Гэты супрацоўнік, ён ужо ж у другім, не «праскрыпцыйным» , спісе. Або прарываецца — у патрэбны, зарабляе права. Магчыма, зусім нармальны з пункту погляду медыцыны чалавек. Але ў тым жа i справа, што наяўнасць супербомбы i народжаная ёю «бункерная псіхалогія» , усе надзеі на тое, што «вайны ніхто не хоча» , робяцца надта хісткімі. Гітлеры, палпоты, яны зноў тут, на планеце — у гэтай самай бомбе. Не адыходзіць, i тут не адыходзіць ад рэальнасці, ад прыўды, усёй праўды! {7} 7 Сёння, калі ўжо прагучала найгуманная прапанова, якая так падбадзёрыла ўвесь свет, — паэтапна ачысціць планету ад зброі Генацыду, неяк няўтульна адчулі сябе «бомбапаклоннікі». Але робяць выгляд, што нічога не змянілася: як раней, «гарантам міру» называюць… бомбу. Бомбу — «кальтэнбрунэра», бомбу — «гімлера», бомбу — «гітлера». Так, гэтыя зберагуць!..
Даць, даць ёй выбухнуць, не бомбе — праўдзе! У нас выбухнуць — у літаратуры, кіно, у мастацтве. Каб як мага больш людзей успрынялі ўсю праўду, не ўхіляючыся ад яе, — вось першае і, мусіць, галоўнае сёння, да чаго абавязвае пісьменніка сама сітуацыя ў свеце.
Сапраўды, яшчэ раз праў Дастаеўскі, у якога раптам вырвалася: праўда вышэй за Пушкіна, вышэй за народ, вышэй за ўсё! Таму, відаць, што яна — сама ўмова існавання i «Пушкіна» (мастацтва) i нашага роду (на-роду).
Які, які яшчэ аргумент паслаць у бок «бункерных душ» ?
Пасля ўсіх папярэджанняў вучоных. Пра ўсюдыісную, усёпранікальную (на дзвесце, на трыста год наперад) смяртэльную радыяцыю ад разбомбленых рэактараў — i пісалі, i гаварылі. Пра бясконцую ядзерную ноч i ядзерную зіму? — таксама вядома. Вучоныя прадказвалі, а цяпер ужо выяўляюць, што разбурэннем азоннага пласта, які адсякае ад нас ультрафіялетавую радыяцыю на высотах ад 17 да 25 кіламетраў, ствараюцца ўмовы для ўтварэння ў атмасферы фасгену (БАР — баявога атручальнага рэчыва!) i яшчэ больш небяспечных атручальных газаў.
Любое прымяненне ядзернай зброі літаральна сарве азонны шчыт, які жывому дазваляе жыць. I павіснуць над усёй планетай новыя БАР. Таксама на цэлыя дзесяцігоддзі.
Альберт Эйнштэйн разгадаў i вызначыў матэрыю як «застылую» энергію (Е=мс2), i адразу вучоныя занепакоіліся: а як чалавек распарадзіцца сваім лёсам, калі даступнай яму стане тая энергія, якая літаральна «пад нагамі» ў яго?
Нямецкі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Вальтэр Нернст папярэджваў у 1921 годзе: «Можна сказаць, што мы жывём на востраве, зробленым з піраксіліну… Але, дзякуй богу, мы пакуль яшчэ не знайшлі запалкі, якая падпаліла б яго» {8} 8 Юнг Р. Ярче тысячи солнц: Повествование об ученых-атомниках. М., 1961. С. 17.
.
Роберт Юнг у кнізе пра самую, мусіць, трагічную ў гісторыі чалавечай думкі старонку — пра стварэнне самазабойчай ядзернай зброі, піша i пра такія вось сумненні, якія ўзнікаюць пры распрацоўцы ўжо вадароднай бомбы: «Сярод пытанняў, якія належаць разгляду, адно было асабліва злавесным. У Берклі (дзе ў Каліфарнійскім універсітэце амерыканскія вучоныя-фізікі раіліся па пытанні «аб стварэнні найлепшага тыпу атамнай бомбы». — A. A.) успаміналася пра тое, што тэрмаядзерныя працэсы, аднойчы пачаўшыся ў выніку выбуху бомбы (вадароднай), маглі распаўсюдзіцца на атмасферу i воды зямнога шара. Нястрымная ланцуговая рэакцыя, народжаная супербомбай, магла за кароткі час ператварыць увесь зямны шар у палаючую зорку» {9} 9 Тамсама. С. 224.
.
Разважалі, прыкідвалі, тэарэтызавалі — не павінна б! Рызыкнулі на практыцы праверыць свае разлікі. Ну, а каб не сышлася задача з адказам?.. Людзі, чалавецтва нават не падазравалі, якія эксперыменты за спіной у ix рабіліся — з ix планетай.
Ну, а каб колькасць перайшла ў якасць — пры адначасовым выбуху соцень, тысяч такіх бомбаў? Не павінна б?.. Ды хто мае права гадаць, прыкідваць i рызыкаваць пры гэтым усім, што нікому паасобку не належыць?!
За пасляваенныя сорак год узарвана 1500 ядзерных устройстваў. (Адна трэць — у адкрытай прасторы, дзве трэці — пад зямлёй.) Ніводзін вучоны не можа паручыцца, што адначасовы залп такой колькасці ядзерных зарадаў не ўцягнуў бы ў адзіную ланцуговую рэакцыю інертныя элементы, рэчывы планеты. А тым больш — дзесяткі тысяч зарадаў, якія могуць выбухнуць у любы момант. Якія ўжо тут «выжывалкі» ? За пэўным «болевым парогам» Зямля сама можа ператварыцца ў звышбомбу, за выбухам якой таксама невядома што паследуе, адбудзецца — ужо з Сусветам. Так гэта ці не так — хто мае права эксперыментаваць?
Читать дальше