(Да гэтага часу не магу зразумець, чаму так дзіўна паводзілі сябе тыя, што абстралялі нас з-за стагоў. Магчыма, гэта быў варожы «сакрэт» , а не засада, i яны стралялі — i самі ж баяліся. Бо «сакрэт» павінен толькі назіраць, не выдаючы сябе. Але ж надта адкрытыя мы былі іхняму кулямёту на падсветленым полі — спакусліва!)
Нарэшце я адпаўзаю ад лесу, ад Рубяжа, ад жахлівых кашмараў — следам за каровай, тоненькія ногі якой зноў пачалі мясіць чарнату, патанаць за лініяй яркага гарызонта. Я валаку вінтоўку забітага, паўзу з цяжкой тупой абыякавасцю, раблю адзінае, што магу, не спадзеючыся ўжо ні на што.
Карова раптоўна замерла на месцы. Нахіліла галаву, панюхала гарызонт і, рэзка збочыўшы, пайшла ўлева i назад, зноў да лесу. Я таксама папоўз туды, напярэймы ёй. Карова зноў узышла на светлую палоску гарызонта, i таму, што гляджу на яе знізу, як з цёмнай ямы, здалася яна мне аграмаднай i зусім чорнай, нейкі зубр-перастарак, «адзінец» . Пот залівае вочы, мяшаецца з ліпкай крывёй, якою я вымазаў шыю, са жвірам, у якім пэцкаюся, — падобны на тапельца, што робіць апошнія безнадзейныя рухі. А карова наблізілася, мы блізка адно ад аднаго, ды яна зноў адыходзіць убок, метраў на сто ад мяне. Туды, да лесу, дзе стагі, дзе сядзяць немцы, i я нічога ўжо не магу! Паварушыцца не магу. Слёзы змяшаліся з брудным потам на маім твары, сцякаюць на ліпкую шыю. Я ўзяў камяк зямлі i квола шыбнуў услед карове, якая зблізу зноў выдае пляміста-белай, рэальнай — памахвае хвастом. Цяпер, аднак, яна — недасяжней для мяне, чым тады, калі апускалася за гарызонт. Повад, нібы здзекуючыся з мяне, матляецца ля яе пярэдніх ног.
Мне здалося, што мая крыўда, што мая нянавісць гэта зрабілі: карова раптам спатыкнулася, наступіўшы на повад, i стала, нюхаючы зямлю. Я па-драпежнаму пагробся да яе, невядома адкуль вярнулася да мяне ciла. Ад стомы зубы нясцерпна шчымяць, нібы хочуць вылузацца са сківіцаў. Я паўзу i скрыгачу зубамі i, абліваючыся не то потам, не то слязьмі, грабуся да гэтай гадаўкі, да гэтага забойцы, каб ухапіцца за повад i замерці,— ужо выратаваным. Хоць бы на адну-адзіную хвіліну замерці, нерухома ляжаць, ведаючы, што не ўцякае, што можна не варушыцца.
Караскаючыся, сапучы перад ёю, я палохаю карову, яна перастала скубці траву, глядзіць, слухае, гатовая адысці ўбок i ўцячы. Мокры i знясілены, я злосна шапчу салёнымі вуснамі: «Кароўка, кароўка, кароўка…» I яшчэ чамусьці: «Кось, кось, кось…» Але не каровай i не канём, a хітрым здзеклівым забойцам уяўляецца мне гэтая істота: яна заадно з тымі, што заселі каля лесу, за стагамі i зараз заб'юць мяне. Калi кранецца з месца, пачне ўцякаць, я ўскочу на ногі — няхай страляюць! Я цягнуся да повада, быццам ён мяне з прадоння выцягне, толькі б ухапіцца! Карова, трохі прывыкнуўшы да мяне, зноў жуе, повад матляецца ля зямлі, метраў за дзесяць ад мяне! — я бачу мутнаваты бляск яе вока i баюся глядзець, баюся напалохаць прагнасцю i злосцю, што ў маіх вачах. Я ўжо ўсміхаюся мокрай шчакой, шапчу нейкія словы, заміраючы ад пяшчоты i нянавісці. I ціхенька, ціхенька падпаўзаю, не перастаючы ўсміхацца i шаптаць.
Учапіўся за повад так, што карова спалохана рванулася, працягнула па зямлі маё стомленае i шчаслівае цела. Як хочаце цяпер, а я буду ляжаць! Ляжаць, ляжаць…
Тварам да заплямленага святлом неба, услухоўваючыся ў лясную цішу, шчасліва ўбіраючы ў сябе блізкае дыханне каровы, я ляжу i хвіліну, i другую. Месяц проста над маім пасвяжэлым тварам. На круглым дыску, як за матавым жоўтым шклом, знаёмыя з дзяцінства цені-сілуэты, i яны папраўдзе падобны на чалавечыя: i постаць таго, што падае, i таго, хто адхіснуўся, axoплены жахам…
Цяпер мы пасоўваемся так: я — задам, на баку, папіхаючыся локцем, вінтоўкай; карова, палохаючыся гэтай маёй позы i рухаў, то рвецца ўбок, то адстае, напінаючы повад, робячы кругі. Калі ворагі сочаць, ix, мусіць, дзівіць гэты цырк. А што калі яны ўзлескам ідуць туды, куды я паўзу, цягну карову? I недзе ўжо чакаюць там? А я спіной, задам — проста ў рукі да ix!
Не ведаючы, што рабіць, я лёг зноў, чакаю. Карова стаіць нада мной, спалохана напяўшы повад, у пуклявым воку яе чорна пераліваецца далёкае зарава. Раптам яно кругла ўспыхнула, каpoвiна вока, бліснула. Ракета, шчоўкнуўшы, павісла над тым месцам, дзе застаўся Рубеж. Другая — у наш бок. I тут жа — тонкі вогненны струмень. Колькі куль, хлюпнуўшы, упіліся ў каровіна цела. Яно нібы ікнула, вялікае i няўклюднае, глытнуўшы ix. Я таргануўся да яе, на дапамогу, быццам яшчэ мог нешта зрабіць, паправіць, карова таксама падалася да мяне i ўпала на ўраз аслаблыя пярэднія ногі. Шырока i да вусцішнасці па-чалавечы яна хістала галавой з боку ў бок, потым адкінулася на зямлю i замерла. Ногі зноў таргануліся, неспадзеўна i рэзка, балюча ўдарыўшы мяне па локцю, адштурхнуўшы.
Читать дальше