі апаліла. Як раней апаліла вайна. А потым XX з'езд.
Не, сёння не так: зайшло i выйшла. Яно зайшло i засталося. Ціснучы, адціскаючы ўсё астатіняе.
…Неба перадвячэрняе (або ранішняе, або ўдзень) за горадам, калі яго, неба, пачынаеш заўважаць, але як: вось яно заўсёды было якое, а стане скрозь, да касмічных вышынь, скрозь сажа, ядзерная ноч. А годам пазней — брудна-бурае, без адзінага блакітнага акенца! I не будзе каму думаць, якое яно. Hi тых вунь дамоў не будзе, ні лесу на даляглядзе…
Заяц ля дарогі, пераскоквае з месца на месца, ускідваючы такія нялоўкія, калі не імчыцца, а вось так гуляе, доўгія заднія ногі, якія, здаецца, перашкаджаюць яму… Поле ціхае i бязлюднае на ўсе бакі, па-майску смачна-свежае. Так добра, што не заўважае мяне i магу за ім назіраць. Вось i любуйся, радуйся, дык не: колькі такіх вось жывых камячкоў адразу ўспыхне на ўсёй зямной паверхні або абвугліцца, спёкшыся, на глыбіні да метра i больш!
Прачытаў нядаўна: нейкі харвацкі фюрэр-фашыст, які тужыць у эміграцыі па страчаных магчымасцях на радзіме, возіць з сабою карабок, дваццацікілаграмовы, у якім… вочы! Вырваныя ў палонных або забітых партызан.
Бомба-фашыст таксама перш за ўсё да жывых вачэй пацягнецца, калі ўспыхне тысячамі сонцаў. Яшчэ i сапраўднае сонца ператворыць у спадручнага-паліцая, які выпальвае, вырывае вочы ва ўсяго жывога.
Калі пісаў «Хатынскую аповесць» i прывёў партызана Флёру Гайшуна на папялішча яго хаты, вёскі, дзе фашысты ўсіх спалілі, прымусіў яго адчуць пранізлівы да локця, да пляча боль ад выпадковага апёку — неасцярожна раздушыў гарачую бульбіну. Некалі я сам, забаўляючыся на полі, упаў i рукой раздушыў проста з кастра, з жару бульбіну, а потым, як i мой Флёра, хапаўся за ўсё, што магло астудзіць боль. Але што магло астудзіць Флёраў боль, калі перад вачамі ў яго пажарышча, дзе жыўцом згарэлі маці, сястрычкі, усе жыхары вёскі?
Читать дальше