— А маці тваю як зваць? — хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.
— Дзёмчыха.
— Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?
— Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.
Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:
— Дзядзька, а вы парцізаны?
— А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.
— А вот ведаю, што парцізаны.
— Ведаеш, дык маўчы.
— А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?
— Ранілі ці не — аб тым ні гу-гу. Паняла?
Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.
— Я па мамку збегаю, добра?
— Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.
— …Халера на іх! Людзі мы ці…
— Былі людзі…
Але гэта ўжо не цяперашняе — гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэнанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар'яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес — рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.
Кажуць, гоняць расстрэльваць.
Яно падобна на праўду — тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, жыды і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры — пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол — як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі — цесненька, як і ішлі, на спякоце — і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.
Усе апошнія дні Сотнікаў быў нібыта ў прастрацыі. Ён мала што знясілеў без вады і харчу, дык яшчэ і зняверыўся ў людзях і сваім лёсе — пасля ўсяго, што здарылася, ужо не надта хацелася і жыць. Ад гарачыні ўнутры ўсё спрагла, але вады не было, як не было надзеі на які паратунак, і ён думаў: хай бы ўжо хутчэй стралялі, абы менш пакутаваць. Ён моўчкі, у паўзабыцці сядзеў так сярод цеснага гурту на калючай, сухой траве, без асаблівых дум у галаве і, мусіць, таму не адразу зразумеў сэнс ліхаманкавага шэпту побач:
«Хоць аднаго, а прыкончу. Усё адно…»
«Чакай, пабачым, што далей».
«Хіба не ясна што?»
Сотнікаў ціха скасіў позірк — той самы лейтэнант даставаў з-пад бінта на назе ножык — звычайны кішэнны складанчык велічынёй з палец, і ў ягоных вачах была такая роспачная рашучасць, што Сотнікаў падумаў: такога не ўтрымаеш! Мусіць, выскачыць і наробіць глупства, бо што ён яшчэ мог зрабіць тым складанчыкам? Той, да каго ён звяртаўся, — пажылы чалавек у камсастаўскай без пятліц гімнасцёрцы, — засцярожліва паглядваў на канваіраў — двое, паблізу сышоўшыся разам, прыкурвалі жоўтыя цыгарэты, адзін на кані трохі зводдаль пільна азіраў калону.
Яны яшчэ пасядзелі на сонцы, можа, хвілін пятнаццаць, пакуль ад пагоркаў не падалі каманду, і немцы пачалі паднімаць палонных. Сотнікаў ужо ведаў, на што наважыўся ягоны сусед, які цяпер пачаў неўпрыкмет забіраць з сярэдзіны калоны ўбок, бліжэй да канваіра. Канваір гэты быў дужы прыземісты немец, як і ўсе, з аўтаматам на грудзях, у прапацелым пад пахамі кіцелі; з-пад макраватай ад нізу суконнай пілоткі выбіваўся зусім не арыйскі — чорны, амаль смаляны чуб. Ён спехам дакурыў цыгарэту, цвыркнуў праз зубы і прыкрыкнуў на кагось у калоне, хто аслабела гробся, стараючыся падняцца з долу. Мусіць, ён хацеў падагнаць або выцяць палоннага і ступіў бліжэй. Якраз у той час лейтэнант, бы каршун, уссеў на яго ззаду і па самыя тронкі ўвагнаў складанчык у яго загарэлую шыю.
Немец коратка вякнуў і асеў на зямлю, нехта ў калоне крыкнуў: «Палундра!» — ці не той пажылы ў камсастаўскай гімнасцёрцы — і некалькі чалавек, бы іх хто спружынаю кінуў з калоны, пусціліся ў поле. Сотнікаў ад нечаканасці на імгненне нібы змярцвеў, а потым, падпарадкуючыся бязладнаму інстынкту самазахавання, не разбіраючы дарогі, таксама кінуўся прэч. Тады ж ён ледзь не наскочыў на лейтэнанта, які спярша таксама пабег, ды раптам спатыкнуўся, упаў на бок пад самыя ногі Сотнікаву і тут жа нажом шырока разануў сябе ўпоперак жывата. Сотнікаў пераскочыў цераз яго цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой, коратка бліснуўшы мокрым лязом, выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык.
Читать дальше