Рыбак жа апаныў душой і думаў з трывогай: трэба змывацца. Можа, вось там, на паваротцы, скочыць за плот і па-за хляўком перабегчы садок, яшчэ адолець плот і прарвацца з мястэчка? Добра, каб блізка быў які лес ці хоць бы хмызняк або раўчак. Або каб дзе ў двары папаўся пад рукі конь.
Рыпаў снег пад падэшвамі, паліцаі ішлі па-армейску ў нагу, поруч па тратуары крочыў старшы — ладны вайсковец у апярэзаным рамянямі паліцэйскім шынялі. На баку яго целяпаўся нізкавата падвешаны міліцэйскі наган у пацёртай скураной кабуры з меднай праціркай наперадзе. За мастком пярэднія сцішылі крок, нехта там замінаў іх калоне, і старшы пагрозліва крыкнуў. Яны трохі пацясніліся, размінаючыся, — нейкі дзядзька ў пустых развальнях нерастаропна збочваў пад самыя вокны ашалёванай, урослай у зямлю хаціны. І Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасці свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані — можа б, і вырваўся. Але дзядзька!.. Прытрымліваючы нецярплівага маладога коніка, той азірнуўся на іх начальніка і ўсю іх калону, і, мабыць, міжвольна ў тым яго позірку пыхнула такая нянавісць да іх, што Рыбак зразумеў: не, з гэтым не ўдасца. Але з кім тады ўдасца? І яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі — няма куды. З гэтага строю дарогі да ўцёкаў няма.
Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:
— Ты што?
— Анічога.
— Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.
Рыбак, аднак, змоўчаў, усё болей выразна разумеючы, што з уцёкамі скончана, што гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі.
Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было — ён гінуў усур'ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама.
Узрушаны і анямелы, ён аніяк не мог даўмецца, як гэта сталася і хто ў тым вінаваты. Немцы? Вайна? Паліцыя? Вельмі не хацелася вінаваціць сябе і дужа карцела ўскласці віну на іншых — на час, на абставіны. Ды і сапраўды, у чым быў вінаваты ён сам? Хіба ён выбраў сабе такі лёс? Хіба ён не змагаўся да самага канца? Болей і напружаней, чым нават гэты разумнік Сотнікаў? Зрэшты, з усіх у ягоным няшчасці найболей быў вінаваты Сотнікаў. Калі б ён не захварэў, не падлез пад кулю, не вымусіў столькі валэндацца з сабой, Рыбак, мусіць, даўно быў бы ўжо ў лесе. А цяпер вось таму дык усё роўна ў вяроўцы на браме, а яму як, жывому?..
Усё ўвачавідкі рушылася, гінула, здабытае цаной такіх намаганняў у барацьбе за самае дарагое — жыццё. І на чорта яму цяпер тое жыццё? Каб служыць немцам?
У бязладным цягучым одуме, ад якога блыталася, цьмела свядомасць, Рыбак датупаў з калонай да знаёмых варот паліцыі. На вялікім двары іх спынілі, па камандзе звыкла павярнулі да памяшкання. Ля ганка ўжо стаялі начальнік, следчы Партноў і двое ў нямецкай вайсковай форме. Старшы паліцай зычна далажыў, што каманда з ліквідацыі прыбыла. Начальнік прыдзірліва агледзеў калону.
— Вольна! Дваццаць хвілін перакур, — сказаў ён і позіркам зачапіўся за Рыбака. — Ты зайдзі да мяне.
— Ёсць! — мярцвеючы ад чагось непазбежнага, што зусім падступіла да яго, буркнуў Рыбак.
Сусед таўхнуў яго локцем у бок.
— Яволь, а не ёсць. Прывыкаць нада.
«Пайшоў ты к д'яблу! — вылаяўся ў думках Рыбак. — І наогул хай усё ідзе к д'яблу. У тартарары. Навек!»
Каманду распусцілі. Рыбака ўсё болей апаноўвала разгубленасць, ён кідаў наўкола здзічэлыя позіркі і не ведаў, куды падацца. Вакол гаманілі, тапталіся паліцаі, лязгала зброя, у паветры запахла салодкім дымком цыгарэт. Накаторыя скіравалі ў памяшканне, адзін павярнуў да вузкай дашчанай збудоўкі з дваімі дзверкамі на драўляных закрутках. Рыбак бокам таксама падаўся туды.
— Эй, ты! Куды?
Ззаду з чуйнай устрывожанасцю ў вачах стаяў Стась.
— Зараз. На хвілінку.
Здаецца, ён сказаў спакойна, стаіўшы ў сабе свой адзіна магчымы цяпер намер, і Стась адвярнуўся да купкі сяброў: там абмяркоўвалі акцыю. Але к д'яблу! Усіх і ўсё! Рыбак ірвануў скрыпучыя дзверы, зашчапіўся на драцяны кручок, паглядзеў угору. Столь была невысокая, але, мабыць, для яго справы вышыні хопіць. Між няшчытна пакладзеных дошак чарнелі пасткі толю, за папярэчыну лёгка можна было прадзець папружку. Са злоснай рашучасцю ён расшпіліў кажушок і раптам схамянуўся — папружкі на штанах не было. І як ён забыўся, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.
Читать дальше