— Не надта адаб'ешся, — сказаў Сотнікаў.
Гэта так, сапраўды, з дваццаццю патронамі доўга не пратрымаешся, але іншага выйсця ён не знаходзіў.
— І адкуль іх д'ябал прынёс! — Рыбак з новаю сілай пачаў перажываць іх няшчасце. — Во ўжо напраўду: бяда адна не ходзіць.
Сотнікаў маўчаў, немалым намаганнем душачы ў сабе стогны. Яго счарнелы на сцюжы, спакутаваны твар з заінелым ад дыхання шчаціннем раптам здаўся Рыбаку амаль незнаёмым, чужым і адразу выклікаў у яго нейкія благія прадчуванні. Рыбак падумаў, што справы напарніка, відаць, сапраўды кепскія, і міжволі пашкадаваў небараку таварыша.
— Вельмі баліць?
— Баліць, — буркнуў, мабыць, каб адчапіцца ад яго, напарнік.
— Трывай, — грубавата сказаў Рыбак. Ён сеў на снезе і пачаў заклапочана прыглядацца да мясціны, якая была зусім незнаёмая яму: нейкае пагоркавае поле, недалёкі лес ці гаёк, а дзе быў вялікі лес, аб тым ён не меў ніякага ўяўлення. Ды і наогул, закруціўшыся ў гэтай пагоні, ён перастаў разумець, дзе яны цяпер і ў якім напрамку трэба ісці, каб выбрацца да сваіх.
Гэта выклікала ў ім новы клопат і адазвалася ў душы новай трывогай — не хапала яшчэ заблудзіць уначы. Ён хацеў загаварыць аб тым з Сотнікавым, але той ляжаў побач, нібы не адчуваючы ўжо ні трывогі, ні сцюжы, якая рабілася ўсё болей нясцерпная на гэтым марозлівым ветры. Разгарачанае на хадзе цела вельмі хутка пачаў прабіраць мароз. Нейкі час, аднак, знямога ўладна прыкоўвала іх да зямлі, і Рыбак, углядаючыся ў змрочнае наваколле, пакутліва думаў, у які бок падацца.
Ён спрабаваў вызначыць гэта, марна аднаўляючы ў памяці іх блытаны шлях сюды, а яго інстынкт самазахавання ці, можа, страх незразумела штурхаў яго ў напрамку, процілеглым кустоўю, за якім іх дагналі паліцаі. Здавалася, паліцаі зноў паявяцца адтуль — значыць, трэба ўцякаць у другі бок.
Калі гэта адчуванне канчаткова завалодала ім, Рыбак устаў і закінуў за плячо абедзве вінтоўкі.
— Давай! Як-небудзь…
Сотнікаў пачаў пакутліва ўзграбацца на ногі, Рыбак і гэты раз падтрымаў яго, але калі той урэшце ўстаў, дык адразу вызваліў локаць.
— Дай вінтоўку.
— Што, пойдзеш?
— Паспрабую.
«Што ж, спрабуй», — падумаў Рыбак, з палёгкай аддаючы вінтоўку. Апіраючыся на яе, Сотнікаў няўклюдна застыргікаў, і яны памалу папляліся па снежным полі ў ноч.
Праз гадзіну яны ўжо добра адышліся ад таго балотца і брылі па пахілым даўгім касагоры. Ішлі надта марудна. Рыбак адчуваў, што неўзабаве пачнецца світанак, што мінаюць апошнія гадзіны ночы і што вельмі проста цяпер не паспець. Калі ранак застане іх сярод поля, тады ўжо, відаць, не выкруціцца. Яму ўвесь час карцела ісці шпарчэй, небяспека рупна падганяла яго, але Сотнікаў усё марудней перастаўляў ногі, часта спыняўся і зноў кашляў.
Увогуле, іх ратавала, мусіць, тая акалічнасць, што снег тут быў неглыбокі, ногі правальваліся, але не дужа, не тое што на балоце. Скрозь у доле шарэў быльнёг, дзе гусцей, а дзе зрэдку, па каліве, і Рыбак стараўся ісці па ім, там было найменш снегу. Ён не хацеў спускацца ў лог — баяўся засесці ў гурбах, на пагорках неяк было надзейней. Але іх след ззаду надта выразна азначаўся на касагорыне. Убачыўшы яго, Рыбак ажно жахнуўся: так проста было дагнаць іх цяпер, нават уночы. Азіраючыся назад, ён падумаў: якая б небяспечная ні была дарога, што ўжо ледзь не загубіла іх сёння, — зноў трэба выбівацца на яе, бо толькі на дарозе можна схаваць сярод іншых свой след.
І ён з надзеяй пачаў азірацца па баках — недзе ж павінна быць хоць якая-небудзь дарожка. Між тым наўкола ляжала чыстая снегавая разлога, сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы; у адным месцы здалёку невыразна зачарнелася штось паўзамеценае ў снезе. Падышоўшы бліжэй, Рыбак згледзеў, што гэта валун. Дарогі ж нідзе не было. Тады ён крута павярнуў угору — так было цяжэй, але падумалася, што, можа, наверсе, за пагоркам, яны ўбачаць лес. Можа б, тады ўдалося зашыцца ў яго, а паліцаі невядома яшчэ ці адважацца адразу сунуцца следам — мабыць, спярша разважаць, тым даўшы ім магчымасць адарвацца ад даганятых.
Рыбак не першы ўжо раз трапляў у такое становішча, ды заўжды неяк абыходзілася, найгоршае яго мінала. Галоўным у такіх выпадках былі хуткасць і спрыт, якія ратавалі яго і менавіта якіх цяпер яму не хапала. Неяк восенню ў Заселлі ягоны спрыт і знаходлівасць уратавалі жыццё пецярым хлопцам з разведкі, якія надумалі на світанні завітаць у знаёмую вёску. Ён выпадкам далучыўся да іх і надта не хацеў ісці ў тую вёску, але разведчыкі сказалі, што ўчора былі ў ёй — чужых там няма. Сумняваючыся ў тым, ён прамаўчаў. Па сцяжыне яны падышлі да ваколіцы; як заўжды, было страшнавата наткнуцца на засаду, але ля крайняе хаты ніхто ім не спаткаўся. Мусіць, які гультаяваты паліцай-вартавы таксама прытаміўся тырчаць на дарозе і на золку захінуўся дзе за вугал хаты. Цяпер ужо не згадаць, як і чаму тое здарылася, толькі варта было ім адысціся ад плота крайняе хаты ў глыб вёскі, як Рыбак пачуў кашаль. Наўкось цераз вуліцу ў двары два паліцаі запрагалі падводу, і іншыя нешта грузілі ў яе ў мяшках. Толькі ён згледзеў гэта, як ззаду вызверыўся жахлівы крык «Стой!» і грымотна ўдарыў стрэл. Паліцаі ў двары схапіліся за вінтоўкі, ён яшчэ паспеў гэта згледзець, а назад ужо не зірнуў — крыкнуў: «За мной!» — і нырнуў пад жардзіну ў плоце. Хлопцы дружна рванулі следам, ззаду стралялі, але, мусіць, іх кепска бачылі, а яны, усе пяцёра, тым часам імчалі за хляўком па бульбоўніку. Хтось з паліцаяў таксама выскачыў на гарод, некалькі куль цвікнула зусім блізка, але хлопцы за якіх дзесяць секунд скаціліся з бульбоўніку ў равок і там былі ўратаваны. А каб ён на секунду замарудзіў, разгубіўся, кінуўся назад ці наперад, іх бы ўсіх і перастралялі на вясковай вуліцы.
Читать дальше