— Дык я ж сказала.
— Лжэш! Тарасюк!
Тарасюк, які напагатове стаяў за спіной жанчыны, усё зразумеў і ўчэпіста схапіў яе за рукі.
— Я ж сказала! Я сказала вам!! — закрычала Дзёмчыха. — Ах, каб вас пярун забіў! Што вы робіце? У мяне ж дзеці…
— Цыц, сука! — гыркнуў паліцай, бязлітасна падламваючы яе рукі. Дзёмчыха заенчыла, але хутка ўсё было скончана, і ён штурхнуў яе ад сябе. — Гатова!
— Вядзіце! — сказаў Партноў і павярнуўся да Рыбака. — Вы падсабіце таму, — паказаў ён на Сотнікава.
Рыбаку гэта мала спадабалася, ад Сотнікава цяпер ён хацеў трымацца далей. Але загад ёсць загад, і ён з гатоўнасцю падскочыў да нядаўняга свайго напарніка, узяў яго пад руку.
Праз шырока расчыненыя вароты іх павялі на вуліцу. Паліцаі з вінтоўкамі напагатове ішлі па абодва бакі, група начальства трохі прыадстала, прапускаючы іх наперад. Першы ішоў Пётра, высокі і стары, з белаю без шапкі галавой і заламанымі назад рукамі. За ім, давячыся ў плачы ад свае трагічнае роспачы, плялася Дзёмчыха, поруч у нейкай світцы з доўгімі рукавамі хуценька пераступала голымі нагамі апанураная Бася.
Рыбак падтрымліваў пад руку Сотнікава, які неяк увачавідкі сцяўся, яшчэ болей змарнеў і, пакутліва кашляючы, стыргікаў на адной назе. Счарнелая яго босая ступня, нібы нежывая, нягнутка калупала пальцамі снег, пакідаючы ў ім ненатуральны па зіме след. Сотнікаў маўчаў, ні словам болей не абзываўся да Рыбака, і Рыбак не наважваўся загаварыць з ім. Ідучы разам, яны ўжо сталі па розныя бакі той рысы, якая раздзяляла людзей на сяброў і ворагаў. Рыбак хоць і адчуваў, нібы ён у чымсь правініўся, стараўся пераканаць сябе, што вялікай віны ў яго няма. Вінаваты той, хто нешта робіць для выгоды сабе ці па сваёй злой волі для іншых, а ў яго хіба выгода? Проста ён меў болей магчымасцяў і схітрыў, каб выжыць. Але ён не здраднік. Ва ўсякім разе, служыць ворагам ён не збіраўся. Ён усё чакаў, каб падпільнаваць зручны момант, можа, цяпер, а можа, трошкі пазней, — і толькі яны яго ўбачаць.
Сотнікаў усё болей выразна адчуваў, што не дамогся нічога. Ягоны намер, які гэтак натуральна вынік уначы і прынёс яму заспакаенне, лопнуў, як мыльная бурбалка. Відаць, ён чагосьці не зразумеў або недадумаў, магчыма, ён перацаніў уласную вартасць або недацаніў нізасць гэтых прадажнікаў. Вядома, паліцыя была марыянеткай у руках у немцаў і таму ігнаравала яго паведамленне — напляваць ёй на тое, хто з іх двух вінаваты, калі прыйшоў адпаведны загад або з'явілася патрэба ў ахвярах.
Люта пакутуючы ад болю ў назе, Сотнікаў ледзьве плёўся за ўсімі, стараючыся не надта апірацца на чужую цяпер і агідную яму Рыбакову руку. З усяе сілы ён намагаўся ісці сам. Тое, што адбылося ў двары паліцыі, зусім збянтэжыла яго — такога ён не прадбачыў. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Інакш ён мог бы ўжо сотні разоў перабегчы ў паліцыю; ды і каб спалохацца, было нямала выпадкаў, аднак заўжды ён трымаў сябе, прынамсі, не горш за другіх. Тут жа, напэўна, чагосць не хапіла яму — вытрымкі ці прынцыповасці. А можа, справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Але ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру.
Гарачлівая ўзрушанасць яго паступова сціхала, ён мусіў мірыцца з непазбежнасцю і ў дадатак да ўсяго пачынаў пакутаваць ад сцюжы. Ад слабасці на лобе выступіў пот, які паволі сох на марозным ветры, і галава ад таго калела да ламаты ў мазгах. І наогул вецер, здаецца, дашчэнту выдзьмуваў з яго ўсё назапашанае за ноч цяпло, цела зноў пачала біць дрыготка. Але ён стараўся датрываць да канца.
На пустой местачковай вуліцы яны перайшлі масток без пярылаў, далей з аднаго боку пачынаўся вузенькі скверык з натапыранай блытанінай марознага галля ўгары. Наперадзе на пагорачку стала відаць белая двухпавярховая камяніца; шырокае палотнішча фашысцкага сцяга трапяталася на яе рагу — мабыць, гэта была тутэйшая ўправа ці камендатура. Ля камяніцы варушыўся натоўп людзей. Згледзеўшы іх цераз голавы пярэдніх, Сотнікаў падзівіўся: якая патрэба сабрала іх столькі ў адно месца? Пасля ён падумаў, што, мажліва, сёння кірмаш. А можа, што здарылася? Ці, хутчэй за ўсё, сагналі насельніцтва, каб запалохаць расстрэлам? Калі так, хай страляюць, ім яшчэ лягчэй будзе прыняць смерць на людзях. Што ж да страху, дык яго і так хапае на вайне, і тым не менш барацьба разгараецца. На змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца.
Читать дальше