Раптам нешта хрумснула, карова спатыкнулася. Першая думка — ногі! Зламала!
Нас вадаспадам абхапіла святло ракеты, такое густое, сляпучае. Я яшчэ паспеў разглядзець каля самага лесу стагі сена. Азірнуўся i ўбачыў Рубяжа, на нагах, жывога. I адразу ж памчалі на нас, міма нас, праз нас вогненныя іголкі. Б'е кулямёт — ва ўпор, з-за стога плюючыся агнём. Здалося, дзесяткі гэтых настырна-тонкіх іголак праціналі прастору, якую ўсю заняло мае няўклюднае, аграмаднае, пазбаўленае апоры цела. Адпусціўшы повад, упаў на зямлю. Я ляжаў i вырываў са свядомасці гэтыя іголкі. Як стрэмкі, пераконваючы сябе, што жывы ж вось i нават не паранены!
Карова спакойна скубе траву — па гэтым слабым гуку зразумеў, што страляніны ўжо няма. Скончылася раптоўна, як i пачалася. Але блізкі лес ужо не здаецца збавеннем, ён пагрозліва, цяжка навісае над намі, распасцёртымі на зямлі. Рубеж ляжыць непадалёку ад мяне, нерухома i цярпліва. Я зрабіў спробу, не ўстаючы, злавіць карову за повад, што звісаў з яе шыі, але яна чмыхнула, падалася ўбок i пачала нюхаць зямлю. Не адважваючыся паклікаць Рубяжа, я папоўз да яго. I толькі калі быў зусім побач, падумаў благое: чалавек ляжыць тварам да зямлі, зімовая шапка, што ўпала з галавы, здаецца пустой, як пакінутае гняздо. Рука мая кранулася Рубяжовай галавы, валасоў, неспадзявана мяккіх i цёплых (гэта мае пальцы адзначылі, запомнілі!).
— Цімох! Цімох! — я чамусьці назваў яго па імені упершыню, i яно прагучала як чужое. Але гэта i быў ужо не Рубеж, а нехта, хто паявіўся замест яго. Рубеж пакінуў мяне аднаго — адзін на адзін з гэтым, перад самым лесам, дзе за стагамі стаіліся ворагі. З кожным імгненнем той, што ляжыць побач са мной, робіцца ўсё больш мёртвым, чужым. I рукі мае зрабіліся ліпкія i вялікія ад таго, што дакраналіся да яго. Я паспрабаваў забраць вінтоўку, але нерухомая рука не аддае, трымае моцна. Нібыта нехта раней мяне перахапіў вінтоўку.
Нібы даючы мёртваму яшчэ час для чагосьці, я пакінуў яму вінтоўку i тым часам пачаў выграбаць патроны з ягонай сумкі. У Рубяжа вінтоўка нямецкая, патрэбны i патроны нямецкія. Назапіхваў патроны сабе ў кішэню i зноў пачаў выслабаняць вінтоўку з мёртвае рукі. Рука пацягнулася следам за вінтоўкай i нарэшце адпусціла.
Я перапоўз у зарослую травой старую баразну, каб лепей было пасля адыходзіць i страляць, калі пойдуць сюды ад лесу. Успомніў i пашукаў позіркам карову. Яна хутка аддаляецца ад нас. Спачатку яна белая на цёмным фоне лесу, a калі выйшла на зарава, зрабілася, нібы вугаль, — чорная. Нават повад відзён, ён целяпаецца, звісае да зямлі. Ногі яшчэ ў цемені, а тулава, галава на фоне барвовага неба. Аддаляючыся, выцягваючы ногі з цемені, як з гразі, карова робіцца вышэйшай, вырастае. Тое, што карова ўцякла ад нас, адразу вярнула мяне да галоўнага, я падумаў пра «востраў» . Але той, хто ляжыць непадалёку, настойліва чакае ад мяне нечага. Я зноў папоўз да яго. Паспрабаваў, падбіўшы руку пад цяжкое, як гнёт, цела, цягнуць яго — наўздагон карове, i працягнуў ужо колькі, пакуль не зразумеў, што не гэта я хацеў зрабіць. Мёртвае цела чакала.
Карова ўсё чарнейшая i чарнейшая ад святла над гарызонтам i ўсё больш вырастае, хутка i весела вырываючы ногі з чарнаты. Я адклаў вінтоўку ўбок i pyкамі, зліплымі ў пальцах, падгарнуў колькі зямлі да Рубяжовых ног. Мёртвы зноў рабіўся Рубяжом, я ўжо звыкаўся з яваю, з думкай, што Рубеж забіты, мёртвы. Нагарнуў яшчэ зямлі, зрабіў гэта, нібы пытаючыся згоды ў мёртвага. А наша карова знікае, яе размывае святлом, i яна нібы растае, ногі ўжо не дастаюць да мігатлівай рысы гарызонта. Я ўстаў на калені i пачаў таропка гарнуць вільготны пясок, але яшчэ не ўкрываючы ім Рубяжа. Я гарнуў пясок рукамі, каленямі, грудзьмі, бадай што тварам, я нібы сам закопваўся ў зямлю i ўсё баяўся, што гэтыя мае паспешлівыя, парывістыя рухі зноў абрынуць на нас кулямётны агонь. Але чым вастрэй адчуваў сваю неасцярожнасць, тым неасцярожней, спяшаючыся, рабіў усё — назнарок, на злосць нечаму, камусьці… Пясок у мяне ў роце, за каўняром, у валасах. Нарэшце я наважыўся, адным рухам нагарнуў канец жвіру на мёртвага Рубяжа. Я рабіў гэта, стараючыся не глядзець, не думаць, хутка, таропка, каб скончыць, не адчуўшы ўсяго. З нейкага імгнення ўжо не дазваляў падступіцца да сябе ўсяму, што адбылося: я быў перапоўнены, a лішак выцякаў цераз край. На шчасце, для чалавека такое магчыма.
Мокры, абліваючыся брудным потам, я застаўся адзін сярод поля. Я так спяшаўся засыпаць пяском, хутчэй прыхаваць мёртвае цела, каб адарвацца ад гэтага месца, паўзці за нашай каровай, але вось скончыў i ляжу нерухома. Усё раптам здалося такім нерэальным, захацелася проста перачакаць, пакуль усё мінецца само па сабе. Я безуважна гляджу, як знікае карова, тоненькія ногі зусім не кранаюцца зямлі, яна імі жвава перабірае, адштурхоўваецца ад святла, — мігатлівае, яно лёгкай парай расплываецца над гарызонтам.
Читать дальше