Значыць, невядомасць, цемра, забыццё — назаўжды, без удзячнасці і ўзнагароды?
І ўсё роўна згадзіцца з Рыбаком ён не мог, гэта супярэчыла ўсёй яго чалавечай сутнасці, яго веры і ягонай маралі. І хоць нешырокае кола ягоных магчымасцяў усё вузела, і нават хуткая смерць нічым ужо не магла пашырыць яго, усё ж адна магчымасць яшчэ аставалася. Ад яе ён ужо не адступіцца. Яна, адзіная, сапраўды залежала толькі ад яго і нікога болей, толькі ён распараджаўся ёю, бо толькі ў яго ўладзе было адысці з гэтага свету з уласцівай чалавеку годнасцю. То была апошняя міласць, святая раскоша, якую, бы ўзнагароду, даравала яму жыццё.
Па адным іх пачалі разводзіць уздоўж шыбеніцы. Пад крайнюю ад начальства пятлю паставілі аціхлага, засяроджанага ў сабе Пётру. Сотнікаў зірнуў на яго і вінавата паморшчыўся. Учора ён шкадаваў, што Рыбак не застрэліў гэтага старасту, а цяпер вось давядзецца разам загойдацца на адной перакладзіне. Вось і зразумей, дзе сябра, а дзе вораг, падумаў ён, маючы на ўвазе Рыбака. Зрэшты, ён пераканаўся ўжо, што на вайне прычынай подласці бадай заўжды бывае баязлівасць, як бы яна ні называла сябе.
Тым часам Пётра палез на ўслон, але той скасабочыўся і ледзь не паваліўся пад яго каленямі. Тады Будзіла, які, мабыць, і тут быў галоўны ў сваёй катоўніцкай справе, вылаяўся, сам ускочыў наверх і за каршэнь узвалок туды Пётру. Былы стараста засцярожліва выпрастаўся і, не падымаючы галавы, стрымана, нібы ў царкве, пакланіўся людзям. Потым на ўслон пхнулі Басю. Тая хуценька ўзлезла на сваё месца і, пераступаючы змёрзлымі парэпанымі нагамі, з палахлівай дзіцячай цікаўнасцю пачала азіраць натоўп ля штыкетніка, нібы выглядвала там знаёмых.
Услона на ўсіх, аднак, не хапіла. Пад наступнай пятлёй была пастаўлена жоўтая скрынка, а на астатніх двух месцах тырчэлі ў снезе паўметровыя, мабыць, нядаўна адпілаваныя ад бервяна, цурбаны. Сотнікаў падумаў, што яго паставяць на скрынку, але там пакінулі Дзёмчыху, а яго Рыбак з паліцаем павалаклі да цурбаноў.
Ён яшчэ не дайшоў да свайго месца, як ззаду пачуўся здзічэлы крык Дзёмчыхі. Ад нечаканасці Сотнікаў азірнуўся — жанчына, упіраючыся нагамі, усяляк адбівалася ад паліцаяў — не хацела лезці на скрынку.
— Ай, паночкі, даруйце! Даруйце дурной бабе, я ж не хацела, не думала…
Яе плач заглушылі злосныя крыкі начальства, нешта скамандаваў Будзіла; паліцай, што вёў Сотнікава, кінуў яго на Рыбакову апеку, а сам падаўся да Дзёмчыхі. Усёй грамадой яны пацягнулі жанчыну на скрынку.
Рыбак, астаўшыся з Сотнікавым, не надта ўпэўнена падвёў яго да таўсцейшага, крайняга ад штыкетніка, цурбана і спыніўся. З аркі над ім звісала новенькая, як і ва ўсіх, пяньковая ўдаўка з вузкавата зашморгнутай пятлёй, якая ціха раскручвалася ўгары. У Сотнікава ад знямогі памутнела ўваччу — трэба было хутчэй узлазіць на цурбан, а зрабіць гэта аднанож было не дужа ўпраўна. Некалькі часу ён памарудзіў, пакуль у свядомасці не бліснула роспачнае, як лаянка: «Ах, была не была!» Тады ён кінуў Рыбаку, які паныла аслупянеў побач: «Трымай!» — і здаровым каленам дацягнуўся да зрэзу-тарца, ужо заследжанага брудным адбіткам чыесь падэшвы. Рыбак тым часам апусціўся на снег і аберуч ашчаперыў падстаўку. Дзеля раўнавагі Сотнікаў трохі абапёрся аб яго локцем, напружыўся і неяк ускараскаўся наверх.
Хвіліну ён ціхенька стаяў, вузка саставіўшы ступні на круглым нешырокім зрэзе, і думаў: «Каб толькі не ўпасці». Патыліца яго ўжо адчула пятлю, якая ціхім дотыкам шорхала па валасах. Унізе напружылася шырокая Рыбакова спіна ў кажушку, скарэлыя яго рукі шчыльна аблапілі хваёвую кару цурбана. «Выкруціўся, сволач!» — нядобра падумаў Сотнікаў, нібы з зайздрасцю, і на момант сумеўся: ці трэба так? Цяпер, у апошнія імгненні свайго жыцця, ён нечакана ўсумніўся ў сваім заўсёдным праве — нароўні з сабой патрабаваць ад іншых. Сапраўды, як было ў такі момант чакаць чагось высакароднага ад гэтае затузанай жыццём цёткі? Зноў жа — і Рыбак. Мабыць, ён быў неблагі партызан, умелы малодшы камандзір у войску, ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці.
Ззаду ўсё білася, галасіла, ірвалася з рук паліцаяў Дзёмчыха, нешта сабраўся чытаць па паперцы немец у рудых пальчатках — прыгавор ці, можа, страшыць людзей іхняю карай. Ішлі апошнія секунды жыцця, і Сотнікаў, прыткнуўшыся на цурбане, прагным апошнім позіркам міжвольна ўбіраў у сябе несамавітую аздобу звыклай з дзяцінства местачковай вуліцы з гаротнымі постацямі людзей, хілымі дрэўцамі, паламаным штыкетнікам, гарбячком намёрзлага лёду пад жалезнай калонкай. Праз настылае голле сквера праглядвалі аблупленыя сцены недалёкай цэркаўкі з абадраным счарнелым дахам, без крыжоў на двух аблезлых зеленаватых купалах. Некалькі яе вузкіх акенцаў былі нядбайна забіты неакоранымі аполкамі.
Читать дальше