Яны пляліся далей. Сотнікава ступня, нібы пратэз, нягнутка выкручвала ямкі ў рыхлым, расцёртым палоззем і конскімі капытамі снезе, нага гарэла пякучым нутраным болем і нязграбна падпарадкавалася яму. Відаць, ён усё ж перабольшваў свае сілы, калі ў пачатку наважыўся ісці сам, — цяпер ён амаль віснуў, падчэплены пад паху цвёрдай рукой Рыбака. Ад мосціка было трошкі ўгору, і стала яшчэ трудней, дыханне яго захліпалася, дарога слізгала з-пад ног. Ён спалохаўся, што не дойдзе, упадзе, тады прыб'юць на дарозе, як апошняга «дахадзягу», у канаве. Не, гэтага ён не мог дазволіць сабе, гэта было занадта. Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнаю мэтай яго апошніх хвілін.
Па дарозе яны ўзышлі на пагорачак, параўняліся з беленай камяніцай і сталі. Сотнікаў, трудна выдыхнуўшы, прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць далей. Але канвойныя паліцаі таксама сталі, наперадзе пачулася нямецкая мова — некалькі чалавек, мабыць, начальства, асобнаю купкай чакалі каля будыніны. Насупраць цераз вуліцу ля штыкетніка, што агароджваў сквер, ля дзвюх аблезлых будак-ларкоў застылі ў нядобрай страхавітай увазе пяць-шэсць дзесяткаў людзей, якія таксама чагось чакалі. Стала падобна, што іх невялікая працэсія дашкандыбала да прызначанага ёй месца — дарогі далей ужо не будзе.
І тады Сотнікаў убачыў вяроўкі.
Пяць гнуткіх, дбайна завязаных петляў ціха пагойдваліся па-над вуліцай, нібы дэманструючы перад усімі адмысловую моцнасць тоўстых, спрытна завязаных вузлоў. Віселі яны на папярочыне старой, яшчэ даваеннай вулічнай брамы. Такая самая брама-арка была некалі і ў іх гарадку. Перад святам яе абкручвалі дзеразой ды хвояй, прыбівалі ўгоры лозунг, напісаны чарнілам на гладкім баку шпалерыны. Побач, на плошчы перад райвыканкомам, збіралі святочныя мітынгі, і праз невысокі пралёт той аркі ішлі калонамі вучні з дзвюх школ, рабочыя льнозавода, гуты і тарнага камбіната. Наверсе, на крыжавіне, звычайна гарэла зорка або трапятаў на ветры сцяжок, якія надавалі асаблівае хараство і закончанасць усяму гэтаму збудаванню. Цяпер жа там не было нічога, толькі з-пад счарнелых рэек-лучын выглядвалі парудзелыя папяровыя абрыўкі ды на слупе матляўся ад ветру нейкі аблезлы ласкут памерам з ражок піянерскага гальштука. Акупанты прынеслі на арку сваю аздобу — гэтыя пяць новенькіх, мабыць, спецыяльна дзеля таго выпадку выпісаных са склада, вяроўчын. Значыць, іх будуць вешаць. А ён думаў — расстрэльваць.
Двое — паліцай і яшчэ нехта ў шэрай суконнай паддзёўцы — няслі цераз вуліцу тоўсты стары ўслон, і Сотнікаў здагадаўся, што гэта для іх. Каб дастаць да пятлі, перш чым загойдацца, збочыўшы на плячо голаў, — бездапаможна, пакорліва, безгалоса. Яму зрабілася да жаху брыдка і боязна ад аднаго толькі ўяўлення пра сябе павешанага ды і ад усяе гэтай старанна падрыхтаванай расправы. За час вайны ён і не падумаў пра магчымасць іншае смерці, чым ад асколка ці кулі, і цяпер усё ў ім інстынктыўна запратэставала супроць гэтага ўдушэння пятлёй.
Але ён нічым не мог памагчы ні сабе, ні іншым. Ён толькі ўгаворваў сябе ў думках: нічога, нічога!.. Урэшце, гэта іх права, іх звярыны звычай, бо тут іх улада. Выбар спосабу кары — заўжды прэрагатыва катаў. Цяпер апошні яго абавязак — трываць з яснаю ўпэўненасцю ў сабе, без ценю страху ці шкадавання. Хай вешаюць.
Услон там ужо, мусіць, паставілі. Вёрткі, увішны Стась, а таксама тоўсты, неахайна нізка падпяразаны па шынялі Будзіла і іншыя паліцаі з канвою павялі іх пад арку. Наступаючы на закасцянелую ступню, Сотнікаў прыкінуў: аставалася крокаў пятнаццаць-дваццаць, і ён адабраў у Рыбака руку — хацеў дайсці сам. Яны пратупалі сярод паліцаяў, паўз групу нямецкага і штацкага начальства, якое тоўпілася пад сцяной будыніны. Пачынаўся спектакль, мясцовая паліцэйская самадзейнасць на нямецкі манер. Начальства цярпліва чакала, некаторыя хмурыліся, а іншыя нязлосна перагаворваліся, нібы сышліся па будзённай, не дужа пільнай патрэбе і хутка вернуцца да сваіх звыклых спраў. Ад іх несла пахам цыгарэт, адэкалону, чуліся ўрыўкі размоў. Сотнікаў, аднак, не пазіраў туды — датупаўшы да слупа аркі, прысланіўся да яго плячом і ад знямогі прыплюшчыў вочы.
Не, мабыць, смерць нічога не вырашае і нічога не растлумачвае. Толькі жыццё дае людзям пэўныя магчымасці, якія здзяйсняюцца імі або прападаюць марна; толькі жыццё можа процістаяць злу і несправядлівасці. Смерць — нішто. І калі таму лейтэнанту ў хвойніку праз сваю пагібель удалося чагось дамагчыся для іншых, дык ці на тое ён разлічваў?..
Читать дальше