А я ўсё трымаю повад, прыціскаючыся да зямлі.
Пуклявае круглае вока забірае з сабой далёкае зарава, якое пераліваецца, мігціць у цёмнай глыбіні. Але вока ўжо мёртвае. З адкінутай каровінай шыі б'е, ільсніць чарнатой тугі струменьчык, часам ён падае на мігатлівае люстэрка вока, прыцямняе яго. Зноў успыхнула, узнялася ракета, i я прыціснуўся да каровінага чэрава, хаваючыся, i раптам разгледзеў на вымені белыя пражылкі малака. Ракета згасла, але я ўсё бачу — жывыя белыя нітачкі на чорнай смале крыві. Не ведаю чаму, але менавіта гэтыя белыя струменьчыкі — быццам прабачэння нехта ў некага просіць! — страшэнна на мяне падзейнічалі. Я не проста заплакаў, я бязгучна закрычаў, як ад нясцерпнага болю. Выпацканы крывёй, зямлёй, потам, змардаваны дарэшты, я глядзеў на гэтыя чыстыя, дзіцячыя струменьчыкі-нітачкі i плакаў, як даводзілася плакаць толькі ў раннім маленстве: кожнай жылкай сваёй, кожным уздыхам. Ва мне жыла такая бязмежная, такая дзіцячая крыўда на ўвесь свет, што абараняцца я мог толькі ёю, жадаючы толькі, каб мне было яшчэ горш, каб зусім ужо кепска было i каб памерці на злосць ці на радасць усiм ім…
Немігатлівае, агромністае вока месяца вісела над скутым цішынёй полем, над чорным валам лесу, над барвовым гарызонтам. A ў гэтым воку, як у люстэрку, два чалавекі нешта адзін з адным рабілі, нешта страшнае адбывалася…
— …I вы, Фларыян Пятровіч, будзеце мяне яшчэ пераконваць? Не, калі б за нашай планетай назіраў, сачыў я, даўно ўжо зрабіў бы аргвывады!
На гэты раз Барыс Бокій, кінуўшы на канапу свой цяжкі партфель, расказаў пра Хатынь, куды ён нядаўна ездзіў, пра могільнік паўтысячы беларускіх вёсак.
— Ды вы ж гэта сваімі вачамі бачылі, Фларыян Пятровіч? Ну вось растлумачце, як такое магчыма? Не, я не пра фашызм як пра сістэму, у гэтым я яшчэ магу разабрацца. Хоць i не вазьмуся вытлумачыць усе гэтыя метастазы, якія ўспыхваюць на самых нечаканых кантынентах. А вось канкрэтны чалавек, які ад чалавека радзіўся, асобна ўзяты выканаўца?
— Не было… Асобна ўзятага не было. Спрадвечнае «мы» . Так, яно: «Мы — немцы!», «мы — арыйцы» , нават «мы — спадчыннікі Шылера i Канта?» Іменна так, тое самае «мы» , без якога немагчыма калектыўная чалавечая гісторыя, але тут яно са знакам мінус. Адключана толькі ўсведамленне, пачуццё, што над усімі «мы» ёсць самае агульнае i галоўнае: «Мы — людзі!», «мы — чалавекі, чалавецтва!» У імя самага галоўнага i ўсё астатняе, a інакш нават гордасць, што «суайчыннікі Гётэ i Вагнера» , паварочваецца варварствам, здзічэннем. Такая самазадаволеная «культурная дзікасць» ужо Талстому здавалася асабліва пагрозлівай. Дзе ўжо тут думаць пра бліжніх ці чужых i не рабіць іншым, чаго не жадаў бы сабе: іншыя ж — не «мы» ! У ix адзенне, колер скуры, звычаі, мова, узровень жыцця вунь якія не такія! Талстой прыводзіць i такі прыклад: людаеды ставілі ніжэй за сябе, лічылі дзікунамі свае ахвяры якраз за тое, што тыя елі толькі фрукты ды гародніну. За тое, што яны не людаеды! Дык чаму арганізатарам Асвенцімаў i Хатыняў не глядзець звысоку на тых, каго яны знішчалі? Я вось упэўнены, што ў Хатынях i гэта мела значэнне: напрыклад, непадабенства нашых вёсак на іхнія, чарапічныя. Для «чалавека разумнага» адрозненні народаў, рас, людзей — нагода для радаснага здзіўлення, роздуму, затое для «голай малпы» — повад, прычына пагарджаць усімі, хто на яе, арыйку, не падобны. Асабліва гэта заўважалася ў ix стаўленні да ваеннапалонных. Спачатку холадам i голадам даводзілі людзей да жудаснага, амаль нялюдскага аблічча, а потым які-небудзь нягеглы вахман гнаў ix у ямы — расстрэльваць — i сам, магчыма, уздыхаў: «Не, што ні кажы, а нешта недачалавечае ў ix!»
— Вось так яно, Фларыян Пятровіч!
— Але ж ёсць крытэрыі сапраўды чалавечага «мы» ! У адрозненне ад варварскага, дзікунскага, фашысцкага. Мне думаецца, крытэрый тут адзін: узвышае тая ці іншая ідэя здольнасць чалавека спачуваць чужому болю, пакутам людзей. Ці, наадварот, паніжае, глушыць гэтую самую чалавечую з усіх здольнасцей — чужы боль адчуваць, усведамляць, як свой уласны i нават яшчэ мацней. Калі прытупляе, тады гэта наркотык, што нічым не адрозніваецца ад гераіну, якім у В'етнаме забойцы глушаць сваё сумленне. Ну, a тэхніка гэтаму дапаможа. Вунь хочуць устанавіць i ўжо дзейнічаюць на рысавых палях i лясных сцежках электронныя датчыкі, механічных сышчыкаў накідалі. Пройдзе побач штосьці цёплае, жывое — на інфрачырвонай плёнцы далёкага аэрадрома ўзнік пучок святла, адразу ўзняліся ў паветра нагружаныя смерцю самалёты. Не толькі спачування, але нават i нянавісці ўжо няма. Пучок святла на экране — якія тут могуць быць пачуцці?
Читать дальше