— Што ж, тады пайшлі. Пакуль нікога няма.
Сотнікаў першы спрабаваў падняцца, але толькі варухнуў параненай нагой, як тая люта забалела, і ён прутка выцягнуўся на снезе. Усё ж неяк стрываў боль, сцяў зубы і, апіраючыся на хваіну, падняўся.
Ускрайкам могілак пад навіссю галін яны сышлі з пагорачка. Непадалёк трапілася добра ўтаптаная сцяжына, яна прывяла іх на голы, нічым не агароджаны падворак. Гэта была даволі вялікая, але старая хаціна з замазанымі глінай вугламі, выбітым і заткнутым нейкай зрабнінай акенцам. У счарнелым прабоі на дзвярах сапраўды тырчала наспех уваткнутая трэска — мабыць, нехта непадалёк выйшаў, і дома нікога не асталося. Сотнікаў падумаў, што так, можа, і лепш: абыдзецца без роспытаў і тлумачэння.
Рыбак выняў трэску, прапусціў у сенцы Сотнікава, дзверы ціха прычыніў знутры. У сенцах было цемнавата, пад сцяной стаялі нейкія кублы, вялікая, акутая ржавымі жалезнымі палосамі скрыня, а ў куце відаць былі жорны. Сотнікаў не раз ужо бачыў гэтую несамавітую вясковую прыладу малоць збожжа: два круглыя камяні ў скрынцы і прымацаваная недзе ўверсе палка-круцёлка. Маленькае, заплеценае павуціннем акенца ў сцяне дало ім згледзець дзверы ў хату.
Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы — тая была свежанапаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых — зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.
— Вы адны тут? — цвёрдым голасам запытаў Рыбак у дзвярах.
— Ну.
— А бацька дзе?
— Дык нетуці, — пачуўся дзіцячы голас.
— А матка?
— Матка ў дзядзькі Амялляна малоціць. На хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна.
— Ого, як ты разбіраешся! А то едакі спяць? Ладна, хай спяць, — сцішыў голас Рыбак. — Ты чым пакарміць нас знойдзеш?
— А бульбу мамка ўранку варыла, — ахвотна азвалася малое.
Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з'явілася гадоў дзесяці дзяўчынка ў даўгаватай паркалёвай сукенцы. Яна коратка зыркнула на Сотнікава жвавымі чорнымі вачанятамі, але не спалохалася, на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай. Каб не замінаць ёй, Сотнікаў крыху пасунуў убок сваю бедалагу-нагу.
Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было — яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.
— Ну, давай падрубаем, — падаўся да стала Рыбак.
Сотнікаў яшчэ не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.
— А хлеба няма? — запытаў Рыбак.
— Дык учора Лёнік усё з'еў. Як мамку ждалі.
Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала — занесла кудысь за перагародку і вярнулася.
— І даўно матка малоціць? — запытаў Рыбак.
— Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.
— Панятна. Ты — старшая?
— Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.
— Многа. А немцаў у вас няма?
— Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.
Толькі Сотнікаў з'еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы — ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.
Читать дальше