Кажухар зь Дзедам тым часам сядзелі наводдаль і ціха гутарылі. Зрэшты, болей мовіў пра сваё Кажухар, якому, не перастаючы, балела рука. Пасьля раненьня перавязаць яе не было чым, тады абкруцілі па локаць нейкай зрэбнай анучай, якая адразу набрыняла крывёй, затым зьверху скарэла, і Кажухар болей не адважыўся яе садраць. Дый навошта ўжо зьдзіраць, хутка павінна было ўсё скончыцца — і боль, і ўсё астатняе. Люляючы цяпер гэтае балючае за пазухай вальлё, паранены мерна пагойдваўся ад болю і празь сьлёзы ціха жаліўся Дзеду:
— Ну завошта такая доля, скажы? Хіба я… Проціў Бога, ці што? Ці супраць людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.
— Гэ, чаго захацеў! — зласнавата перапыніў яго Дзед. — Жыць!
— Ну. Жыць і то нельга.
— Было. Аджылі. А цяпер ляжам.
— Ляжам? Божа мой, Божа…
Кажухар, аднак, ня дужа бедаваў, што ляжа, спакутаваны ад болю, ён прагнуў аднаго — скончыць свае пакуты. Хаця б і ў магіле. Усё роўна жыцьцё спляжанае дарэшты. Некалі марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы, і нібы вол, ад зары да зары шыў кажухі, зьбіраў грошы. Абшыў кажухамі, лічы, такі горад, як Слуцак, а ягоная праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солі. Добра, што сын Уладзя, не глядзі што малады, а ўдаўся разумнейшым за бацьку, не падманіўся на ягонае рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго й даслужыцца, асабліва калі выб’ецца ў якое начальства ды паладзіць з бальшавікамі. Бацька во не паладзіў, за тое яму такая расплата.
Ад болю ды роспачы Кажухар і стагнаў, і круціўся ў доле. Вочы яго змакрэлі, і ён ужо не саромеўся тае макраты, не выціраў іх. А Дзед побач бы й не прыкмячаў таго, сядзеў, унурыўшыся нерухомым позіркам у дол, і моўчкі, пакутна перажываў нядаўняе мінулае, яшчэ да паўстаньня, калі ён быў дома і пасварыўся з жонкай. Брыдка пасварыўся, хоць і было за што. Жонка ў каторы раз зрабіла ня так, але ж… Гэтая жаласьлівая кабета заўжды кагось шкадавала — то дзяцей, то суседак, ды асабліва каго-небудзь з радні. Хто бяднейшы. А бяднейшым з усіх быў яе малодшы брат Сёмка, мнагадзетны і негаспадарлівы селянін, які звычайна зь Вялікадня сядзеў без кавалка хлеба. У Дзеда ў сьвіронку была прыхаваная тарбінка грэчкі, меўся па вясьне засеяць лапік ля сажалкі — ня ўсё ж душыцца бульбай ды крупнікам. Але во жонка, як яго не было дома, добра-такі адсыпала з тае тарбіны брату — бач, згаладнелі дзеці. Згаладнеюць, ведама, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы. I вось аддала пуд грэчкі, быццам самой непатрэбна. Дзеда гэта абурыла, проста ўзарвала, і ён даў добрага штурхаля жонцы, тая ўпала, загаласіла, а ён выскачыў на падворак, у самога аж трэсьліся рукі. Якраз трэба было зьбірацца ў полк на фармоўку, ён забег дадому за сякім-такім харчам, ды так і пайшоў улегцы, пад жончын плач. Спакваля, аднак, падабрэў, мінулася злосьць, і не шкада стала той грэчкі, а паскуднае пачуцьцё засталося, не міналася, нават расло з часам, і цяпер выбухнула, заглушыўшы ўсё іншае — ну трэба было? Гары яна гарам і грэчка, і ягоная ашчаднасьць. Ён гатовы быў аддаць усё, абы толькі засталася згода, дабрыня ды шкадаваньне адно аднаго. Бо чым цяпер жонка будзе памятаць яго? Тым грубым, злым штурхалём, ад якога паляцела ў кут?
Кепска, горка і балюча было на душы ў Дзеда. Калі б ня іх гэты канец, можа б, яшчэ і павініўся, і паладзіў з жонкай. Увогуле, яна была не злапомная, даравала рознае, ня першы раз. Але ўжо не павінісься — усё панясеш з сабой. На той сьвет. I ўсё праз гэтае іх жыцьцё, спрадвечную сялянскую галоту, якая душыла вяскоўцаў, не давала па-людзку жыць і нават па-людзку памерці.
— Божа міласэрны, маці-царыца нябесная, — са сьлязьмі шаптаў побач Кажухар. — Не пакінь нас, не адвярніся хоць у гэты астатні час…
— Успомніў! — зноў зласнавата буркнуў Дзед. — Як прыпячэ, тады ўспамінаем. Раней помніць трэба было.
— Ды ці я калі забываўся? Я заўжды помніў, маліўся…
— А цяпер маліся, не маліся — адзін канец.
— Ай, Божачка ты мой, Божачка! — ледзьве не екатаў Кажухар, усё люляючы руку. Так было яму балюча — і ад рукі, і на сэрцы, і хацелася спагады хоць бы ад таго, хто апынуўся тады бліжэй за іншых. Ды чалавек той, відаць, не прывык спачуваць. Зноў жа марна было цяпер спачуваць каму-небудзь — усе яны апынуліся ў аднолькавым гаротным стане і мелі аднолькавыя падставы для спачуваньня. Ад каго толькі? Хіба ад госпада Бога.
Мяцельскі капаў апантана, але, мусіць, трэба было глыбей, хоць няроўныя, абрушаныя берагі дасягалі яму пад пахі. Ды ён пачаў стамляцца, і камандзір, які прыкмячаў усё, кінуў Забелу:
Читать дальше