Некалькі доўгіх хвілін Сотнікаў самотна дрыжаў за дрэвам, час ад часу пазіраючы між хвой у другі канец могілак. Рыбак неўзабаве прапаў з яго поля зроку, але ў вёсцы было па-ранейшаму пустэльна і ціха, гэта абнадзейвала. Каб трохі лаўчэй палажыць параненую нагу, ён ухапіўся за шурпатую палку агароджы, і тая, ціха хруснуўшы, асталася ў яго руцэ з іржавым цвіком на канцы. Магілка была старая, даўно закінутая, у агароджы тырчалі з-пад снегу нейкія тры камяні, не было нават крыжа. Струхлелая загародка дажывала свой век, мабыць, гэта было апошняе, што асталося ад чалавека на зямлі. І раптам Сотнікаву стала надта самотна на гэтых могілках, сярод загародак, камення і пахілых крыжоў, гледзячы на якія, ён з маркотай падумаў: навошта? Калі нельга навек, нашто тады на некалькі год — каму гэта трэба? У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга, і ўся гэтая завядзёнка з помнікамі — хай сабе мармуровымі ці драўлянымі — не больш чым наіўная спроба чалавека прадоўжыць сваю прысутнасць на зямлі пасля смерці. Але хіба гэта магчыма? І навошта гэта патрэбна?
Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з'яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.
Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць — чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).
Трываючы сцюжу, Сотнікаў цярпліва пазіраў на край могілак, дзе адразу ўбачыў Рыбака, як толькі той паявіўся ад хаціны. Рыбак дбайна зайшоў ад поля, каб не відаць было з вёскі, і хуткім крокам кіраваў да напарніка. Праз хвіліну ён задышліва ўпаў пад хваінай побач.
— Здаецца, парадак. Панімаеш, там хата, клямка на шчэпачцы. Паслухаў, быццам нікога…
— Ну?
— Дык гэта, панімаеш… Можа, я цябе завяду, пагрэемся, а пасля…
Рыбак чагось змоўк, заклапочана паглядзеў у ранішняе поле, якое ўжо было відаць ва ўсю далячынь. Голас яго стаў трохі няпэўны, бы вінаваты, і Сотнікаў здагадаўся.
— Ну што ж! Я астануся.
— Да, знаеш, так будзе лепш, — прыкметна ўзрадаваўся Рыбак. — А мне трэба… Толькі дзе той лес, чорт ведае. Зблудзілі мы.
— Папытаць трэба.
— Папытаем… А ты, гэта, патрывай. Пасля, можа, пераправім куды.
— Ладна, нічога, — знарок бадзёрым голасам заспакоіў яго Сотнікаў.
— І не турбуйся, я дамоўлюся. Накажу, каб глядзелі, і наогул…
Сотнікаў змоўчаў. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы. Праўда, ён тут жа адчуў, што гэта — ягоная слабасць, можа, ад ператомы і знерваванасці. Чаго было крыўдаваць? Адносіны іх самыя раўнапраўныя, ніхто нікому не абавязаны. І так, дзякуй Богу, Рыбак зрабіў усё, што толькі было магчыма. Можна сказаць, уратаваў у самых безнадзейных абставінах, і цяпер настаў час развязаць яму рукі.
Читать дальше