Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.
— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?
— На кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.
Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…
Па тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто, засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.
Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад’явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне, і незаконныя мэтады — і біў, і ламаў косьці — «даваў дразда». Але ж хіба ён адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, — стараліся, ня спалі начэй, выбівалі ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца — выкручваліся, ашуквалі сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць — і прызнаньне, і сьведчаньне, — прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў…
Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа і апраўдваўся — прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі, нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі, кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва ў саміх органах.
У машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.
— Гэтак! На кудыкіну, кажаце? — ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл. Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:
— Фэля, а Фэля?
— Ну! — пачулася здаля ў машыне.
Читать дальше